Гучна пра вайну і пра “ціхія зоры”

Апублiкавана: 01 лютага 2024 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

У зімовыя святы, калі ўсе мастацкія калектывы імкнуліся стварыць гледачам прыўзняты навагодні настрой, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы нагадаў пра гістарычную памяць — выпусціў прэм’еру “А зоры тут ціхія” паводле аднайменнай аповесці Барыса Васільева. 

Для працы над пастаноўкай быў запрошаны расійскі рэжысёр Дзмітрый Акімаў. Ён яшчэ ў верасні прыязджаў у тэатр правесці кастынг і размеркаваць ролі. А цяпер, перад першым праглядам, адзначыў, што ў маі будзе святкавацца не толькі 79-я гадавіна Вялікай Перамогі, але і 100-годдзе з дня нараджэння пісьменніка. Таму, у параўнанні з іншымі прачытаннямі аповесці, асаблівасць новага спектакля — у яго маштабнасці, імкненні максімальна захаваць падрабязнасці літаратурнага арыгінала. 

Задзейнічана ледзь не ўся трупа. У сцэнічную прастору ператварыліся нават абедзве ложы, добра бачныя з залы. Бліжэй да авансцэны была зроблена водная роўнядзь. Пастаноўка, падзеленая на два акты, доўжыцца крыху больш за тры з паловай гадзіны. Рэжысёр знайшоў уласны падыход да добра вядомага матэрыялу, двойчы экранізаванага і неаднойчы ўвасобленага ў тэатры: дастаткова згадаць нядаўні спектакль Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра “Ціха тут на досвітках…”. 

Сцэна са спектакля “А зоры тут ціхія”

Сцэна са спектакля “А зоры тут ціхія”

У сталічнай інсцэніроўкі назва іншая — з рускамоўнай калькай “зоры”. Значэнне гэтай формы ў такім кантэксце пераклікаецца з больш звыклым для беларусаў — ‘зоркі’, якія бываюць нябеснымі і зямнымі. Можа, і сапраўды мелася на ўвазе, што пяцёра загінулых дзяўчат — зоркі будучай Перамогі? Ціхія, сціплыя... 

А вось спектакль — зусім не ціхі. І вельмі падрабязны. Рэжысёр пачынае расповед з працяглай перадгісторыі: старшына Васкоў (Сяргей Бірульчык) беспаспяхова змагаецца з п’янкамі-гулянкамі сваіх ранейшых падначаленых. Ды і надалей дзея пабудавана на пастаянных кантрастах (гукавая амплітуда часам завялікая). Тыя ж кантрасты — у светлавой партытуры (мастак па святле — Аляксандр Разанцаў) і нават у падзеле на “сваіх” і “ворагаў”. Немцы выяўлены не проста “безасабова” — яны нават да людзей не падобныя: гэта то няўцямныя цені на задніку, то — у фінале першай дзеі — страшныя постаці нейкіх тэрмінатараў з жудаснымі лямпачкамі-вачыма, што свецяцца ў цемры крывава-чырвоным. Іншая справа — савецкія людзі, паказаныя партрэтна, прычым “партрэты” вырашаны ў розных жанрах і тэхніках. Ёсць і групавыя, і “сольныя”, “дуэтныя”, нават сяброўскія шаржы. Акрамя нетаропкага, шматслойнага алейнага жывапісу, можна ўбачыць і імклівыя накіды алоўкам — у іх гледачы павінны дамалёўваць літаральна кожную рысачку. Ёсць і сціслыя партрэты-споведзі: артысты адыходзяць ад тэксту і згадваюць сваіх прабабуль — сведак ваенных часоў. Гэты няхітры прыём дакументалістыкі спалучаецца з яшчэ адной лініяй спектакля, заснаванай нібыта на афіцыйных дакументах — асабовых справах дзяўчат-зенітчыц. 

У сцэнаграфіі Аляксандра Камянца ў вочы кідаюцца рухомы плот — і статычная брама. Яна можа адчыняцца-зачыняцца, круціцца ваўчком, ды заставацца на месцы — нават у лясных сцэнах, у якіх яе раскручванне гаворыць пра чарговы лёсавызначальны момант. 

У дзень прэм’еры ў фае другога паверха разгарнулася выстава “Жаночы твар Перамогі”. Яе арганізатарамі выступілі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Беларускі саюз жанчын. Са стэндаў на нас глядзелі прыгожыя адухоўленыя твары, а вядучы навуковы супрацоўнік музея Ірына Зянько распавядала пра гераізм жанчын, многія з якіх загінулі. Але не хацелася верыць, што само слова “вайна” — жаночага роду. Таму асобная падзяка рэжысёру: ён пакінуў у спектаклі развагі Васкова пра тое, як вайна абарвала жыцці не толькі дзяўчат, але і іх дзяцей, унукаў, праўнукаў, што маглі б нарадзіцца. У кагосьці — нават цэлага роду. Усё гэта вымушае задумацца не толькі пра гераізм, але і пра яго кошт — надзвычай высокі кошт Перамогі. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА