Найноўшы летапіс: надзённая справа

Апублiкавана: 26 лютага 2024 Стужка Музеі Гродна і вобласць Соцыум

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Расказаць пра найважнейшыя падзеі ў гісторыі суверэннай Беларусі — такая актуальная задача паўстала перад музеямі нашай краіны. У скарбніцах рэспублікі ствараюць новыя экспазіцыі, прысвечаныя дасягненням усёй дзяржавы і пэўных рэгіёнаў у сацыяльна-эканамічнай, культурнай, навуковай ды іншых сферах. Як ідзе праца ў гэтым кірунку? Звернемся да вопыту Прынёманскага краю.

Пастаянная экспазіцыя “Пасляваенны Гродна. Гродзеншчына ў ХХ—ХХІ стагоддзях” адкрылася ў Новым замку — адной з найбольш прыцягальных для турыстаў славутасцей абласнога цэнтра. Наведвальнікі аб’екта цяпер могуць дазнацца пра набыткі рэгіёна ў галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, навукі, культуры, у сацыяльнай сферы. 

Экскурсія па новай экспазіцыі ў Астравецкім музеі

Экскурсія па новай экспазіцыі ў Астравецкім музеі

Увазе гледачоў прапанавалі дакументы аб заснаванні вобласці, сувенірныя вырабы і ўзоры прадукцыі вядучых прадпрыемстваў: азотнатукавага і тэкстыльнага камбінатаў, фабрыкі дзіцячых цацак, шклозавода “Нёман”, тытунёвай і абутковай фабрык. Некаторыя прадметы — крыніца інфармацыі пра выбітных асоб, напрыклад пра заснавальніка гродзенскай біяхімічнай школы Юрыя Астроўскага. 

Акрамя таго, у экспазіцыі ўсталяваны інфакіёск. Ён змяшчае дадатковую інфармацыю, разнастайныя аўдыя- і відэаматэрыялы. Усё гэта будзе карысна падчас тэматычных экскурсій ды індывідуальнага наведвання. 

АД МЯСТЭЧКА ДА БУЙНОГА ЦЭНТРА 

Як змяняўся воблік беларускага атамнага горада з другой паловы ХХ стагоддзя да нашых дзён, распавядае новая экспазіцыя ў Астравецкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі. Госці ўстановы могуць прасачыць пройдзены за восем дзесяцігоддзяў шлях ад аграрнага да высокатэхналагічнага краю, ад невялікага мястэчка да перспектыўнага горада, што хутка расце. 

Першы раздзел экспазіцыі прысвечаны сацыяльна-эканамічнаму развіццю Астравеччыны ў 1945—2023 гадах. У гэтай жа частцы выставы прэзентавана карта раёна, на якую нанесены гісторыка-культурныя каштоўнасці ды іншыя значныя аб’екты. Другі раздзел расказвае пра будаўніцтва Беларускай АЭС — падзею, што перайначыла жыццё Астравеччыны. Гэтая зона экспазіцыі акцэнтуе ўвагу на ролі атамнай энергетыкі ў бяспецы і развіцці краіны. Узвядзенне мікрараёнаў, удасканаленне інфраструктуры — шматлікія змены ў горадзе за апошні час паказвае раздзел “Астравецкі раён у фотаздымках”. 

ВАНДРОЎКА ПА ГАДАХ 

Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей імя П. І. Баграціёна таксама адлюстраваў у новай экспазіцыі асноўныя этапы, што наша краіна прайшла ў канцы ХХ — пачатку ХХІ веку. Падрыхтоўка аказалася для супрацоўнікаў сапраўдным падарожжам скрозь час. Каля паўгода адмыслоўцы рабілі канцэпцыю і тэматыка-экспазіцыйны план, каб найбольш дакладна перадаць дух эпохі. Каманда правяла доўгія архіўныя даследаванні, адшукала ўнікальныя прадметы, стварыла 3D-праект. У выніку кожны элемент выставы (а гэта артэфакты ад мясцовых жыхароў, дзяржаўныя сімвалы, фота) ярка ілюструе важныя вехі айчыннай гісторыі, звязвае мінулае і сучаснасць. 

У Музеі вавёркі (Вялікая Бераставіца)

У Музеі вавёркі (Вялікая Бераставіца)

Першы раздзел паказвае станаўленне суверэнітэту Беларусі. Наступны ахоплівае перыяд з 1994 года, калі адбыліся першыя выбары Прэзідэнта, да цяперашняга часу. Гэтая частка экспазіцыі змяшчае дакументы, здымкі, газетныя публікацыі. Яны адлюстроўваюць значныя падзеі і рашэнні, прынятыя ў нашай дзяржаве. Трэці раздзел раскрывае гісторыю ўласна Ваўкавыскага раёна з 2004-га. У цэнтры ўвагі — руплівыя працаўнікі, дзеячы культуры, паспяховыя спартсмены. 

НЕ ТОЛЬКІ ПРА ЗВЯРКОЎ 

Музей вавёркі ў Вялікай Бераставіцы — адна з турыстычных перлін Гродзеншчыны. Установа і знаёміць з пухнатымі звяркамі, і расказвае пра мінуўшчыну рэгіёна. Нядаўна шэраг краязнаўчых экспазіцый папоўніла яшчэ адна — “Бераставіччына ў другой палове ХХ — ХХІ стагоддзі”. 

Праз фотахроніку, архіўныя дакументы і музейныя прадметы публіка даведаецца пра істотныя падзеі і дасягненні краю за апошнія дзесяцігоддзі, пра адметных для лёсу рэгіёна людзей. Будаўніцтва вытворчых і сацыяльных аб’ектаў, працоўныя вяршыні, візіты першых асоб, брэндавыя мерапрыемствы — усё гэта складае найноўшыя набыткі раёна. 

— Слаўная гісторыя нашага краю бярэ пачатак у сівой даўніне, змяшчае ўсё, чым жылі бераставічане на працягу больш чым 500 гадоў. За гэты час бераставіцкая зямля дала свету вядомых навукоўцаў, палітыкаў, военачальнікаў, мастакоў і паэтаў, — падкрэслівае дырэктар музея Алена Огер. — Жыхары раёна беражліва ставяцца да гісторыі малой радзімы, з глыбокай павагай захоўваюць традыцыі мінулых пакаленняў, памнажаюць багацце роднай зямлі. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота з архіваў устаноў