Гісторыя здзяйсняецца сёння

Апублiкавана: 04 сакавiка 2024 Стужка Музеі Мінск Соцыум

Аўтар: РУДАК Антон

У Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці 23 лютага адбылося падпісанне пагаднення паміж Міністэрствам культуры і Міністэрствам адукацыі аб рэалізацыі агульнарэспубліканскага праекта “Урок у музеі” і супрацоўніцтве ў пытаннях выкарыстання рэсурсаў музеяў краіны ў патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі.

Удзел у мерапрыемстве ўзялі першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада і намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. Сімвалічна, што сустрэча была прымеркаваная да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. 

ПОШУК НОВЫХ ФОРМ 

Аляксандр Кадлубай падзякаваў Міністэрству культуры за цесную ўзаемасувязь у сферы адукацыі і адзначыў, што ўжо два гады вядзецца праект “Адзіны дзень бясплатнага наведвання музея для ўсіх школьнікаў” па апошніх серадах месяца. Чарговы праект дазволіць удыхнуць новае жыццё ў традыцыйную форму правядзення ўрокаў і экскурсій. Міністэрствамі і падведамаснымі арганізацыямі была праведзеная сур’ёзная падрыхтоўчая работа над алгарытмамі ўрокаў. 

У выніку прыйшлі да высновы, што ўрокі ў музеях павінны весці менавіта педагагічныя работнікі, але пры гэтым неабходна абапірацца на досвед экскурсаводаў і работнікаў музеяў, для таго каб паўнацэнна прадставіць экспазіцыі і цалкам выкарыстаць патэнцыял устаноў. Падпісанне гэтага пагаднення дасць магчымасць вывесці выкладанне на новы якасны ўзровень, што асабліва тычыцца сацыяльна-гуманітарных дысцыплін. 

ВЫХАВАННЕ ПАВАГІ 

Валерый Грамада распавёў, што для вызначэння тэматыкі адкрытых урокаў у музеях была праведзеная маштабная і дэтальная работа. У кожным раёне па ўсёй рэспубліцы будуць заключаныя адпаведныя пагадненні з музейнымі ўстановамі. Гэта не толькі гістарычныя, але і краязнаўчыя ды ваенныя музеі, таму тэматыка ўрокаў накіраваная на тое, каб данесці гістарычную праўду і замацаваць веды школьнікаў праз прадметны шэраг, працу экскурсаводаў і навуковых супрацоўнікаў. 

Сёння ўжо ёсць добры досвед стварэння сумесных праектаў: напрыклад, у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў рэалізаваны праект “Лінія памяці. Код вайны”. У сацыяльна-культурным цэнтры ўніверсітэта падчас наведвання двух такіх канцэртных мерапрыемстваў больш за чатыры тысячы дзяцей з усіх рэгіёнаў мелі магчымасць убачыць унікальны спектакль, які расказвае аб подзвігу нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Агульная задача — выхаваць падрастаючае пакаленне ў духу патрыятызму, любові і павагі да радзімы і старэйшых, а таксама захаваць нашу гістарычную памяць. 

СУМЕСНЫМІ НАМАГАННЯМІ 

Асноўны напрамак праекта — арганізацыя і правядзенне ўрокаў установамі агульнай сярэдняй адукацыі ў музеях на базе іх экспазіцый. Пагадненне прадугледжвае сумесную работу па патрыятычным выхаванні навучэнскай моладзі праз супрацоўніцтва музеяў Рэспублікі Беларусь і ўстаноў адукацыі, фарміраванне станоўчага іміджу ведамстваў у сродках масавай інфармацыі, а таксама сярод навучэнскай моладзі і іх бацькоў. З удзелам супрацоўнікаў музеяў на бязвыплатнай аснове на працягу навучальнага года будуць арганізаваныя навучальныя заняткі ў форме экскурсій, якія вызначаныя па тэматычных раздзелах пастаянных экспазіцый паводле тэм, заяўленых ад устаноў адукацыі. 

АКТУАЛЬНЫЯ ПЫТАННІ 

А 23 лютага для навучэнцаў мінскіх школ ды гімназій, Мінскага гарадскога кадэцкага вучылішча, Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа і маладых педагогаў правялі экскурсію па музеі і першы ўрок гісторыі пад назвай “Гісторыя здзяйсняецца сёння!”. Школьнікі атрымалі ўнікальную магчымасць задаць пытанні намеснікам кіраўнікоў ведамстваў і папоўніць скарбонку ведаў новымі звесткамі аб гісторыі развіцця і станаўлення нашай краіны. 

Урок “Гісторыя здзяйсняецца сёння!” у сценах музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці правялі настаўніца гісторыі сталічнай гімназіі № 31, пераможца рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” ў намінацыі “Гісторыя. Грамадазнаўства. Геаграфія” Людміла Гурыновіч і настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 148, настаўнік-метадыст, уладальніца дыплома другой ступені гарадскога конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” 2023 года ў намінацыі “Гісторыя. Грамадазнаўства. Геаграфія” Людміла Руцкая. 

Удзельнікі сустрэчы разам з настаўнікамі здзейснілі экскурс па старонках гісторыі, якія вызначылі шлях нашай краіны. Юнакі і дзяўчаты захоплена адказвалі на пытанні: “У якіх умовах праходзіла станаўленне маладой беларускай дзяржавы?”, “Як змянілася жыццё насельніцтва Заходняй Беларусі пасля ўз’яднання з БССР?”, “У чым значнасць расследавання Генеральнай пракуратурай фактаў генацыду беларускага народа? Ці варта даводзіць да агульнага ведама факты злачынстваў васьмідзесяцігадовай даўніны?”, “Наколькі было важна для нашай дзяржавы мець уласную Канстытуцыю?”. 

НА КАРЫСЦЬ РАЗВІЦЦЯ 

Падчас сустрэчы было адзначана, што 2024-ы — гэта час юбілейных дат, якія звязаны з этапамі станаўлення нашай дзяржавы, сярод якіх 105 гадоў з дня ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, 85-годдзе ўз’яднання беларускага народа ў адзінай дзяржаве, 80 гадоў вызвалення Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў, 30 гадоў з дня прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. 

Як заўважыла настаўніца Людміла Гурыновіч, гісторыя — гэта не толькі мінулае, пра якое мы памятаем і якім ганарымся. Гісторыя робіцца тут і цяпер, і мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, нясём адказнасць за тое, якой будзе будучыня нашай краіны, нашага народа. 

Падчас работы дыялогавай пляцоўкі юнакі і дзяўчаты змаглі задаць ганаровым гасцям свае пытанні. Так, навучэнцаў цікавіла, якія магчымасці адкрываюцца перад школьнікамі пасля падпісання пагаднення, ці працягнецца папулярызацыя творчасці беларускіх мастакоў на вуліцах Мінска, ці плануецца ў будучыні зрабіць адзіны дзень наведвання не толькі музеяў, але і іншых аб’ектаў культуры, напрыклад тэатраў. Сустрэча паказала агульную зацікаўленасць прадстаўнікоў розных пакаленняў у далейшым супрацоўніцтве на карысць развіцця нашай краіны. 

Антон РУДАК 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА