Прыйдзі і пакланіся

Апублiкавана: 26 сакавiка 2024 Стужка Музеі Мiнская вобласць Дата

Аўтар: РУДАК Антон

Хатынь — сімвал страшнай трагедыі, якую перажыў беларускі народ у часы Вялікай Айчыннай вайны: 22 сакавіка 1943 года фашысцкія карнікі жыўцом спалілі і расстралялі амаль усіх жыхароў. Загінула 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей. У памяць аб ахвярах фашызму ў 1969-м створаны мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Гэта месца стала сімвалам усіх вёсак Беларусі, якія былі знішчаны разам з жыхарамі падчас ліхалецця. Сёння тысячы наведвальнікаў прыехалі сюды, каб ушанаваць памяць нявінных ахвяр той жудаснай пары. Традыцыйна ў памятных мерапрыемствах бяруць удзел вышэйшыя службовыя асобы краіны, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў. Сярод іх — і дэлегацыя Міністэрства культуры, дзеячы культуры і мастацтва.

НАРАДЖЭННЕ ПОМНІКА 

Адным са стваральнікаў мемарыяла ў Хатыні быў Леанід Левін — архітэктар, які таксама выступіў суаўтарам многіх іншых помнікаў па ўсёй краіне, звязаных з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны: мемарыяльных комплексаў на месцы спаленай вёскі Шунеўка Докшыцкага раёна, шталага 342 у Маладзечне, лагера ў Красным Беразе, на месцах гібелі ахвяр Халакосту ў Мінску, Гарадзеі, Слуцку. 

Мемарыяльны комплекс “Хатынь”

Мемарыяльны комплекс “Хатынь”

Яго дачка, Галіна Левіна, сведчыць, што ў аўтараў хатынскага мемарыяла было шмат задум: напрыклад, у сімвалічных калодзежах на месцы спаленых дамоў мусілі змяшчацца дзіцячыя малюнкі. Была таксама ідэя ўсталяваць крыж на старых могілках Хатыні — і некалькі гадоў таму гэтая задума была ўвасобленая з удзелам аднаго з аўтараў мемарыяльнага праекта, Юрыя Градава, а таксама Канстанціна Селіханава — унука Сяргея Селіханава, скульптара мемарыяла. 

Паводле слоў Юрыя Градава, стварэнню помніка папярэднічаў конкурс, у якім перамог праект архітэктараў Леаніда Левіна, Юрыя Градава, Валянціна Занковіча і скульптара Сяргея Селіханава. Але абіраць давялося і вёску, дзе праект мемарыяла мусіў быць рэалізаваны. Выбар спыніўся на Хатыні, прычым размяшчэнне вёскі здалёк ад галоўнай дарогі таксама асэнсавана ў канцэпцыі — пяць кіламетраў адлегласці ад дарогі да помніка пазначаныя знакамі зваротнага адліку. 

СІМВАЛ ТРАГЕДЫІ 

Наогул для мемарыяла ў Хатыні характэрная моцная сімвалічная нагрузка — у розных яго элементах ужываецца сімволіка стрэх, сялянскіх хат. Усе аб’екты тут сувымерныя маштабу вясковай забудовы, што стварае камерную атмасферу. Пры ўзвядзенні мемарыяла былі ўжытыя ўсе сродкі мастацкай выразнасці: архітэктура, скульптура, музыка і паэзія. Але найбольшую адметнасць і незвычайнасць комплексу надавала тое, што ён пачынаўся адразу з кульмінацыйнага пункту — месца гібелі жыхароў Хатыні. Такое рашэнне падкрэслівала раптоўнасць і неадваротнасць трагедыі. А насупраць, на месцы пахавання ахвяр, паставілі незвычайнае надмагілле — вянец новага дома, які сімвалізуе адбудову і працяг існавання краіны, што аднаўляла мірнае жыццё пасля вайны. На месцы дваццаці шасці вясковых хат былі пастаўленыя дваццаць шэсць сімвалічных комінаў са званамі, якія стваралі аб’ёмны гук. Мемарыял мусіў уяўляць сабой храм пад адкрытым небам, дзе сценамі былі навакольныя лясы, купалам — нябёсы, а званіцай — усе гэтыя дваццаць шэсць званоў на месцы спаленых хат. 

Мемарыяльны комплекс “Хатынь”

Мемарыяльны комплекс “Хатынь”

Юрый Градаў адзначыў, што комплекс здавалі ў дзве чаргі і адкрывалі таксама двойчы: у 1968 годзе быў створаны мемарыяльны ансамбль на месцы спаленай Хатыні, а ў 1969-м побач узніклі сімвалічныя могілкі знішчаных вёсак з усёй Беларусі, якія ўздымалі мемарыял да агульнанацыянальнага ўзроўню. Акурат тады з’явіліся таксама і сцяна памяці, якая ўвекавечвае трагедыю ахвяр нацысцкіх канцлагераў, і тры бярозкі з вечным агнём на месцы чацвёртай, што сімвалізуюць ваенныя страты Беларусі, якая згубіла, як лічылася, кожнага чацвёртага жыхара. 

Сёння ўжо можна сказаць, што ў гісторыю ўвайшла не толькі трагедыя Хатыні, але і пасляваенны лёс мемарыяла, створанага на месцы спаленай вёскі, які адыграў значную ролю ва ўвекавечанні памяці пра вайну. Зарукай таму стала не толькі трагічная і ўражальная гісторыя месца помніка, але і высокае майстэрства яго аўтараў, а таксама выдатная мастацкая вартасць іх твора. 

ПАБАЧЫЦЬ ГІСТОРЫЮ ЗНУТРЫ 

Летась у дзень 80-й гадавіны спалення вёскі ўдзельнікі цырымоніі ўшанавання ўпершыню пабачылі новую музейную экспазіцыю, якая адкрылася ў адмыслова ўзведзеным для гэтых мэт корпусе. У аднапавярховым будынку размясціліся шэсць залаў, прысвечаных трагедыі мірнага насельніцтва Беларусі падчас нацысцкай акупацыі, — усе яны не перанасычаныя экспанатамі, але маюць сваю атмасферу, якая ўздзейнічае на эмоцыі наведвальнікаў. Акрамя таго, экспазіцыя багатая на аўдыявізуальныя эфекты: відэа, праекцыі, гуказапісы, галаграмы, а таксама на інтэрактыўныя элементы — тачскрыны, з дапамогай якіх можна азнаёміцца з інфармацыяй па канкрэтных тэмах. 

Зала “Дрэва гісторыі” распавядае аб ваенных паходах і войнах на беларускай зямлі ў перыяд з X па XX стст., якія заўжды прыносілі мірным жыхарам нашай краіны безліч бед і спусташэнняў. Наступная зона, “Пачатак вайны”, раскрывае трагедыю першых дзён Вялікай Айчыннай — яна ўяўляе сабой рэканструкцыю інтэр’ера гарадской кватэры, ужо закранутай надыходам новай бяды. 

Зала “Акупацыя” прысвечаная тэме нацысцкага акупацыйнага парадку, масавага знішчэння вязняў канцлагераў, ахвяр Халакосту, а таксама гісторыі антынацысцкага супраціву. Усе памяшканні экспазіцыі звязаныя між сабой сімвалічным “ручаём крыві”, які пралягае па падлозе, — можна заўважыць, што наведвальнікі інтуітыўна пераступаюць праз шкло, якім ён накрыты. У рэчышчы “ручая” — прадметы побыту ваенных часоў, што нагадваюць аб нявінных ахвярах ваеннага ліхалецця. 

Фрагменты экспазіцыі 

Зала “Спаленыя вёскі” гаворыць пра трагедыю болей чым дзесяці тысяч паселішчаў Беларусі, якія былі знішчаныя разам з жыхарамі: інтэр’ер з дапамогай відэаэкранаў і светлавых панэляў стварае ўражанне, быццам знаходзішся ўсярэдзіне падпаленага гумна. На адной са сцен тут змешчаныя здымкі ацалелых ахвяр, а другая, якая нагадвае драўляную браму, — “прабітая” палаючымі адтулінамі, што складваюцца ў карту знішчаных вёсак. 

Наступная прастора, “Вечнасць”, аформленая ў мінімалістычным стылі, выразна кантрастуе настроем з папярэдняй залай і заклікае да ўшанавання ахвяр, прымушаючы задумацца аб недапушчальнасці паўтарэння жахаў вайны: тут на сценах змешчаныя назвы ўсіх населеных пунктаў — як спаленых дарэшты, так і адроджаных пасля вызвалення. 

А зала “Памяць”, якая замыкае экспазіцыю, прысвечаная гісторыі зберажэння памяці спаленых вёсак — тут можна пабачыць экспанаты, якія распавядаюць аб раскрыцці гэтай тэмы ў беларускай літаратуры і кінематографе, а таксама аб гісторыі самога мемарыяла ў Хатыні ды традыцыях ушанавання помных месцаў у нашай краіне. Тут жа размешчаныя і асабістыя рэчы ахвяр нацызму, знойдзеныя на тэрыторыі Лагойскага раёна падчас археалагічных даследаванняў у 2021 годзе. Экспазіцыя пакідае надзвычайнае ўражанне: нездарма для яе наведвання ўсталяванае нават узроставае абмежаванне: гэта відовішча не для малодшых школьнікаў. Новы музей можна па праве лічыць удалым дапаўненнем і своеасаблівым пралогам да ўсяго знакамітага мемарыяла.

Антон РУДАК

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ