Кожны голас важны

Апублiкавана: 24 лютага 2024 Стужка Афіцыйна Мінск Круглы стол

Аўтар: Аўтары

Заўтра, 25 лютага, у нашай краіне ўпершыню адбудзецца адзіны дзень галасавання. Грамадзяне прыйдуць на ўчасткі, каб адначасова абраць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і дэпутатаў мясцовых Саветаў. Гэтая найважнейшая грамадска-палітычная падзея стала нагодай для чарговай сустрэчы ў Прэс-клубе “Культура і мастацтва”. “Адзінства адзінага дня. Твой голас на выбарах — 2024” — так мы вызначылі тэму размовы з нашай госцяй: намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ліліяй Ананіч.

У гутарцы з парламентарыем мы абмеркавалі даволі разнастайную праблематыку, не спыняючыся толькі на электаральнай кампаніі, што адбудзецца неўзабаве. Давялося агаварыць пытанні патрыятычнага выхавання і зберажэння гістарычнай памяці, кансалідацыі грамадства і традыцыйный каштоўнасцей, а таксама некаторыя вынікі працы дзейнага складу Парламента і асабіста Ліліі Ананіч. І ўсё ж у цэнтры ўвагі — адзіны дзень галасавання. Меркаваннем аб гэтай падзеі Лілія Станіславаўна падзялілася на пачатку сустрэчы.

— Цяперашні этап развіцця Беларусі і цяперашняя электаральная кампанія асаблівыя. Выбары адбываюцца ва ўмовах, калі на нашу дзяржаву аказваецца надзвычайны ціск, калі ўведзеныя эканамічныя санкцыі, калі мы перажылі 2020-ы — і выйшлі з тых падзей годна, бо зразумелі, чым раз’яднанасць пагражае краіне. Прынятыя ў апошнія гады рашэнні, у тым ліку на заканадаўчым узроўні, якраз накіраваны на ўмацаванне нашай незалежнасці і нацыянальнай бяспекі. Таксама важна разумець, што дакладна рэгламентавана абарона электаральнага суверэнітэту, каб ніхто не меў магчымасці звонку ўплываць на самастойны выбар беларускага народа. 

Сур’ёзна абноўлена заканадаўства аб палітычных партыях і грамадскіх арганізацыях. Праведзена сур’ёзная праца па ўмацаванні партыйнага будаўніцтва. Сёння ў нас дзейнічаюць чатыры найбуйнейшыя партыі, якія сваёй галоўнай мэтай (якімі б рознымі ні былі іх праграмы) бачаць зберажэнне незалежнасці Беларусі, захаванне пераемнасці пакаленняў і далейшае развіццё без узрушэнняў і шокаў. 

Нарэшце, прыняты ўнікальны закон “Аб Усебеларускім народным сходзе”. Нідзе ў іншых дзяржавах няма такога найвышэйшага прадстаўнічага органа, праз які ўвесь зрэз грамадства ўдзельнічае ў кіраванні дзяржавы. Ён уключае і прадстаўнікоў выканаўчай улады, і парламентарыяў, і чальцоў грамадскіх аб’яднанняў. Як падкрэслівае Кіраўнік дзяржавы, гэтая пляцоўка ў выпадку неабходнасці будзе балансірам улады. Там будуць вырашацца найважнейшыя пытанні развіцця краіны. У функцыянал гэтага органа ўваходзіць прыняцце Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і ваеннай дактрыны, праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця, фарміраванне Цэнтральнай выбарчай камісіі, Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў, пытанне ўвядзення надзвычайнага становішча і г.д. 

Чаму я кажу пра Усебеларускі народны сход? Таму што дэпутаты, якіх мы абяром, будуць не толькі займацца заканадаўчай дзейнасцю і рашэннем канкрэтных праблем грамадзян у выбарчых акругах, але і працаваць у складзе УНС. Таму вельмі істотна, кандыдатам з якой пазіцыяй і з якой праграмай выбаршчыкі аддадуць перавагу. 

— Лілія Станіславаўна, вы шмат працуеце ў сваёй акрузе, трымаеце цесную сувязь з выбаршчыкамі. Па вашых назіраннях, наколькі беларусы ўсведамляюць уласную адказнасць за лёс краіны і важкасць свайго голасу ў прыняцці рознага кшталту рашэнняў? 

— Мы стаім на парозе сапраўды найважнейшай падзеі. Па маіх назіраннях падчас працы ў сваёй выбарчай акрузе і падчас сустрэч у розных калектывах, у беларускіх грамадзян ёсць разуменне: 25 лютага — наш дзень, калі мы, як заўсёды, з настроем прыйдзем на ўчасткі аддаць голас за самых вартых кандыдатаў. 

Усе грамадзяне адказныя за лёс краіны. Адназначна, важны кожны голас, таму што ўсе мы часцінкі адзінага беларускага народа. І гэта не высокія словы. Ад кожнага з нас залежыць будучыня. У тым ліку ад дзеячаў культуры і мастацтва, бо творчая інтэлігенцыя працуе не для самой сябе, а дае важныя пасылы грамадству. 

Гэтая электаральная кампанія ўнясе ўклад у кансалідацыю беларускага народа. Увесь наш досвед паказвае: разам мы можам усё пераадолець. І я ўпэўнена, што з гэтага шляху Беларусь ніколі не збочыць. Беларускае грамадства пацвердзіць свой намер працягваць далей шлях суверэннага развіцця. 

— Калі вы ажыццяўляеце свой грамадзянскі абавязак як выбаршчык, на якія асабістыя якасці, праграмныя палажэнні звяртаеце ўвагу ў першую чаргу пры выбары свайго кандыдата? 

— Для мяне ўсё вельмі проста. Калі чалавек адбыўся ў прафесіі і мае дакладныя жыццёвыя арыенціры, калі чалавек — дзяржаўнік, то гэта бачна па яго біяграфіі. Ёсць розныя магчымасці ацаніць кандыдата. І прачытаўшы праграму, і наведаўшы сустрэчу падчас агітацыйнага перыяду. Нават не бачачы чалавека асабіста, можна даведацца пра яго — прачытаць у інтэрнэце, наколькі паспяховая яго праца, паглядзець на палітычную актыўнасць. І супаставіць, наколькі яго інтарэсы і погляды супадаюць з вашымі. 

Для мяне такімі істотнымі пунктамі з’яўляюцца стаўленне кандыдата да гістарычнай памяці, пераемнасці пакаленняў, традыцыйных каштоўнасцей. Важна разумець і тое, як прэтэндэнт на адказную пасаду глядзіць на развіццё нашай эканомікі. Выбірае ён шокавы шлях ці развіццё ўнікальных кампетэнцый, якія сёння мае наша краіна. Адзначу, што нават ва ўмовах жорсткіх эканамічных санкцый мы дэманструем добрыя вынікі, высокі рост унутранага валавога прадукту. 

І не так важна, колькі гадоў кандыдату — 25 ці 50. Гэта даводзіць вопыт цяперашняга складу Парламента. Кожны дэпутат уяўляе сабой асобу. Кожны нёс сваю меру адказнасці і ўкладваў часцінку душы і працалюбства ў рашэнне найскладанейшых задач. 

— Дзейнасць Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання сталася сапраўды вельмі плённай... 

— Так, варта адзначыць, што Парламент толькі ў развіццё Канстытуцыі прыняў больш за 100 законаў. Усяго за гэты час Кіраўніком дзяржавы падпісана 315 Законаў Рэспублікі Беларусь, што былі прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, і тры Кодэксы. Шмат пытанняў давялося рашаць у тым ліку ва ўмовах COVID-19, складаных грамадскапалітычных працэсаў, супрацьстаяння ва Украіне — не чужой нам краіне.

— Нехта 25 лютага прыйдзе на выбарчы ўчастак упершыню. Маю на ўвазе маладых людзей, якія толькі ўваходзяць у дарослае жыццё. Гэтае пакаленне нярэдка называюць апалітычным. Кажуць, што яны лёгка паддаюцца знешняму ўплыву. Ці згодныя вы з такімі ацэнкамі? Якую ролю сёння адыгрывае моладзь у грамадска-палітычным жыцці краіны? 

— Дазвольце не пагадзіцца. Я сустракаюся з моладдзю і прыкмячаю адваротнае. Да таго ж мы бачылі, што моладзь стала плячо ў плячо з вопытнымі людзьмі, з Прэзідэнтам у адстойванні нашых нацыянальных інтарэсаў. 

Варта разумець, што галоўнае для моладзі сёння — гэта развіццё кампетэнцый, штодзённая праца і падвышэнне патэнцыялу. Без гэтага немагчыма дасягнуць вынікаў. Клопат пра моладзь — клопат пра будучыню, таму важна ўцягваць маладое пакаленне ў грамадска-палітычныя працэсы, ствараць умовы для талентаў, каб кожны чалавек разумеў: тут, на радзіме, ён можа дамагчыся плёну, тут як нідзе цёпла і трапятліва паставяцца да яго дасягненняў. 

Мы знаходзімся на стыку пакаленняў, адбываецца змена генерацый, у тым ліку ў дзяржаўным кіраванні, таму мы па-новаму паглядзелі на пытанні патрыятычнага выхавання і гістарычнай памяці, узмацнілі працу ў гэтых кірунках. 

— Гэтыя пытанні падаюцца асабліва актуальнымі сёлета, калі наша краіна адзначае 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Згуртаванасці патрабуе супрацьстаянне знішчэнню нашай гістарычнай памяці. Якія выклікі, на вашу думку, паўстаюць у сувязі з гэтым перад сусветным і беларускім грамадствам? 

— Найперш хачу сказаць, што ганаруся нашай краінай, якая годна працягвае ўшаноўваць памяць загінулых. Ужо ў сучаснай Беларусі створаны новыя помнікі, мемарыяльныя комплексы. Красны Бераг, Ала, Трасцянец, музей у Хатыні... Ушанавана памяць не толькі беларусаў, але людзей іншых нацыянальнасцей, што спачылі на гэтай зямлі. Клопат пра гістарычную памяць — гэта клопат пра нашу будучыню. І гэту фундаментальную каштоўнасць мы пранясём праз вякі. 

На вялікі жаль, у асобных краінах гістарычная памяць сёння ўзведзена ў ранг палітычнага інструмента. Робяцца спробы не проста перапісаць гісторыю, а перавярнуць яе назад. Мы сталі сведкамі таго, як яшчэ пры жыцці ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ў заходніх краінах прынялі рашэнні, якія на адзін бок ставяць нацысцкую Германію і былы Савецкі Саюз. У афіцыйных дакументах, у публічнай прасторы СССР вінавацяць у распальванні той вайны. Гэта глыбокая фальсіфікацыя з вялікімі наступствамі. Мы пабачылі, што краіны, якія стагналі пад ярмом нямецкай акупацыі і панеслі людскія страты, сёння зносяць помнікі. На гэта нельга глядзець спакойна. 

Памятаю тыя часы, калі ў першыя гады суверэннай Беларусі ў святочны дзень па праспекце Незалежнасці разам з Прэзідэнтам у вялікай калоне ішлі ветэраны. Да шэсця далучаўся літаральна ўвесь Мінск. Мы заўсёды схілялі галовы і казалі “Дзякуй!” гэтаму пакаленню. 

Захаваліся ўспаміны і пра святкаванне 9 Мая на маёй малой радзіме. У цэнтр калгаса з’язджаліся ветэраны з усёй акругі. Толькі з нашай вёсачкі дзве ці тры вялікія машыны ехалі. А мы, піянеры і камсамольцы, выпраўляліся разам з ветэранамі на мітынг.

У нас гэта збераглося, таму нам балюча глядзець на спробы перапісвання мінулага і таму мы адстойваем гістарычную памяць. Гэта патрабаванне беларускага народа. У абноўленай канстытуцыі запісана: “Захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа, патрыятызм з’яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь”. 

— Важкую ролю ў абароне гістарычнай праўды адыгрываюць і прынятыя ў апошнія гады законы, да распрацоўкі якіх вы спрычыніліся... 

— Парламент сёмага склікання сур’ёзна ўмацаваў базу мемарыяльнага нацыянальнага заканадаўства. Прыняты і ўступіў у сілу Закон “Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму”. Гэта не проста закон-дэкларацыя. Мы маем дакладна выбудаваную сістэму з адказнымі за гэтыя пытанні дзяржаўнымі органамі. Мы бачым, што абарона гістарычнай памяці раўнацэнная барацьбе з экстрэмізмам, таму гэтыя палажэнні адлюстраваны ў дзейнасці Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі пры Міністэрстве інфармацыі. Дзяржава не можа не даваць ацэнку такім дэструктыўным праявам, як спробы рэабілітацыі нацызму. 

На заканадаўчым узроўні мы аднавілі гістарычную справядлівасць. Па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у краіне з’явіўся Закон “Аб генацыдзе беларускага народа”. Як суб’ект заканатворчай ініцыятывы я ўдзельнічала ў яго распрацоўцы разам з органамі дзяржаўнага кіравання. 

І мы не проста прынялі акт гістарычнай справядлівасці ў адносінах да падзей, якія адбываліся на нашай зямлі. Мы заканадаўча прызналі факт генацыду. Гэта найважнейшы маральны, юрыдычны і палітычны бар’ер на шляху магчымых спроб рэабілітацыі нацызму і нацысцкіх злачынцаў. 

Працягваецца расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Адбылося першае адкрытае судовае пасяджэнне ў адносінах да аднаго з катаў, які пражыў за мяжой да старога ўзросту і ўжо адышоў. Але цяперашнія і наступныя пакаленні мусяць ведаць злачынцаў пайменна, каб ніколі ў Беларусі не стала магчымым такое, што карнікі і каты прэтэндуюць на статус нацыянальных вызваліцеляў. 

— Безумоўна, згаданыя заканадаўчыя навацыі паспрыяюць захаванню гістарычнай памяці, зберажэнню праўды пра Вялікую Айчынную вайну. Аднак немалую ролю тут адыгрывае і асветніцкая дзейнасць. Якія задачы ў гэтым кірунку, на вашу думку, стаяць перад прадстаўнікамі сферы культуры? 

— Пад асветніцкай дзейнасцю разумеецца не толькі аповед у школе. Навукоўцы, творчыя дзеячы, журналісты, педагогі — кожнаму знойдзецца прастора для працы ў гэтым кірунку. Зроблена шмат. Пабачылі свет фундаментальныя кнігі, выпушчаныя Генеральнай пракуратурай, і іншыя аналагічныя выданні. Выйшла шмат дакументалістыкі, публікацый у медыя, але неабходна больш актыўна прасоўваць гэтую тэму ў сродках масавай інфармацыі, шукаць новую ноту, знаходзіць новыя формы. 

Сыходзіць пакаленне сведак вайны. Засталіся лічаныя асобы. Сыходзяць мастакі і пісьменнікі, якія зведалі ліхалецце. Але не кожны народ мае такую Вялікую Перамогу і такі боль, таму мы не можам пакінуць гэта ў мінулым. Мы нясём памяць з сабой. І вельмі важна, каб наступныя пакаленні прычыніліся да гэтага. 

Думаю, нам варта смялей прыцягваць моладзь да ўвасаблення тэмы вайны. Яе прачытанне маладымі людзьмі вельмі важнае. У скульптуры, у драматургіі, у песеннай творчасці. А каб узяцца за гэтую тэму, неабходна самому пражыць яе, адчуць, неабходна быць неабыякавым. Для гэтага трэба зразумець, што лёс твайго народа — гэта часцінка твайго ўласнага лёсу. Калі мы кожнаму маладому чалавеку данясём гэта, то ў нас і надалей будзе мірная, квітнеючая, моцная і суверэнная Беларусь. Я ў гэтым упэўнена. 

Алесь ДАНІЛОВІЧ 

Фота Ульяны КАСЦЮНІНАЙ