Як адзначым векавы юбілей беларускага кіно?

Апублiкавана: 25 сакавiка 2024 Кiно Кіно Мінск Кінавек

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Сёлета беларускі кінематограф святкуе 100-годдзе. Міністэрства культуры сумесна з Нацыянальнай студыяй “Беларусьфільм” падрыхтавала шэраг адмысловых мерапрыемстваў. Што чакае прыхільнікаў айчыннага кіно? 

Святкаванне векавога юбілею не звядзецца да адной даты — Дня кіно, 17 снежня. Розныя імпрэзы пройдуць па ўсёй краіне на працягу года. Да іх падрыхтоўкі падключылася ўся культурная грамадскасць рэспублікі. 

ПА ЎСЁЙ КРАІНЕ 

— Не толькі Міністэрства культуры, кінастудыя і кінапракатныя арганізацыі ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы святкавання. Мы атрымалі вялікую колькасць прапаноў і ад ВНУ: Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, — адзначыла Ірына Дрыга, начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. — На працягу юбілейнага года з намі будуць супрацоўнічаць Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, абласныя ўпраўленні культуры, рэдакцыя часопіса “На экранах” — усе яны прапанавалі свае мерапрыемствы, каб год сапраўды прайшоў пад знакам кіно. 

План мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні 100-годдзя беларускага кіно быў падпісаны міністрам культуры Анатоліем Маркевічам яшчэ ў студзені, а таксама падтрыманы ўрадам. Першая падзея — рэспубліканскі фестываль “Кінавек” — стартавала па ўсёй Беларусі 28 лютага. Але нягледзячы на тое, што фестываль працягнецца да снежня, аднымі паказамі знакавых беларускіх стужак арганізатары не абмяжуюцца. Публіка ўбачыць і доўгачаканыя навінкі. 

— Запланаваны агульнанацыянальныя прэм’еры праектаў “Беларусьфільма”: ваеннай драмы аб беларускіх партызанах і іх ролі ў аперацыі “Баграціён” — “Час вярнуцца”, сумеснага беларуска-расійскага гістарычнага фільма па матывах рамана Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак” і першага поўнаметражнага анімацыйнага 3D-фільма для дзяцей “Песня Сірын”. Гледачам таксама прадставяць спецыяльны цыкл фільмаў у змешанай форме, над якім працуе студыя “Летапіс”, — “Час кіно”. Трылогія будзе прысвечана гісторыі беларускага кінематографа ад першых кінатэатраў да цяперашняга моманту, — дадае Ірына Уладзіміраўна. 

Запланавана вялікая колькасць мерапрыемстваў для дзяцей і моладзі. Так, тэматычныя дні беларускага кіно пройдуць падчас канікул на базе школьных і аздараўленчых лагераў. Чакаюцца творчыя сустрэчы з удзелам кінематаграфістаў у межах праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”, адбудзецца і сумесная акцыя Міністэрства адукацыі і Міністэрства культуры “Крок да поспеху”. Ва ўстановах вышэйшай адукацыі для студэнтаў арганізуюць інтэлектуальныя турніры, творчыя конкурсы, круглыя сталы. 

— Мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю беларускага кіно, будуць уключаны ў праграму нашых кінафестываляў: ХХХ Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, фестывалю анімацыйнага кіно “Анімаёўка”, фестывалю-конкурсу аматарскага кіно імя Юрыя Тарыча, — дзеліцца Ірына Дрыга. — Вялікай падзеяй стане міжнародная канферэнцыя “100 гадоў беларускага кіно: этапы, фільмы, майстры”, ініцыятарам якой выступіла Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Пройдзе шэраг майстар-класаў, круглых сталоў на студыі “Беларусьфільм” і ў Нацыянальнай бібліятэцы. Квінтэсэнцыяй усіх мерапрыемстваў будзе ўрачысты вечар 17 снежня ў Палацы Рэспублікі. 

ПАЗНАЁМІЦЬ З МІНУЛЫМ 

Не менш доўгачаканая і важная падзея — абнаўленне пастаяннай экспазіцыі Музея гісторыі беларускага кіно, філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. 

— На дадзеным этапе з супрацоўнікаў Нацыянальнага гістарычнага музея сфарміравана рабочая група па арганізацыі новай экспазіцыі, створаны праект канцэпцыі, ужо ёсць ідэі візуальнага рашэння, — распавядае Вераніка Себруковіч, загадчыца Музея гісторыі беларускага кіно. — Каб прыцягнуць аўдыторыю, мы вырашылі задзейнічаць інфармацыйныя тэхналогіі, мультымедыйныя экраны, дзякуючы якім будзе магчымасць больш глыбока пазнаёміцца з тэмай выставы. Супрацоўнічаем з архівам кінафотафонадакументаў, архівам “Літаратура і мастацтва”. Мы таксама наведалі Музей кіно ў Маскве, дзе атрымалі кансультацыі па арганізацыі экспазіцыйнай прасторы. У канцы сакавіка ў нас запланаваны рэспубліканскі навукова-метадычны семінар для музейных супрацоўнікаў, на якім мы будзем абмяркоўваць патэнцыял музейных фондаў, звязаны з адлюстраваннем гісторыі беларускага кіно. 

НОВЫЯ ПРАЕКТЫ 

У год векавога юбілею айчыннага кінематографа вялікія надзеі ўскладаюцца і на “Беларусьфільм”. Чатыры буйныя прэм’еры запланаваны на 2024-ы, але чаго чакаць у будучыні?

 

— Цяпер студыя, акрамя як мерапрыемствам, прысвечаным 100-годдзю беларускага кіно, надае вялікую ўвагу выпуску кіначасопісаў. Гэтую практыку аднавіў наш міністр культуры пасля наведвання студыі “Лендак”, таму мы заняліся вытворчасцю кароткаметражных стужак, якія будуць папулярызаваць нашу краіну, прафесіі, прадпрыемствы, — адзначае генеральны дырэктар “Беларусьфільма” Юрый Аляксей. — Хочацца таксама нагадаць пра сумесныя праекты. Фільм на важную патрыятычную тэму мы рыхтуемся зняць разам з Ігарам Угольнікавым, студыяй “Ваенфільм”. На дадзеным этапе ў нас ёсць зацверджаны сцэнарый. Я ўпэўнены, што карціна будзе вартай і знойдзе свайго гледача не толькі ў Беларусі і Расіі, але і ў іншых краінах, бо гэтая гісторыя адлюстроўвае падзеі, істотныя для ўсяго свету. Таксама наша ўвага засяроджана на першым беларуска-кітайскім кінапраекце. Цяпер сінопсіс сцэнарыя ўзгадняецца Міністэрствам замежных спраў, паралельна працягваюцца сустрэчы з кітайскімі партнёрамі. Але і на гэтым мы не спыняемся. На студыі перыядычна праходзяць абмеркаванні работ маладых аўтараў, у тым ліку студэнтаў Акадэміі мастацтваў. 

Яўгенія ГАБЕЦ