Мінулае, адбітае ў метале. Частка 2

Апублiкавана: 21 сакавiка 2024 Стужка Музеі не указан Гістарыёграф

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Зміцер

Працягваем знаёміць чытачоў з цікавай старонкай беларускай гісторыі і сучаснасці — медальерствам, што адзначыла 500-гадовы юбілей. Калі гэтае мастацтва з’явілася на нашых землях, якія тэмы цікавілі майстроў і як памятныя медалі зрабіліся прадметам апантанага калекцыянерства — разгледзім сёння.

ТЭМЫ ВЕЧНЫЯ ЯК СВЕТ 

У 1802 годзе да ўстава пецярбургскай Акадэміі мастацтваў было дададзена важнае ўдакладненне: “Истинная и благороднейшая цель искусства состоит в том, чтобы сделать добродетель ощутительною, предать бессмертию славу великих людей, заслуживших благодарность отечества, и воспламенить сердца и разум к последованию…” Гэтыя словы, вядома ж датычыліся ўсіх відаў мастацтва, але да медальерства — перадусім, бо ад самага свайго зараджэння яно служыла заяўленым мэтам. І такі стан рэчаў захоўваецца па сёння. 

ГАЛАНЗЕЦ ПРЫ ДВАРЫ 

Каля 1561 года ў Вялікае Княства Літоўскае трапіў малады, але ўжо вядомы майстра з Утрэхта Стэвэн ван Гейвійк. Пры двары ў Вільні ван Гейвійк атрымаў замову на выраб серыі партрэтаў каралеўскай сям’і — Жыгімонта І Старога, Боны Сфорцы, Жыгімонта Аўгуста, Барбары Радзівіл ды іншых. Арыгінальная серыя была выканана з волава, якое найлепей паддаецца мадэляванню. Тыя ж медалі са срэбра і бронзы, на думку даследчыкаў, былі другаснымі, бо не мелі ўжо таго дасканалага выгляду. “Пазіравалі” для ван Гейвійка не рэальныя асобы, а іх мініяцюрныя партрэты, якія вырабіў у 1553—1555 гадах знакаміты нямецкі мастак Лукас Кранах Малодшы (1515—1586). Завяршыўшы маштабны праект, творца падрыхтаваў у 1562-м ужо цалкам аўтарскі праект з выявай караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста. Промысел майстра ў Вільні доўжыўся некалькі месяцаў, пасля чаго ён з’ехаў у Англію. 

Праца на сярэднявечнай мынцы, Ганс Буркмайер, XVII ст.

СПРАВУ НА ПАТОК 

Новы перыяд у гісторыі айчыннага медальерства звязаны з постаццю трансільванскага князя Стэфана Баторыя, які заняў трон Рэчы Паспалітай у 1575 годзе. Сталіцай ён зрабіў Горадню ды атабарыўся ў Старым замку на стромкім беразе Нёмана (замак сёння актыўна рэстаўруецца і карыстаецца вялікім попытам у турыстаў). Пры ім Вільня становіцца галоўным асяродкам медальнага мастацтва ў краіне. Паспрыяла гэтаму аднаўленне ў 1578-м віленскай мынцы (манетны двор). Прычым калі раней медалі (даволі высокіх мастацкіх якасцей) у асноўным былі літыя, то з гэтага часу пачала павялічвацца колькасць бітых, што ўжо давала магчымасць ставіць справу, як кажуць, на паток, пераўтвараючы мастацтва ў рамяство. Імёны майстроў, якія працавалі ў 1576—1586 гадах, засталіся невядомымі. Лічыцца, што гэта былі пераважна працаўнікі манетнага двара, якія, акрамя асноўнага занятку, спрабавалі свае сілы і ў новай галіне дзейнасці. На карысць гэтага сцвярджэння сведчаць клейны, якія сустракаліся на “прадукцыі” мынцы. 

Першым, падаецца, быў авальны медаль з нетыповым для таго часу рэалістычным партрэтам Стэфана Баторыя (1582). Яшчэ адзін твор меў падабенства з рымскай манетай часоў імператара Веспасіяна. Залатыя асобнікі раздаваліся ганаровым гасцям на вясельнай урачыстасці Грызельды, дачкі Баторыя, з Янам Замойскім, а срэбныя раскідваліся сярод натоўпу на вуліцах. Віленскай мынцы, відаць, належыць таксама і жэтон літоўскага падскарбія Яна Глябовіча (1581). Давялося там папрацаваць і вядомаму медальеру з Дрэздэна Рудольфу Лехману, аўтару каранацыйных медалёў Жыгімонта ІІІ і жэтонаў на ўспамін аб каралеўскім вяселлі. 

МЕЦЕНАТЫ І МЕДАЛЬЕРЫ 

Пасля скону Стэфана Баторыя на даволі працяглы перыяд, з 1587 па 1668 год, трон Рэчы Паспалітай заняла дынастыя Вазаў, нашчадкаў Ягелонаў па жаночай лініі. Першы з іх, Жыгімонт ІІІ Ваза, вялікую увагу надаваў развіццю мастацтва, літаратуры і музыкі. Манарх часта асабіста запрашаў медальераў, заключаў з імі дамовы, вельмі цікавіўся іх працай і нават падказваў тэмы, а калі выдавалася вольная хвіліна, сам ахвотна займаўся творчасцю. Праўда, як лічаць даследчыкі, не засталося аніводнай створанай ім медалі, затое багата згадак аб тым, што ён ахвотна адорваў сваіх сяброў ўласнымі вырабамі. Ды ва ўлётках, якія распаўсюджваліся пры жыцці караля, яго мастацкія прыхільнасці і захопленасць калекцыянерствам высмейваліся. Аднак з цягам часу ўсё больш і больш свецкіх і духоўных асоб заражаліся ме- дальерскай модай. Попыт быў такі, што ў гэтыя часы медалі для “ўнутраных патрэб” вырабляліся не толькі ў Рэчы Паспалітай, але часам замаўляліся і ў замежных майстроў. 

Ад Жыгімонта ІІІ жывую цікавасць да гэтага віду мастацтва пераняў яго сын Уладзіслаў IV. Яшчэ будучы юнаком, падчас вандроўкі па Чэхіі ён даў зрабіць некалькі сваіх партрэтаў слыннаму Алясандра Абандзёві, які працаваў у сярэдзіне 1620-х у Празе. Стаўшы каралём, Уладзіслаў працягваў надаваць вялікую ўвагу медальерству, аб чым сведчыць 150 (!) медалёў, датычных яго асобы або панавання. Апошні з Вазаў, малодшы брат Уладзіслава Ян Казімір, ачоліў краіну ў 1669 годзе. Спрабуючы падвысіць сваю папулярнасць у народзе, кароль спрычыніўся да масавай вытворчасці памятак з любой больш-менш заўважнай нагоды. 

Завяршылася XVII стагоддзе панаваннем караля Яна ІІІ Сабескага. Будучы вялікім аматарам мастацтва, кароль актыўна запрашаў у сваю новую рэзідэнцыю ў Вільянаве мастакоў, скульптараў, злотнікаў. З мэтай увекавечання сваіх гераічных учынкаў Сабескі замаўляў карціны і медалі. 

РАДЗІВІЛАЎСКАЯ СКАРБНІЦА 

Падмурак цікавасці да ме- дальерства, закладзены ў часы Баторыя, пасля яго скону на віленскай мынцы не рассыпаўся. Каля 1600 года невядомы майстра вырабляе медаль з выявай Яна Замойскага, канцлера і гетмана вялікага кароннага. Прычым вырабляе адразу два варыянты — вялікі (літы) і меншы (біты), абодва былі выкананы і залатыя, і срэбныя. Дыпламат Гуга Гротыўс, якому медаль трапіў праз трэція рукі (ад сябра, філосафа Скалігера), так яго ўпадабаў, што нават прысвяціў яму верш. 

У 1602 годзе там жа невядомы майстар адлівае срэбны і залаты варыянты медалёў з выявай князя Крыштафа Радзівіла (біржанская галіна роду). Гэты медаль працягнуў радзівілаўскую серыю: першы выраблены быў яшчэ ў першай палове XV стагоддзя і прысвечаны выдатнаму дзяржаўнаму дзеячу Мікалаю Радзівілу Чорнаму. 

У юнацтве князь Мікалай шмат падарожнічаў і быў пажаданым госцем у палацах замежных вяльможаў, а таму меў магчымасць назіраць за жывой гісторыяй развіцця тамтэйшай медальернай справы, знаёміцца з адмысловымі “кабінетамі” (калекцыямі манет, медалёў і іншага), якіх тады ва ўсёй Еўропе было ўжо 380. Захоплены убачаным, паддаўшыся новай моднай забаве (калекцыяванне твораў мастацтва), князь набыў адмысловую шафу, што стала кутнім каменем Нясвіжскага кабінета, калі шырэй — слыннай радзівілаўскай скарбніцы. Ад таго часу кожны з Радзівілаў абавязкова дадаваў да калекцыі нешта ад сябе. Асобнае месца ў гэтых фондах займалі медалі саміх Радзівілаў. Рэкардсменам па колькасці прысвечаных сабе вытанчаных “ўспамінаў” быў, як падаецца, знакаміты князь Багуслаў Радзівіл. 

На жаль, нясвіжская радзівілаўская скарбніца, якая стагоддзямі рупліва папаўнялася творамі мастацтва (напрыклад, 12 залатых апосталаў) ды гістарычнымі памяткамі, што і тады не мелі кошту, а сёння і казаць няма чаго, даўно пустая. Зніклі і радзівілаўскія медалі. Сёння яны вядомыя нам толькі з лічбавых выяў на сайтах розных музеяў і ў нешматлікіх публікацыях. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ