Вайна вачамі дзяцей

Апублiкавана: 29 сакавiка 2024 Кiно Кіно Мінск Векапомнае праз кінакадр

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Да дзвюх знамянальных дат — 100-годдзя беларускага кіно і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — у студзені мы далі старт праекту “Векапомнае праз кінакадр”. Падрыхтаваны сумесна з Музеем гісторыі беларускага кіно — філіялам Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і айчыннымі кіназнаўцамі, ён расказвае аб знакавых ваенных стужках “Беларусьфільма”.

Савецкі перыяд айчыннай кінастудыі стаў ключавым не толькі для ваеннага жанру. У гэты час “Беларусьфільм” робіцца калыскай дзіцячага і юнацкага кіно. Шчырае, захапляльнае, здольнае натхніць, яно не толькі выхоўвала юных патрыётаў, але і вучыла законам міру і дабра, паказвала, якім павінна быць сапраўднае сяброўства. 

Самы касавы дзіцячы фільм у гісторыі беларускага савецкага кінематографа “Дзяўчынка шукае бацьку” рэжысёра Льва Голуба выйшаў на экраны больш за 60 гадоў таму. Тады правы на паказ купілі 90 краін свету, а сама стужка паспела павандраваць па кінафестывалях і атрымаць некалькі ўзнагарод. Здымкі праходзілі ў павільёнах Мінска і на натуры ў Мазыры і яго ваколіцах. Там група правяла 153 дні. Тысячы мясцовых жыхароў удзельнічалі ў масавых сцэнах. Калі ў 1959 годзе адбылася прэм’ера, карціну ў кінатэатрах было цяжка глядзець: гук дынамікаў заглушалі захопленыя воклічы гледачоў, якія пазнавалі сябе на экране. 

Асноўны матыў карціны — ваеннае дзяцінства, калі на плечы мільёнаў хлопчыкаў і дзяўчынак ляглі цяжкія выпрабаванні, што вымусілі адразу стаць дарослымі. Сюжэт разгортваецца на фоне ліхалецця, аднак фільм выйшаў надзвычай цёплым, нягледзячы на ваенную тэматыку. У аўтараў атрымалася расставіць сілы дабра і зла так, каб гэта было зразумела юнаму гледачу, не выносячы на экран гвалт: усе трагедыі застаюцца па-за кадрам, нагадваючы пра сябе толькі мастацкім намёкам. Асаблівую асалоду пры праглядзе выклікае ігра маленькіх акцёраў — праўдзівая, непадробная. Прыкметна, што кожны з іх уліваўся ў працэс як у захапляльную, але даволі сур’ёзную гульню, з вялікай аддачай увасабляў сваю ролю. У дзіцячы ансамбль арганічна ўпісваюцца і дарослыя, якія яшчэ не забыліся на жахі вайны, а таму выконваюць свае партыі без фальшу. 

РЭХА ЛІХАЛЕЦЦЯ 

Феномен поспеху карціны “Дзяўчынка шукае бацьку”, на думку кінакрытыка, доктара філалагічных навук, дацэнта, загадчыцы кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ Людмілы Саянковай-Мяльніцкай, заключаецца ў праўдзе і шчырасці, па лякалах якіх была створана стужка. 

— Аўтары гэтага фільма, як і аўтары многіх ваенных карцін таго часу, — людзі, якія прайшлі вайну альбо добра памяталі яе. Рэжысёр Леў Голуб, аператар Алег Аўдзееў не выключэнне. Яны здымалі фільм так, быццам самі былі сведкамі тых па- дзей, — распавядае Людміла Пятроўна. — Яшчэ адна прычына — абсалютна шчырая, праўдзівая дзяўчынка ў выкананні Ганны Камянковай. Яна адразу выклікала і сімпатыі, і давер гледачоў, якія суперажывалі і радаваліся разам з ёй. Гэта былі не прыгоды дзяўчынкі на вайне, а жыццё ў зусім недзіцячай сітуацыі, што не магло не выклікаць спачуванне. Аўтары рабілі стаўку на праўду: заўважце, як старанна выбіралася маленькая актрыса, як прадумвалася драматургія, каб кожны кадр не адпускаў, не аслабляў цікавасці гледача. Нават той факт, што ў момант гібелі лесніка вырашылі паказаць, як па пяску павольна спаўзае яго стрэльба, кажа пра ўвагу аўтараў да ўсіх падрабязнасцей. 

Значнасць фільма павялічвае і тэма ваеннага дзяцінства, якая часта гучала са старонак савецкай літаратуры, але даволі рэдка трапляла на экраны. 

— У беларускім кіно шмат годных фільмаў пра вайну, — працягвае кінакрытык. — Але гэта карціна пранізлівая па сваёй чысціні, увазе да дзіцяці, якое пазбаўляецца самага галоўнага — бацькоў, аднак па-свойму цярпліва верыць і трывае. Такога сюжэта ў беларускім кінематографе тады яшчэ не было. Наогул тэмы ліхалецця, на якое прыпала маленства, дзіцячых перажыванняў, адчуванняў усё яшчэ застаюцца недастаткова раскрытымі ў нашым кіно. 

ПРАЎДА ДЛЯ СУЧАСНІКАЎ 

Экранны твор Льва Голуба, што захаваў у сабе пякучы агонь Вялікай Айчыннай, — спадарожнік па сцяжынках, якія прайшлі дзеці, пазбаўленыя бесклапотнага жыцця. Сёння гэты фільм прываблівае не менш, як у час яго першага з’яўлення на экранах, бо распавядае пра адвечныя каштоўнасці. 

— Нягледзячы на тое, што падзеі даўнія і сучасная моладзь адрозніваецца ад сваіх аднагодак 50-60-х гадоў мінулага стагоддзя, фільм падкупляе напружаным сюжэтам і сімпатыяй да галоўных станоўчых герояў, — падсумоўвае Людміла Саянкова-Мяльніцкая. — Стужка і зараз выклікае суперажыванні і прымушае верыць, што дзяўчынка знойдзе бацьку і яе жыццё пойдзе па-іншаму. Зварот да непарушных каштоўнасцей — сям’і, радзімы, сяброў — гэта тое, што робіць карціну цікавай для сучаснага гледача. 

Яўгенія ГАБЕЦ 

Фота з архіва Музея гісторыі беларускага кіно