Здымкі праекта “Мы адзіныя”

Апублiкавана: 10 кастрычнiка 2022 Кiно Кіно Мiнская вобласць

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Стралковыя акопы, парослыя мурагом зямлянкі, разбураныя бліндажы, бязлюдныя сельскія хаты з пацямнелымі саламянымі стрэхамі... Ад’ехаўшы ўсяго 40 кіламетраў ад Мінска ў бок Смалявічаў, можна апынуцца ў дзіўным месцы — на натурнай пляцоўцы “Беларусьфільма”. Калі ўзгадаць які-небудзь айчынны фільм пра вайну і партызан, то, без сумневу, яго здымалі менавіта тут. Мясцовыя жыхары даўно ахрысцілі лакацыю беларускім прататыпам Галівуда.

У “Смалявудзе” зноў закіпела кіношнае жыццё! На пачатку кастрычніка на пляцоўцы стартавалі здымкі праекта з працоўнай назвай “Мы адзіныя”. Кінастужка раскажа гледачу пра жыццё насельніцтва Заходняй Беларусі ў 1925 годзе пасля заключэння Рыжскага мірнага дагавора.

У цэнтры аповеду — гісторыя двух братоў са Стоўбцаў: Антона і Паўла Бойкаў. Па сюжэце ўжо чатыры гады ў Заходняй Беларусі адбываюцца хваляванні, ідзе партызанская вайна, працуюць агенты савецкай разведкі. Галоўны герой Павел, якога грае малады расійскі акцёр Данііл Чуп, жыве са сваёй маці каля мяжы БССР і не жадае быць уцягнутым у канфлікт. Яго старэйшы брат Антон (ролю выконвае расіянін Іван Батыраў) — партызан, што змагаецца з польскай уладай. Смерць маці прымушае братоў задумацца пра простыя чалавечыя каштоўнасці. У фільме будуць паказаны два розныя характары родных па крыві людзей. Кожнага з іх чакае свой звілісты шлях, на якім прыйдзецца прымаць вызначальныя рашэнні.

ЦІШЫНЯ НА ПЛЯЦОЎЦЫ!

Здымачны працэс пачынаецца з дзевяці гадзін раніцы, калі каманда рыхтуе пляцоўку да першай сцэны. Усё выглядае маштабна, бо задзейнічана каля 30 чалавек, і кожны з іх дакладна ведае сваю працу: замацаваць аператарскую каляску, выставіць святло, падрыхтаваць коней, загрыміраваць акцёраў, праверыць піратэхніку, яшчэ раз прайсціся па сцэнарыі. Перад першым дублем абавязкова праходзяць рэпетыцыі: галоўны герой заязджае на кані ў кадр, спешваецца і гутарыць з братам, самая нязначная недакладнасць — і ўсё пачынаецца зноў. Для таго каб стварыць той самы ідэальны кадр з экранным часам у тры хвіліны, патрабуецца мінімум два дублі з розных ракурсаў. “Цішыня на пляцоўцы! Здымкі пайшлі!” — з гэтых слоў пачынаецца магія кіно.

Рэжысёр Андрэй Хрулёў абяцае, што фільм атрымаецца дынамічным і захапляльным: “Вялікая колькасць сцэн будзе праходзіць на натурнай пляцоўцы, таксама плануюцца здымкі ў інтэр’ерах. Для стварэння карціны будуць задзейнічаны розныя гарады Беларусі. Напрыклад, у аграгарадку Сноў здымем сцэну суда, дзе падпольшчыкі вызваляюць сваіх таварышаў. Плануем з’ездіць і ў Гальшаны, і ў Ракаў — наведаем усе лакацыі, дзе захаваліся кавалачкі той эпохі”. Пра сваё стаўленне да карціны рэжысёр гаворыць: “Для мяне гэта перш за ўсё гісторыя простых людзей, пра тое, як хтосьці ў цяжкіх умовах можа захаваць сваю годнасць, а хтосьці губляе чалавечы твар”.

ДРАМА І КРАНАЛЬНЫЯ СЦЭНЫ

У першы здымачны дзень працавалі над пачаткам фільма, а дакладней над 11-м эпізодам. Акцёры былі пагружаныя ў атмасферу лістапада 1925 года. Імглістая раніца, навокал небяспека: асноўнае дзеянне адбываецца ў партызанскім лагеры, дзе часова хаваюцца савецкія падпольшчыкі. Галоўны герой, нягледзячы на пагрозу для жыцця, прыязджае паведаміць брату, што іх маці захварэла. Антон, адданы сваім перакананням, настойліва схіляе Паўла перайсці на бок чырвоных. Тут паміж братамі завязваецца шчырая размова пра блізкасць, ідэалы і выбар. Мяркуючы па ўсім, кінастужка будзе насычаная драматычнымі момантамі і кранальнымі сцэнамі. Паводле слоў сцэнарыстаў, не абыдзецца і без любоўнай лініі. На ролю каханай Паўла, савецкай разведчыцы Лесі Рубцовай, зацверджана расійская актрыса Антаніна Дзівіна.

ЗНАЁМЫ КОЖНАМУ З НАС

Пра свайго персанажа Паўла акцёр Данііл Чуп расказвае: “У нейкай меры заўсёды патрэбна імкнуцца наблізіцца да таго, што робіш, каб праўдападобна адлюстраваць героя. Мы ўсё-такі не жывём, а граем у абставінах, у якіх знаходзіўся чалавек. Яны мне невядомыя, я магу толькі выказаць здагадку, што адбывалася ў той час. Пры падрыхтоўцы да ролі трэба вывучыць гісторыю, пачытаць пра час і месца, аб якіх здымаецца карціна. І вось так, крок за крокам, паспрабаваць наблізіцца да свайго персанажа. Што атрымаецца ў рэшце рэшт, ніколі не ведаеш, але прыкладзеныя старанні — гэта вынік працы”.

У нейкіх момантах Павел знаёмы кожнаму з нас: ён малады і хоча проста жыць, кахаць, працаваць. На пачатку карціны ён перакананы, што яму нецікавае тое, што робіцца вакол. Але з часам абставіны вымушаюць яго дзейнічаць, ён ужо не можа заставацца ўбаку. У выніку адбываецца трансфармацыя галоўнага героя — ён змяняе свой светапогляд.

РОБІМ ЯКАСНАЕ КІНО ДЛЯ СЯБЕ

Праца над фільмам пачалася ў канцы мінулага года. Як прызнаецца каманда, сцэнарый рыхтавалі доўга і перапісвалі некалькі разоў. Не абышлося без выкарыстання гістарычных матэрыялаў, вывучэння архіваў. Дзякуючы гістарычным кансультантам, якія дапамагалі прапісваць тыя ці іншыя драматургічныя лініі і ўяўляць побыт людзей таго часу, эпоха адлюстраваная максімальна верагодна.

Паводле слоў генеральнага дырэктара кінастудыі Уладзіміра Карачэўскага, работа над карцінай вялася доўга і старанна: “Нарэшце, чаканы дзень наступіў: пачаліся здымкі першай часткі, спадзяюся, будучай трылогіі «Мы адзіныя». Увосень павінны адбыцца ўсе здымкі, са снежня мы мяркуем увайсці ў мантажна-планавальны перыяд, і ў маі работы будуць завершаны. Важна адзначыць, што ў фільме бяруць удзел расійскія і беларускія артысты — атрымалася добрая міжнародная каманда. Мы робім якаснае кіно насамперш для сябе і хочам, каб «Беларусьфільм» мог ганарыцца такім творам. Ёсць жаданне, каб пасля прагляду фільма людзі выходзілі з важным унутраным разуменнем, што значыць быць беларусам, што значыць шанаваць гэтую зямлю і не здраджваць сваім ідэалам”.

З аднаго боку, у фільме будзе пададзены драматычны час, з іншага боку, ёсць элементы трылера: і кантрабандысты, і партызаны, і пагоні. Аднак у першую чаргу ў ім закладзена вельмі важная ідэя: беларусы павінны быць разам. “Гэта фільм пра тое, як трэба берагчы родных і блізкіх, што такое Радзіма, што значыць быць патрыётам, рабіць выбар у сваім жыцці. Гэтыя ўсе простыя ісціны адлюстраваныя ў сцэнарыі фільма”, — заўважыў генеральны дырэктар кінастудыі.

Апошнім часам ад беларускага кіно чакаюць шмат чаго: глядач згаладнеў па цікавым айчынным метры. Гістарычныя фільмы пра вайну ў нейкай меры прыеліся, нягледзячы на гэта, нацыянальная кінастудыя гатовая пераканаць сваіх прыхільнікаў і давесці, што такі жанр будзе заўсёды актуальны і запатрабаваны.

Працэс здымак поўнаметражнага фільма — карпатлівы і доўгі. Для стварэння лепшых дубляў творчая каманда праводзіць на пляцоўцы па 12 гадзін, хаця карціна будзе доўжыцца паўтары гадзіны. Якой яна атрымаецца? Убачым летам наступнага года, кінастужку плануюць прэзентаваць да Дня Незалежнасці. 

Настасся ЮРКЕВІЧ 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ