Мінулае, адбітае ў метале

Апублiкавана: 20 лютага 2024 Стужка Музеі Мінск Гістарыёграф

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Зміцер

Сёння мы звернемся да цікавай і важнай старонкі беларускай гісторыі і сучаснасці — медальерства, якому споўнілася паўтысячы гадоў. Значны юбілей стаў нагодай разабрацца: хто і як развіваў гэта мастацтва на нашых землях.

З ЛІДЫІ ПРАЗ ГРЭЦЫЮ Ў РЫМ 

Але спярша — невялічкі экскурс у гісторыю сусветнага медальернага мастацтва, часткай якога, безумоўна, ёсць беларускае. 

Лічыцца, што манеты — а з імі і медальерства — з’явіліся на мяжы VIII— VII стагоддзяў да н. э. у Лідыі (даўнейшая краіна на поўдні Чорнага мора). Апошнім вядомым кіраўніком гэтай дзяржавы быў Кроз — той самы, чыя заможнасць нарадзіла выраз “багаты, як Кроз”. Адтуль мастацтва перайшло ў Старажытную Грэцыю і ад яе як “спадчына” — у Старажытны Рым. Праўда, да ХIV стагоддзя медальерства было прадстаўлена толькі грашовымі адзінкамі. 

ДРУГОЕ ЖЫЦЦЁ — НОВАЯ РОЛЯ 

Заснавальнікам звычнага нам медальерства лічаць выдатнага італьянскага жывапісца эпохі Адраджэння Антоніа Пізана (Пізанела), які вырабіў памятны медаль з нагоды візіту ў Фларэнцыю візантыйскага імператара Іаана VIII Палеалога ў 1437—1438 гг. Сказаць, што з гэтага моманту Еўропа захварэла на медальернае мастацтва, — не сказаць нічога. І, пэўна, прыклаў руку да росту папулярнасці памятных медалёў паэтгуманіст Петрарка (памёр у 1479-м), аўтар ідэі адраджэння медаля як твора мастацтва, а не грашовай адзінкі. 

Медаль (ад франц. medaille) — круглы ці авальны знак з выявамі на адным або двух баках, створаны ў гонар асобы ці падзеі.

З Італіі, што дала свету нямала ўзораў высокага медальерства, яно распаўсюдзілася на поўнач, у Германію, Аўстрыю, Францыю, Швецыю, Англію ды іншыя краіны. Цікава, што ў эпохі Рэфармацыі і Контррэфармацыі, акрамя ўжо звычайных сюжэтаў — выяў той ці іншай асобы, значнай падзеі, — нарадзіліся яшчэ і сатырычныя медалі, медалі-перэваратні. У той час, калі нямецкія пратэстанты высмейвалі рымскіх папаў, адмыслоўцы папскага двара стваралі медалі ў гонар змрочных гістарычных эпізодаў, напрыклад Варфаламееўскай ночы ў 1572-м (тады каталікі забілі каля трох тысяч парыжскіх пратэстантаў). Так медальерства пачало выкарыстоўвацца як сродак ідэалагічнай барацьбы. У Расію гэтае мастацтва ў еўрапейскім выглядзе прыйшло даволі позна, толькі пры Пятру І. Запрошаныя з-за мяжы майстры заняліся ўвекавечваннем перамог цара-імператара ў Паўночнай вайне. У 1764-м пры Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу быў заснаваны асобны медальерны клас. Цікаўным можна параіць манаграфію “Медальерное искусство в России XVIII века” (1962). 

НАРАДЖЭННЕ “БЕЛАРУСКАГА” 

Гісторыя беларускага медальернага мастацтва дзеліцца на пэўныя перыяды, звязаныя з Вялікім Княствам Літоўскім, Рэччу Паспалітай Абодвух Народаў (ад 1569-га), Расійскай імперыяй, БССР і незалежнай Рэспублікай Беларусь. 

За год, у якім пачаўся летапіс айчыннага медальерства, можна прыняць 1508-ы. Менавіта тады невядомы майстар на землях сённяшняй Польшчы выканаў памятны медаль (ён лічыцца і першым польскім медалём). Твор прысвяцілі візіту караля Уладзіслава ІІ Ягелончыка ў Нысу. Трэба адзначыць, што Уладзіслаў ІІ (спярша чэшскі, а потым венгерскі кароль) быў сынам польскага караля і вялікага князя літоўскага Казіміра IV, унукам польскага караля і вялікага князя літоўскага Ягайлы і Сафіі Гальшанскай, праўнукам Альгерда, прапраўнукам Гедыміна і Еўны Полацкай. Не чужы нам чалавек. 

Звычайна на аверсе змешчаны партрэт, на рэверсе — фігурная, сюжэтная, алегарычная ці геральдычная кампазіцыя.

Праўда, прыйшлося пачакаць некалькі гадоў, пакуль медальернае мастацтва на землях Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага не пусціла карані. 

ЗРУХІ АД БОНЫ СФОРЦЫ 

Жонкай польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта І Старога (яшчэ аднаго ўнука Ягайлы) у 1518 годзе становіцца знакамітая Бона Сфорца, дачка міланскага герцага. Дзякуючы ёй на беларускіх землях здарыліся тэктанічныя зрухі ва ўсіх сферах жыцця. Перш-наперш — эканоміцы, а таксама ў кулінарыі, мастацтве, у тым ліку і медальерным. Была Бона Сфорца і вялікім знаўцам атрутных рэчываў. 

Традыцыйныя матэрыялы — срэбра, золата, волава, бронза.

У 1520 годзе ў гонар першынца, Жыгімонта ІІ (у 1522-м ужо абраны вялікім князем літоўскім!), бацька загадвае адліць невялічкі срэбны медаль. Яго аўтарства прыпісваюць італьянскаму архітэктару і скульптару Джавані Ціні з Сіены, які перабраўся ў Польшчу і асеў у Кракаве. Далей пачаўся сапраўдны “медальны бум”. 

У 1526 годзе Крыштаф Шыдлавецкі, вялікі каронны канцлер, ваявода і кашталян кракаўскі (палымяны праціўнік Боны Сфорцы і сваяк Мікалая Радзівіла Чорнага, прыхільніка ідэі незалежнасці ВКЛ ад Польшчы), замаўляе слыннаму майстру Гансу Шварцу медаль са сваёй выявай. Пэўна, Шыдлавецкі нешта адчуваў, бо зусім хутка, у 1532-м, ён развітаўся з жыццём. У 1526—1527 гг. Ганс Шварц адлівае яшчэ серыю медалёў, гэтым разам прысвечаных Жыгімонту І Старому. Неўзабаве, у 1527 годзе, з невядомай прычыны мастак пакідае каралеўскі двор і адпраўляецца ў Парыж. Лічыцца, што за жыццё Шварц вырабіў каля 170 медалёў, якія вылучаліся дасканалай рэалістычнай характарыстыкай мадэлі. 

Увогуле падчас панавання Жыгімонта ІІ Аўгуста (ад 1548 года) і яго маці Боны Сфорцы (трымала стырно ўлады ў сваіх руках) адзін за адным з’яўляліся ўсё новыя і новыя медальеры, якія пакінулі па сабе багатую спадчыну. Вось хіба некалькі імёнаў. Вакантнае месца Шварца адразу заняў італьянец Джавані Марыя Моска (больш вядомы як Ян Марыя Падавана, памёр пасля 1574-га). Гэта выдатны адмысловец, які ў 1532 годзе вырабіў серыю з чатырох медалёў. На творах выяўлена каралеўская сям’я — Жыгімонт І, Бона Сфорца і іх дзеці Жыгімонт Аўгуст, Ізабэла Ягелонка. Медалі з волава, бронзы і срэбра былі даволі вялікія (дыяметр — 70 міліметраў), двухбаковыя. Лічыцца, што менавіта Падавана заклаў трывалыя падмуркі далейшага развіцця дробнай пластыкі ў Польшчы (натуральна, і на землях ВКЛ). 

Яшчэ варта згадаць Даменіка Венетуса, аўтара вядомага медаля з выявай каранаванага Жыгімонта Аўгуста (1548), Джавані Джакома Караджыа, стваральніка медалёў, прысвечаных каралеўскай сям’і (1532), Пастарына дэ Пастарыні, што ў 1556 годзе выбіў медаль з выявай Боны Сфорцы. Гэты аўтар, верагодна, быў адным з апошніх італьянскіх майстроў, якія пакінулі нашы землі разам з Бонай Сфорцай (памерла ў 1557-м). 

Што адбывалася далей і як развівалася гісторыя айчыннага медальерства перыяду Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў (1569—1795 гг.), чытайце ў наступных выпусках “К”. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ