Пра што спявае душа народа?

Ансамбль “Выцінанка” — адзін з найлепшых і найбольш дасведчаных творчых калектываў Брэсцкай вобласці. Артысты неаднойчы прадстаўлялі і праслаўлялі родны край на самых прэстыжных мерапрыемствах, у тым ліку з удзелам першых асоб, чатыры разы пацвердзілі ганаровае званне “Заслужаны аматарскі калектыў”. Аб прафесійным лёсе ды народнай творчасці мы пагаварылі з кіраўніком ансамбля Пятром Іванавічам Астапчуком.

ДОБРА ГРАЮЦЬ, ДОБРА ВЫЦІНАЮЦЬ 

Людзі на беларускіх землях пачалі выразаць выцінанкі ў сярэдзіне XIX стагоддзя і такімі пано ўпрыгожвалі жыллё. Продкі верылі, што папяровыя карункі дапамагаюць спасцігнуць адзін з галоўных законаў быцця — яднанне ідэі, матэрыі і прыгажосці. Таксама выцінанкамі называлі ўзоры ўвогуле ці найгрышы. Калісьці на Палессі пра музыкантаў казалі: “Добра граюць, добра выцінаюць”. Гэты гістарычны факт падштурхнуў удзельнікаў маладога калектыву да выбару назвы. Думка нарадзілася ў скрыпача з Давыд-Гарадка Фёдара Украінца, які, дарэчы, амаль 20 гадоў цешыў публіку сваёй ігрой. Так творчае аб’яднанне і здабыла імя, злучыўшы традыцыі і мудрасць народа ў гэтакім мілагучным “вырабе”. 

Ансамбль народнай музыкі “Выцінанка” з’явіўся ў 1981-м пры Столінскім гарадскім доме культуры. Заснавальнікам і кіраўніком калектыву стаў заўзяты фалькларыст і музыкант Пётр Іванавіч Астапчук. Малады паляшук сабраў аднадумцаў і літаральна пайшоў з імі па палескіх землях. Запісвалі вусную народную творчасць, а асабліва падрабязна — розныя абрады. Неўзабаве “Выцінанка” ператварылася ў жывы архіў традыцый. У фанатэцы — сотні песень. Пры гэтым асаблівую ўвагу калектыў надае манеры выканання, якой салісты вучыліся ў старэйшых мясцовых жыхароў. Спачатку “Выцінанка” была невялікім гуртам. З цягам часу склад павялічыўся — адпаведна, пашырыўся і гарызонт магчымасцей. 

За творчыя дасягненні ў 1992-м ансамблю прысвоілі званне народнага, а ў 2004-м — заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь. “Выцінанка” перамагае на шматлікіх конкурсах і фестывалях, актыўна канцэртуе.

ПАЛЕСКІ СТЫЛЬ ВЫКАНАННЯ 

У аснове рэпертуару ляжаць беларускія народныя мелодыі як у аўтэнтычным выглядзе, так і ў апрацоўцы — класічнай, джазавай, эстраднай, спевы, старадаўнія танцы. Ёсць кампазіцыі ўласнага напісання. “Выцінанка” мае сваё аблічча, стыль, уласцівы толькі палешукам. Манеру выканання Пётр Іванавіч пераняў у дзяцінстве ад вясковых музыкантаў з Лядца ў Столінскім раёне, адкуль кіраўнік ансамбля родам. 

Працэс гэты простым не назавеш. Спачатку неабходна некалькі разоў уважліва праслухаць народную песню. Затым яе запісваюць на магнітафон і спрабуюць выканаць. Усе ўдзельнікі калектыву — мясцовыя, выпадковых людзей няма. Талент і веданне музычнай граматы дапамагаюць паў- тарыць мелодыю максімальна блізка да арыгінала. Праўда, трэніравацца нале¬ жыць вельмі доўга, а што самае галоўнае — трэба ўкласці ў кожную песню душу. 

За некалькі дзясяткаў гадоў творчага жыцця артыстам удалося сабраць і стварыць багата непаўторных нумароў. Часцей за ўсё перад пачаткам новай працы кіраўнік праглядае літаратуру па гісторыі музыкі, звычаях і фальклоры, сустракаецца з этнографамі, вывучае развіццё музычных інструментаў, якія заўсёды былі “павадырамі” палешукоў. 

Упор у “Выцінанцы” робяць на гармонік, скрыпку, трубу і барабаны. Пра сваю творчасць артысты гавораць, што яна шматслойная, як пірог. Ёсць нумары чыста музычныя — іх толькі граюць. А ёсць з этнаграфічнымі элементамі, напрыклад вясельны абрад. Перад гледачамі разгортваецца вялікае касцюміраванае дзейства: у кожнага выканаўцы свая роля, і ён спрабуе максімальна раскрыць гэты вобраз. 

ПРЫЗНАННЕ — ЗАСЛУЖЫЛІ!

Калектыў пад кіраўніцтвам Пятра Іванавіча неаднаразова ўдзельнічаў ва ўрадавых канцэртах, у рэспубліканскіх акцыях “Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь!”, “Чарнобыльскі шлях — дарога жыцця”. У красавіку 2016-га “Выцінанка” прадстаўляла Брэсцкую вобласць у Ельску Гомельскай вобласці ў фінале марафону “Адраджэнне” з удзелам кіраўніка дзяржавы. 

Яркая старонка ў творчым летапісе ансамбля — шматлікія міжнародныя мерапрыемствы. Менавіта “Выцінанцы” ўпершыню даверылі прэзентаваць Беларусь у маі 2015 года на Сусветнай выставе “ЭКСПА” ў італьянскім Мілане. Артысты паўтарылі поспех у 2017-м у Казахстане, а ў 2021-м здзіўлялі канцэртамі ў нацыянальным павільёне нашай краіны на гэтым жа форуме ў Дубаі. 

Пётр Іванавіч прызнаецца: каб быць у трэндзе, неабходна сачыць за моднымі павевамі. Часцей за ўсё народную творчасць не разумеюць тыя, хто не ведае сваіх каранёў, хто не бачыць, што гэта не проста ігра на інструменце, гэта — душа народа, палешукоў, якую ў калектыве берагуць. Гледачы “Выцінанкі” — і выхаванец дзіцячага сада, і чалавек сталага ўзросту. Добрыя творы і віртуознае выкананне заўсёды прывабліваюць. 

— Перспектывы і планы, — кажа кіраўнік ансамбля, — у калектыву багатыя. Выступаць, удзельнічаць у фестывалях і конкурсах. Шукаць новыя песні, ставіць нумары. Штодня карпатліва працаваць, таму што без гэтага немагчыма дасягнуць сапраўднага майстэрства. 

Ганна САКАЛОВА 

Фота з архіва ансамбля