На ўзроўні ШАС

Апублiкавана: 01 сакавiка 2024 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Беларусь зацікаўлена ва ўзаемадзеянні ў рамках ШАС па ўсіх напрамках культурнага супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў Анатолій Маркевіч падчас дзелавой сустрэчы з дэлегацыяй прадстаўнікоў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. 

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь вітаў гасцей 24 лютага. Дэлегацыю ШАС узначальваў намеснік генеральнага сакратара Нурлан Ермекбаеў. 

У ходзе гутаркі Анатолій Маркевіч акцэнтаваў увагу на тым, што Беларусь зацікаўлена ва ўзаемадзеянні па ўсіх напрамках культурнага супрацоўніцтва. У прыватнасці, міністр адзначыў, што летась, 26 кастрычніка, у рамках Савета кіраўнікоў урадаў дзяржаў — членаў ШАС Раман Галоўчанка прапанаваў правесці Дзень нацыянальных культур ШАС у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” ў ліпені 2024 года. Менавіта гэты праект, што мусіць прайсці пад эгідай міністраў культуры дзяржаў — членаў арганізацыі, дэталёва абмяркоўваўся падчас дзелавой сустрэчы. 

Падмурак для сённяшніх плённых стасункаў быў закладзены дзякуючы папярэднім дамоўленасцям. Так, у рамках працэсу атрымання нашай краінай статусу дзяржавы — члена ШАС у снежні 2023 года Беларусь далучылася да Пагаднення паміж урадамі дзяржаў — членаў ШАС аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, падпісанага ў Бішкеку 16 жніўня 2007 года, і Пагаднення паміж урадамі дзяржаў — членаў ШАС аб супрацоўніцтве ў галіне аховы аб’ектаў культурнай спадчыны, падпісанага ў Душанбэ 17 верасня 2021 года. 

Наогул, Беларусь мае высокі ўзровень двухбаковых адносін з краінамі ШАС: Саюзная дзяржава з Расіяй, усепагоднае і ўсебаковае стратэгічнае партнёрства з Кітаем, стратэгічны характар адносін з Казахстанам, высокі ўзровень адносін з Індыяй і Пакістанам. 

Нагадаем, што сёння дзяржавамі — членамі ШАС з’яўляюцца дзевяць краін: Рэспубліка Індыя, Рэспубліка Казахстан, Кітайская Народная Рэспубліка, Кыргызская Рэспубліка, Ісламская Рэспубліка Іран, Ісламская Рэспубліка Пакістан, Расійская Федэрацыя, Рэспубліка Таджыкістан, Рэспубліка Узбекістан.