У гушчы падзей — “Цэнтральны”

Апублiкавана: 13 сакавiка 2024 Кiно Кіно Мінск Дата

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Сёлета 70-гадовы юбілей адзначае найстарэйшы кінатэатр Мінска. Пра шлях, які прайшоў “Цэнтральны”, і яго будучыню — у размове з дырэктарам Святланай Віткоўскай.

Гісторыя “Цэнтральнага” пачалася 10 лютага 1954 года. Пабудаваны па праекце Генадзя Баранава і Міхаіла Асмалоўскага ў пяціпавярховым цагляным жылым доме, кінатэатр заняў у кампазіцыі будынка асноўнае месца і ўпрыгожыў галоўную вуліцу сталіцы. Сёння кінатэатр з’яўляецца помнікам архітэктуры і захоўвае ўвесь візуальны “строй”: калоны, ляпніны, аркі. Ды гэта не перашкаджае яму ісці ў нагу з часам і ўдасканальваецца, каб быць камфортным для наведвальнікаў. 

— Пасля апошняй рэканструкцыі зала пераабсталяваная з умовамі паказу 3D. Хоць колькасць месцаў скарацілася да 166, яны сталі больш камфортнымі: павялічылася адлегласць паміж радамі, з’явіліся ўтульныя крэслы, двухмесныя канапы. У зале ўстаноўлена кандыцыянаванне, а для бяспекі наведвальнікаў працуе сістэма відэаназірання, — распавядае Святлана Віткоўская. 

НЕ ТОЛЬКІ ПРА КІНО 

“Цэнтральны” ўжо які год захоўвае рэпутацыю асяродка культурнага жыцця Мінска. Гэта не проста месца, дзе можна паглядзець доўгачаканую навінку. У афішы заўсёды знойдуцца цікавыя праекты. Так, з 2003 па 2013 год тут дзейнічаў Клуб дакументальнага кіно, арганізаваны сумесна са студыяй “Летапіс” Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Праходзілі творчыя вечары з удзелам вядомых майстроў дакументальнага кіно, прэм’еры, сустрэчы з аўтарамі і героямі фільмаў. З 2004 па 2008-ы кінатэатр прымаў удзел у праекце “Кінафармат 4х4”, у рамках якога гледачоў знаёмілі з арт-хаўснымі стужкамі на мове арыгінала. Такую практыку ў “Цэнтральным” працягваюць і сёння. 

— Акрамя фільмаў са звычайнага пракату, мы паказваем арт-хаўснае, фестывальнае кіно, праводзім сеансы на мове арыгінала з субтытрамі, — адзначае Святлана Уладзіміраўна. — Некалькі разоў на год праводзім “Музейныя выхадныя”: на працягу трох дзён (з пятніцы па нядзелю) у кінатэатры можна паглядзець музейныя шоу, дакументальныя фільмы, якія пераносяць гледачоў у самыя вядомыя музеі свету і знаёмяць з унікальнымі выставамі. Але наш самы маштабны праект — Theatre HD, дзе мы паказваем кінатэатральныя пастаноўкі. Прэм’ера адбылася ў кастрычніку 2015-га операй “Трубадур” і спектаклем “Гамлет”. На абаіх быў аншлаг. З кожным годам праект пашыраўся, зараз мы паказваем і балетныя пастаноўкі, і мюзіклы, і канцэрты. З’явілася нават асобнае “адгалінаванне”, праект “Артлекторыі ў кіно” — фільмы пра мастакоў і напрамкі ў мастацтве. 

Летась у “Цэнтральным” стартаваў сумесны праект з дзяржаўным камерным аркестрам “Жывая музыка кіно”. Гэта нямое кіно пад жывое музычнае выкананне. Пра цікавасць да праекта гавораць поўныя залы. 

— Гледачы адрэагавалі цудоўна. Сёлета ў рамках праекта ўжо паказалі “Сем шанцаў“ Бастэра Кітана і “Узыход сонца“ Фрыдрыха Мурнаў. Апошні, дарэчы, выклікаў вялікую цікавасць у гледачоў, таму плануем паўтарыць паказ 6 сакавіка. Мы заўсёды стараемся прыцягнуць новую публіку, таму пашыраем рэпертуар: перыядычна запрашаем на фільмы-канцэрты вядомых замежных выканаўцаў і груп, спецыяльныя серыі папулярных тэлевізійных серыялаў. 

ЗАКАНАДАЎЦЫ МОДЫ 

“Цэнтральны” не толькі трымае руку на пульсе культурных падзей сталіцы, але і дае старт міжнародным мерапрыемствам. Так, напрыклад, кінатэатр першым стаў на пастаяннай аснове праводзіць паказы папулярнай японскай анімацыі, што адразу прывабіла моладзь. Далучае “Цэнтральны” свайго гледача і да выяўленчага мастацтва. 

— Калі верыць нашым “старажылам”, у свой час мы былі першымі сярод кінатэатраў, хто вырашыў рэгулярна арганізоўваць выставы ў фае, — падкрэслівае Святлана Віткоўская. — Зараз такія імпрэзы — неад’емная частка “Цэнтральнага”. Выстаўляюцца ў нас фатографы і мастакі, праводзяць выніковыя выставы мастацкія школы і студыі. Экспазіцыі мяняюцца кожны месяц. 

“Цэнтральны” — упадабанае месца для правядзення Дзён кіно розных краін, творчых сустрэч з акцёрамі і рэжысёрамі, прэзентацый, тэматычных кінаквізаў перад гучнымі прэм’ерамі. Штогод кінатэатр прымае ўдзел у паказах фільмаў праграмы кінафестывалю “Лістапад”. За 70 гадоў свайго існавання “Цэнтральны” палюбіўся жыхарам і гасцям Мінска, знайшоў свайго гледача, якога працягвае радаваць новымі праектамі, яркімі прэм’ерамі і культурнымі падзеямі. 

Яўгенія ГАБЕЦ 

Фота Ульяны КАСЦЮНІНАЙ