Як на Стаўбцоўшчыне вызначалі віртуозаў

Апублiкавана: 02 сакавiка 2024 Стужка Музыка Мiнская вобласць Праекты развіцця

Аўтар: Аўтары

Раённы конкурс сярод настаўнікаў дзіцячых школ мастацтваў і работнікаў устаноў культуры “Віртуоз года — 2024” адбыўся ў зале Старасвержанскага цэнтра культуры. За пачэсны тытул змагаліся 13 таленавітых рупліўцаў. У кожнага — свая гісторыя, творчы падыход і вопыт даўжынёю ў жыццё.

Галоўным арганізатарам спаборніцтваў выступіла Старасвержанская дзіцячая школа мастацтваў. Дырэктар установы Анастасія Скулкова распавяла пра гэты рэгіянальны праект. 

— Галоўная мэта “Віртуоза года” — выяўленне і падтрымка прафесійна перспектыўных выканаўцаў сярод настаўнікаў школ і работнікаў культуры нашага раёна. Конкурс праводзіцца з 1996 года і ўжо стаў традыцыйным, — гаворыць Анастасія Мікалаеўна. — Дзякуючы яму мы можам паказаць, наколькі таленавітыя ў нас спецыялісты. Удалыя выступленні педагогаў стымулююць маладое пакаленне да самаразвіцця і творчага росту. Менавіта на гэтай сцэне мы можам выявіць новыя імёны і паспяховых настаўнікаў у галіне мастацкай творчасці. 

Конкурс праводзіўся ў трох узроставых катэгорыях і некалькіх намінацыях: “Індывідуальныя выканаўцы на музычных інструментах”, “Вакальнае выканальніцтва”, “Харэаграфія”, “Тэатральнае майстэрства (Сола)”, “Канцэртмайстар”. Кожны ўдзельнік павінен быў прадставіць па два творы. 

Здольнасці канкурсантаў ацэньвала кампетэнтнае журы на чале са старшынёй Ірынай Пазняк, дырэктарам Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці. У складзе экспертнай камісіі таксама — Дзмітрый Стэльмах, загадчык аддзялення “Народная творчасць” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, Юрый Крывашэй, галоўны дырыжор Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, і Алена Чарнышова, вядучы метадыст культурна-дасугавай дзейнасці Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці. 

— Я вельмі рада ўсіх бачыць на гэтай сцэне, — звярнулася Ірына Пазняк да канкурсантаў. — Вы смелыя, рашучыя. Менавіта на вас трэба раўняцца, і я ўпэўнена, што з кожным годам удзельнікаў гэтага спаборніцтва будзе станавіцца ўсё болей. Няхай Стаўбцоўшчына ганарыцца гэтым шматгадовым праектам. Я шчыра ўсім дзякую, жадаю творчых поспехаў і каб вучні ганарыліся вамі. 

АПЛАДЗІРУЕ ЗАЛА 

Ацэньваць таленавітых выканаўцаў — няпростая задача. А выбіраць найлепшых сярод тых, хто сам прыклад для навучэнцаў, яшчэ цяжэй. Да таго ж усе канкурсанты паказалі і майстэрства, і талент. 

Дыпломы за актыўны ўдзел былі ўручаны Максіму Авязаву, настаўніку духавога аддзялення філіяла Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў — Старасвержанскай дзіцячай школы мастацтваў, Любові Арцішэўскай, настаўніцы харавых спеваў Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, Ксеніі Шабуня і Вользе Ярмак, настаўніцам па класе скрыпкі Стаўбцоўскай ДШМ. 

СЯРЭБРАНАЯ СЯМЁРКА 

Дыпломамі другой ступені ўзнагароджаны Ксенія Жыдкевіч, рэжысёр народнага тэатра мініяцюр “Полымя” Стаўбцоўскага раённага цэнтра культуры, Аляксандра Валожынская, настаўніца па класе харэаграфіі Стаўбцоўскай ДШМ, якая таксама атрымала “Прыз глядацкіх сімпатый”, Уладзімір Бандаровіч, канцэртмайстар Стаўбцоўскай ДШМ, Вікторыя Царук, настаўніца харавых спеваў і музычна-тэарэтычных дысцыплін Наваколасаўскай ДШМ, Валерыя Леўчык, настаўніца рытмікі і танца Старасвержанскай ДШМ, Максім і Лізавета Авязавы з філіяла Дзераўнянскай школы мастацтваў Старасвержанскай ДШМ. 

Гісторыяй поспеху падзялілася Аляксандра Валожынская, настаўница па класе харэаграфіі Стаўбцоўскай ДШМ: 

— З самага дзяцінства мяне вабіла харэаграфія, я ўвесь час і ўсюды танцавала. Хобі перарасло ў прафесію: я паступіла ў Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, дзе вывучала ўсе тонкасці спецыяльнасці. Пасля заканчэння мяне размеркавалі ў Стаўбцоўскую школу мастацтваў. Зараз з вялікай любоўю і трапятаннем працую з падрастаючым пакаленнем. Менавіта яны— будучыня нашай краіны, а танец — спосаб выказвання нашай нацыянальнай культуры. Даведаўшыся пра конкурс, я зразумела, што гэта шанц, каб паказаць сябе сваім вучням. Бо, калі дзеці бачаць, як яго настаўнік перамагае ў конкурсе, — гэта ўзор для пераймання, мэта, да якой варта імкнуцца. 

ЗАЛАТАЯ ТРОЙКА 

Дыплома першай ступені ўдастоены Марына Рыштоўская, культарганізатар Стаўб- цоўскага раённага цэнтра культуры, Рэната Пазяйчук, настаўніца па класе цымбалаў Старасвержанскай ДШМ, і Ангеліна Сарока, настаўніца па класе гітары Старасвержанскай ДШМ. Марына Рыштоўская распавяла пра свой прафесійны шлях і эмоцыі, якія падарыў конкурс: — Я жыла ў вялікай сям’і і з самага дзяцінства любіла выступаць перад роднымі: рабіла імправізаваную сцэну, апраналася ў розных герояў і спявала. Потым паступіла ў Мінскае культурна-асветніцкае вучылішча. І вось ужо 36 гадоў працую ў сферы культуры. Галоўны плюс маёй працы — дарыць людзям свята, бо я руплюся не для сябе, а для кожнага з іх. Заўсёды, выходзячы на сцэну, спрабую пражыць песню, каб данесці ўсе эмоцыі да гледача. Я не імкнуся да перамог у конкурсах, а проста раблю сваю справу. Паказваю сябе такой, якая ёсць. Вельмі люблю пераўтварацца ў розныя вобразы: ад сціплай дзяўчынкі да вясёлага блазна. Вядома, рыхтавалася да конкурсу старанна. Кожны дзень рэпеціравала, прапрацоўвала на сцэне, клікала калег і знаёмых, каб яны падказалі, што змяніць. Вось наступіў дзень, калі трэба паказаць усё журы. Хвалявання не адчувала, бо была ўпэўненая, што ўсё пройдзе добра. Я не памылілася. Першае месца ў рэгіянальным спаборніцтве — маленькая перамога і стымул працаваць над сабой далей. 

ЖУРЫ — ПАШАНА 

Таксама за плённую працу былі адзначаны падзячнай граматай ад арганізатараў конкурсу члены журы. 

Граматай за падтрымку і дапамогу ўзнагародзілі дырэктараў Таццяну Курмышаву (Стаўбцоўская дзіцячая школа мастацтваў), Ірыну Шэндзік (Наваколасаўская дзіцячая школа мастацтваў), а таксама Кацярыну Рыцько (Старасвержанскі цэнтр культуры) і Валерыя Пугача (Стаўбцоўскі цэнтр культуры). 

Зычым усім удзельнікам творчых поспехаў і плённай працы. Спадзяемся, што колькасць канкурсантаў будзе павялічвацца, а скарбонка талентаў — папаўняцца. 

Дзмітрый ЯНУШКЕВІЧ 

Фота аўтара