Дысцыпліна, якая вядзе да поспеху

Вольга Зайтулаева — стыпендыятка спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, пераможца рэспубліканскага конкурсу харэаграфічнага мастацтва “Дэнс кангрэс — 2023” — даказала, што здольная спраўляцца з цяжкасцямі ў адзіночку. Пра важнасць дысцыпліны і прафесійнай адукацыі расказвае кіраўнік ансамбля Міханавіцкага цэнтра культуры.

— Танцы — гэта любоў з дзяцінства? 

— Я заўсёды была гіперак- тыўнай, таму бацькі вырашылі скіраваць маю энергію ў правільнае рэчышча. У чатыры гады бабуля адвяла мяне на народныя танцы — менавіта імі яна займалася ў маладосці. Пасля я памяняла студыю і стала вывучаць такія напрамкі, як дыска, кантэмп, акрабатыка, чырлідынг і класічны танец. Мая першая перамога адбылася ў 2014 годзе ў Маскве на фестывалі World of dance Olympiad, дзе мы з сяброўкай выступілі дуэтам. Захапіўшыся хіп-хопам, рызыкнула прайсці кастынг у каманду танцавальнай школы “Bizon”. Калі мяне ўзялі, шчасцю не было мяжы. Пачаўся новы віток у маім развіцці: мы пастаянна ўдзельнічалі ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, у зборах, дзе наведвалі па 4-5 майстар-класаў у дзень. Нас выхоўвалі як сапраўдных прафесіяналаў: штодзённыя трэніроўкі, а пропуск заняткаў выключна па хваробе. Гэта і загартавала мяне на доўгія гады. 

Вольга Зайтулаева

Вольга Зайтулаева

— У вас быў вялікі танцавальны бэкграўнд, і ў 2019 годзе вы паступілі ў Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў на аддзяленне народнага танца. Чаму вырашылі атрымаць прафесійную адукацыю? 

— Я выразна ўсведамляла, што хачу звязаць жыццё з творчасцю. Цвёрда перакананая, што ў кожнай сферы павінен працаваць адукаваны спецыяліст: я старанна рыхтавалася да паступлення ў каледж і здала ўсе іспыты на 9. Наш дзень пачынаўся ў 8.30 з урока класічнага танца. Гэта была адна з асноўных дысцыплін, якая давала разуменне, як правільна працаваць са сваім целам. 

— Каму з настаўнікаў вы больш за ўсё ўдзячная? 

— Усе выкладчыкі МДКМ уклалі ў мяне часцінку душы. Наталля Іванаўна Мачалава вучыла класічнаму танцу. Яна сапраўдны прафесіянал, на якога хочацца раўняцца, заўсёды патрабавала ад нас лепшых вынікаў і падтрымлівала жалезную дысцыпліну. Народны танец выкладала Ірына Уладзіміраўна Вусціна. Ёй я ўдзячная за ўсе вывучаныя танцы: беларускія, расійскія, якуцкія, ірландскія, цыганскія і многія іншыя. Была яшчэ і сучасная харэаграфія, з якой нас знаёміла Юлія Аляксандраўна Суляк — неверагодна таленавіты харэограф-пастаноўшчык. Мне нават пашчасціла выступаць з яе камандай! Раю ўсім абітурыентам паступаць у гэтую навучальную ўстанову. 

— Як вам удавалася падчас вучобы знаходзіць час на самарэалізацыю? 

— На першым курсе праз вялікую нагрузку я сышла з танцавальнай каманды. Наступіў новы этап у жыцці, калі за мой прагрэс па-за сценамі альма-матар была адказная толькі я. Пачала самастойна наведваць танцавальныя студыі і майстар-класы па розных стылях. Выходзіла на чэмпіянаты за межамі каледжа, каб напрацоўваць сцэнічны вопыт. Не хацела паніжаць планку і губляць навыкі, якія набыла за столькі гадоў. У выступленне заўсёды ўкладвала душу, а не проста метадычна дэманстравала завучаныя рухі. 

— Ваш шлях да перамогі на рэспубліканскім конкурсе харэаграфічнага мастацтва “Дэнс кангрэс” быў цярністым. Раскажаце сакрэт поспеху? 

— Упершыню ўдзельніча- ла ў спаборніцтве ў 2022-м. У катэгорыі “сола” выступіла з дзвюма пастаноўкамі па кантэмпе. Тады дадому я вярнулася з бронзавым медалём. У маёй карціне свету конкурсы не створаны для задавальнення ці проста ўдзелу, туды трэба ісці па перамогу, каб горда заявіць самой сабе: я найлепшая! Таму ў 2023-м вярнулася на конкурс зноў. Вырашыла памяняць тактыку і паставіла абсалютна розныя нумары: эксперыментал кантэмп і high heels. І мне ўдалося перамагчы. Чула шмат станоўчых каментарыяў ад журы і калег. Хтосьці можа сказаць — пашанцавала, але вынік залежыць выключна ад колькасці праведзенай працы. Падчас уручэння ўзнагароды адчувала велізарны гонар за свае пастаноўкі. Я зрабіла іх адна, без старонняй дапамогі, і мяне ацанілі. Думаю, гэта стала фінальным штуршком да ўсведамлення, што я сфармавалася як танцор. 

— Ужо паўгода вы працуеце ў Міханавіцкім цэнтры культуры. Чаму ў якасці размеркавання выбралі менавіта гэтую ўстанову? 

— Каледж я скончыла з чырвоным дыпломам, і мяне бралі без экзаменаў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Я адмовілася, бо было вялікае жаданне паспрабаваць сябе ў ролі настаўніка. За год да размеркавання пачала весці групы выхаднога дня ў Міханавіцкім цэнтры культуры, а пазней прыйшла да іх на размеркаванне. Тры разы на тыдзень вяду заняткі ў дзяцей ад 4 да 16 гадоў. Таксама працую з асаблівым хлопчыкам, у якога ёсць затрымка ў развіцці. Ён мой першы вучань, заўсёды прыходзіць на заняткі з задавальненнем. 

"Пасля атрымання спецыяльнай прэміі фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі зразумела, што маю вялікае значэнне для сваёй краіны і магу ўнесці ўклад у развіццё культуры".

Для маленькіх выкладаю эстрадную аснову: робім практыкаванні на каардынацыю, развіваем музычны слых, пластыку, развучваем рухі ў гульнявой форме. Асвойваем такія элементы, як масткі, колы, стойкі. Я аб’ектыўна ацэньваю іх магчымасці і хачу ўмацаваць іх цела. Для падлеткаў у мяне — хіп-хоп і расцяжка, а з дарослымі вывучаем асновы high heels. 

— Вас настаўнікі вучылі працаваць на вынік. Якія мэты ставіце вы перад сваімі выхаванцамі? 

— Цяпер мае падлеткі развіваюць самастойнасць. Робяць сольныя пастаноўкі на аснове засвоенага матэрыялу, а я рэдагую. У студзені адбыўся справаздачны канцэрт, дзе яны выдатна сябе праявілі. Зараз рыхтуемся выступіць на раённым конкурсе, які будзе прысвечаны ваеннай тэме. У сакавіку і ў красавіку — актыўная конкурсная дзейнасць. У мяне вялікія планы на кожнага з 40 чалавек. Яны ўсе таленавітыя, маюць патэнцыял. На маіх занятках заўсёды высокая наведвальнасць, і нават пачалі пераходзіць дзеці з платных студый. Думаю, гэта паказчык маёй якаснай працы. 

— Не так даўно вы сталі стыпендыяткай спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Як адрэагавалі на такую навіну? 

— Не верыла, што калі-небудзь траплю ў банк таленавітай моладзі. Але калі гэта адбылося, зразумела, што маю вялікае значэнне для сваёй краіны і магу ўнесці ўклад у развіццё нашай культуры. 

Настасся ЮРКЕВІЧ 

Фота з архіва гераіні