Усё наперадзе!

Апублiкавана: 27 сакавiка 2024 Кiно Кіно Мінск Кінавек

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Па ўсёй краіне стартаваў рэспубліканскі кінафестываль “Кінавек”, прысвечаны 100-годдзю беларускага кінематографа. На працягу года кожную сераду гледачоў будуць знаёміць са знакавымі стужкамі вытворчасці Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”.

У Мінску ўрачыстае адкрыццё праходзіла ў кінатэатры “Піянер”. 

— За гэтае стагоддзе беларускі кінематограф стаў шырока вядомы і папулярны далёка за межамі краіны, — адзначыў у прывітальным слове першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада. — Нас ведаюць і па мастацкіх фільмах, у першую чаргу на ваенную тэматыку. Шануецца дзіцячае кіно — выбітнае, з глыбокім сэнсам і выхаваўчым пасылам. Дакументалістыка і анімацыя, якія захоўваюць свае лепшыя традыцыі і заваёўваюць прэстыжныя ўзнагароды на міжнародных фестывалях і конкурсах. Асяродкам усяго гэтага мастацтва быў і застаецца “Беларусьфільм”. З цягам часу створаны некалькі тысяч выдатных карцін. Вось і сёлета мы з нецярпеннем чакаем шэраг кінапрэм’ер. Шчыра віншую і запрашаю ўсіх на мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю беларускага кінематографа. 

ПЕРШЫ РЭТРАКІНАФЕСТЫВАЛЬ 

Ідэя стварэння кінафестывалю ўжо даўно лунала ў паветры: абмеркаванні праходзілі ў сценах Міністэрства культуры, на кінастудыі “Беларусьфільм”, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. І такая знамянальная дата, як векавы юбілей айчыннага кінематографа, стала ключавой у прыняцці рашэння ажыццявіць задуму. 

— Гэты фестываль прызначаны для вялікага кола гледачоў: і для моладзі, і для сярэдняга і старэйшага пакалення, — распавядае акцёр, старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў Віктар Васільеў. — Усім хочацца паказаць і расказаць пра выдатных творцаў і іх карціны, прасоўваць і захоўваць іх для маладога пакалення. Каб людзі ведалі, што кінематограф у Беларусі развіваецца. Што наша кіно добрае, справядлівае, яно нясе цяпло і святло. 

Кожны тыдзень эксперты ў галіне кіно — гісторыкі, кіназнаўцы, кінакрытыкі, выкладчыкі вядучых творчых ВНУ краіны — будуць прадстаўляць пэўны фільм. Такі элемент уключаны ў праграму фестывалю нездарма, бо важна распавядаць гледачам пра невядомыя старонкі беларускага кіналетапісу. 

— Мы вельмі ўдзячныя нашым педагогам, якія будуць прыходзіць і знаёміць аўдыторыю з выдатнымі фільмамі, — працягвае Віктар Ігаравіч. — У нашых кіназнаўцаў, кінакрытыкаў вялікі запас ведаў, які павінен ісці ў масы, напаўняць розумы і аматараў, і маладых кінематаграфістаў. 

ДАКРАНУЦЦА ДА ВЯЛІКАГА 

Адкрыла “Кінавек” першая беларуская стужка “Лясная быль”, знятая ў 1926 годзе рэжысёрам Юрыем Тарычам. Адрэстаўраваны нямы фільм у сталічным кінатэатры “Піянер” прэзентавалі ў арыгінальным выглядзе: з жывым музычным суправаджэннем. У ролі тапёраў выступілі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Дзверы ў вялікую кіназалу літаральна служылі парталам у гісторыю. Асаблівую, невымоўную атмасферу 1920-х стварала ўсё: ад гуку піяніна, які быццам данасіўся з далёкіх часоў, да візуальнага шуму на экране, што дадаваў кадрам той вытанчанай эстэтыкі, за якую мы і любім старое кіно. 

— Я ганаруся, што беларускае кіно пачыналася менавіта з “Лясной былі”, бо гэта сапраўды твор экраннага мастацтва, — дзеліцца меркаваннем кінакрытык, кандыдат мастацтвазнаўства Наталля Сцяжко. — Ідэю стужкі вельмі лёгка зразумець, бо чорна-белае кіно было разлічана на простых людзей. Не трэба спецыяльнай аду- кацыі, каб атрымаць асалоду ад выдатнай драматургіі і вобразных сцэн. Акрамя гэтага, фільм — жывы падручнік гісторыі. Яго можна разглядаць як этнаграфічны, бо мы можам даведацца больш пра побыт людзей таго часу: як яны апраналіся, як забаўляліся. Цікавы факт: у якасці акцёраў масавых сцэн Юрый Тарыч запрасіў жыхароў суседніх вёсак. Ён настойваў, каб яны прыходзілі ў сваёй вопратцы, дзеля аўтэнтычнасці ў кадры. З гэтай жа прычыны на акцёрах няма грыму, хоць рэжысёр і выкарыстаў шмат буйных планаў. 

“Лясной былі” ўжо амаль сто гадоў, аднак яе гісторыя захоўвае сваю актуальнасць і сёння: карціна прасякнута натуральным, пазбаўленым усякага пафасу пачуццём любові да роднай зямлі.

 

— У той час сапраўды павінен быў з’явіцца падобны фільм, бо Беларусь толькі вызвалілася ад польскіх захопнікаў, — дзеліцца гісторыяй стварэння стужкі Віктар Васільеў. — Гэта карціна пра станаўленне краіны праз асобу маладога чалавека. Здавалася б, просты хлопец, але за ім стаіць цэлая краіна, народ. У “Лясной былі” вельмі шчыра расказана, як адваёўваўся кожны кавалак зямлі, як выхоўваліся людзі. Гэта вельмі натуральна прывівае гледачу любоў да радзімы. 

Рэспубліканскі кінафестываль “Кінавек” працягнецца да 11 снежня. З афішай будучых паказаў можна азнаёміцца на сайце Міністэрства культуры. 

Арцём Віктараў, ліцэй БНТУ: 

— Дзякуй вялікі за магчымасць пазнаёміцца з першым беларускім фільмам, было вельмі цікава. Я віншую беларускі кінематограф са стагадовым юбілеем. Жадаю ўсяго самага найлепшага. Наперад, да светлай будучыні! 

Валерыя Буракевіч, БДУКМ: 

— Рада, што ў нашай краіне праходзіць такі фестываль. Сёння ў нас быў унікальны шанц паглядзець першы беларускі нямы фільм у суправаджэнні тапёраў, як гэта было ў 1920-я. Цудоўна, што запрошаны студэнты і школьнікі. Лічу важным паказваць і распавядаць моладзі пра тое, як зараджалася кінамастацтва яшчэ на кінастудыі “Белдзяржкіно”. 

Таццяна Саўчанка, БДУ: 

— Заўсёды марыла паглядзець класіку беларускага кінематографа на вялікім экране, таму прыемна бачыць у афішы фестывалю знаёмыя карціны. Сёння быў вельмі незвычайны паказ, я ўпершыню глядзела фільм у жывым музычным суправаджэнні, як гэта было яшчэ на пачатку кінематографа. Для мяне гэта каштоўны вопыт, дзякуй вялікі за такую магчымасць!

Яўгенія ГАБЕЦ 

Фота аўтара