Штрыхі памяці

Апублiкавана: 20 сакавiка 2024 Стужка Бібліятэкі Мінск

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Беларусь святкуе 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Шэраг падзей да гэтай даты ў Нацыянальнай бібліятэцы працягвае выстава “Мова ваеннай ілюстрацыі”. Яна прысвечана творчаму пераасэнсаванню трагедыі і гераізму народа ў выяўленчым мастацтве.

Арганізатары склалі шырокую панараму — ад твораў, што мабілізавалі і падтрымлівалі людзей падчас вайны, да работ наступных дзесяцігоддзяў, натхнёных подзвігам беларускага народа. Дзякуючы супрацоўніцтву з партнёрамі атрымалася напоўніць экспазіцыю дзясяткамі ўнікальных музейных прадметаў, выданняў, твораў мастацтва. 

Фрагменты экспазіцыі “Мова ваеннай ілюстрацыі”

Фрагменты экспазіцыі “Мова ваеннай ілюстрацыі”

Свой унёсак у праект зрабілі Беларускі саюз мастакоў, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Так, напрыклад, на выставе з’явіліся рэчы-сведкі крывавага часу: друкарскі станок, якім карысталіся ў Палескім падпольным абкаме КП(б)Б, друкарская машынка мінскіх падпольшчыкаў, каскі і біноклі, самаробныя штампы. 

АЛОЎКІ НА ВІНТОЎКІ 

Своеасаблівай зброяй былі агітацыйныя плакаты. Яны стваралі негатыўны вобраз ворага, ядналі савецкіх грамадзян, падмацоўвалі лютасць да захопнікаў і ў той жа час нагадвалі пра любоў да радзімы, сям’і, свайго дому. Гэтыя аркушы лаканічныя і яркія. Іх героі зазвычай рашучыя і энергічныя. Без перабольшання: такія творы адыгралі значную ролю ў разгроме праціўніка, бо мабілізавалі на барацьбу з агульнай бядой, гартавалі веру ў перамогу. 

Яшчэ на выставе “Мова ваеннай ілюстрацыі” прэзентаваны шматлікія сатырычныя плакаты. Яны таксама зрабілі немалы ўклад у згуртаванне савецкіх людзей праз гумар — колкі і нават прыніжальны ў дачыненні да ворага. Напрыклад, захопнікаў высмейвалі ў сатырычным лістку “Партызанская дубінка”, які выходзіў з сакавіка 1942 года ў Маскве для распаўсюджання на акупаванай тэрыторыі Беларусі. Яркай з’явай ваеннага часу была і газета-плакат “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Што адметна, у выданні працавала мноства выдатных прафесіяналаў: Мікалай Гуціеў, Іван Ахрэмчык, Яўген Зайцаў, Міхась Філіповіч ды іншыя. 

ПРАЎДА ВАЙНЫ 

Надзвычай каштоўнымі дакументамі пары ліхалецця з’яўляюцца партызанскія рукапісныя часопісы. Народныя мсціўцы напаўнялі іх аповедамі пра свой побыт, пра бітвы і герояў. Вядома, такія самаробныя выданні аздаблялі малюнкамі. Да нашых дзён дайшлі ўнікальныя матэрыялы: напрыклад, справаздача па гісторыі стварэння і дзейнасці партызанскай брыгады “За Савецкую Беларусь”, выніковая справаздача аб дзейнасці партызанскай брыгады імя П.К. Панамарэнкі ды часопісы іншых згуртаванняў. Праз партрэты, віды разбураных селішчаў, замалёўкі баявых дзеянняў і штодзённага жыцця сёння яны перадаюць гледачам праўду вайны. 

Наведвальнікі Нацыянальнай бібліятэкі маюць унікальную магчымасць азнаёміцца з сапраўднай бібліяграфічнай рэдкасцю — кнігамі кішэннага фармату ў мяккай вокладцы. Найперш гэта адмысловая літаратура па стралковай справе, уладкаванні і прымяненні зброі, маскіроўцы, тактыцы. Але сярод экспанатаў ёсць і нямала мастацкіх выданняў. Прыкладам, зборнікі “Табе, Беларусь!” Пімена Панчанкі і “Голас зямлі” Якуба Коласа. Фармат і аб’ём дазваляў зберагаць такія кніжкі ў кішэні салдацкай гімнасцёркі ці ў палявой сумцы афіцэра. 

СУАЎТАРЫ ПІСЬМЕННІКАЎ 

Асобная частка экспазіцыі, што натуральна для галоўнай бібліятэкі краіны, прысвечана кніжнай ілюстрацыі. Многія асобы, якія сталіся сапраўднымі мэтрамі гэтага віду мастацтва, самі перажылі ліхалецце, зведалі жахі вайны — кожны па-свойму. Можа, таму так шмат увагі надавалі тэме Вялікай Айчыннай у творчасці, так пранікнёна і дакладна перадалі ў аркушах пакуты і гераізм нашага народа. 

Васіля Шаранговіча вайна напаткала ў роднай вёсцы на Мядзельшчыне двухгадовым хлопчыкам. У памяці класіка захаваліся пакуты мірных жыхароў акупаванай зямлі. Увесь гэты боль адлюстраваны ў славутай серыі літаграфій “Памяці вогненных вёсак”, адзначанай Дзяржаўнай прэміяй БССР. Не менш магутнае ўражанне ствараюць работы Васіля Шаранговіча ў кніжнай графіцы. Да прыкладу, ілюстрацыі да раманаў “Сорак трэці” і “Вецер у соснах” Івана Навуменкі. 

Фрагменты экспазіцыі “Мова ваеннай ілюстрацыі”

Фрагменты экспазіцыі “Мова ваеннай ілюстрацыі”

Тэма Вялікай Айчыннай вайны мела асаблівае значэнне і для Георгія Паплаўскага. “Адноснае веданне матэрыялу, як і адноснае майстэрства, не можа спрыяць сапраўды мастацкага твора”, — сцвярджаў ён. І заўсёды працаваў згодна з гэтым прынцыпам. Будучы народны мастак Беларусі падлеткам перажыў акупацыю ў Бабруйску, бачыў голад, страты і пажарышчы. Таму агульнанародная трагедыя заўсёды была афарбавана асабістымі ўспамінамі. Яшчэ ў сярэдзіне 1960-х Георгій Паплаўскі задумаў серыю “Памяць”, якая пазней атрымала развіццё ў ілюстрацыях да твораў Алеся Адамовіча. Акрамя таго, па матывах кніжнай графікі створаны станковыя серыі, што паспяхова дэманстраваліся на выставах. 

Арлен Кашкурэвіч у працы над ваеннай тэмай пазбягаў наўпроставага гістарычнага паказу ці адно толькі гераічнага пафасу. Як запэўніваюць мастацтвазнаўцы, яго творчае крэда — “чалавек трагічны”. То-бок творца канцэнтраваў увагу на неабходнасці маральнага выбару, на адчаі. І ў кожнай рабоце ён сцвярджаў сваё перакананне, што мастак з’яўляецца суаўтарам кнігі. Не проста ілюстраваў, а пранікаў у сутнасць тэксту і яго філасофскі, этычны змест. Яркі доказ таму — адметнае прачытанне “Найдорфа” Івана Пташнікава, “Хатынскай аповесці” Алеся Адамовіча. 

УНУКІ ПЕРАМОЖЦАЎ 

Памяць пра ахвяр і герояў Вялікай Айчыннай вайны перадаецца з пакалення ў пакаленне. Па сёння ў значныя даты беларусы ідуць да мемарыялаў ушанаваць продкаў, ствараюцца новыя манументы. Мы маем нямала прыкладаў своеасаблівага прачытання ваеннай тэмы ў сучаснай скульптуры. 

Сярод работ нашых сучаснікаў на выставе прадстаўлены эскізы помнікаў “Беларусь — маці ў смутку” для мемарыяльнага комплексу памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці, помніка савецкім салдатам, якія загінулі ў 1943—1944 гадах на рацэ Проня, помніка “Журботная маці” на брацкай магіле на праспекце Дзяржынскага ў сталіцы. Унукі пераможцаў даюць сваю непаўторную трактоўку тэмы, што стала адной з вядучых у айчынным мастацтве. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота аўтара