Я належу гэтай зямлі...

Геній месца — бы духа-апекуна з рымскай міфалогіі называюць людзей, што няўрымслівую творчую энергію скіроўваюць на карысць прасторы, дзе жывуць. Сёлетняй Культурнай сталіцы пашанцавала мець такую асобу. Мастачка Ларыса Журавовіч пасля атрымання адукацыі ў Мінску вярнулася на малую радзіму і ўжо каля трох дзесяцігоддзяў апявае ў графіцы блізкае і знаёмае з дзяцінства. Яе аркушы — паднашэнне спрадвечным каштоўнасцям і пашана добрым людзям, развага аб прыгажосці і семантыцы простых рэчаў, роздум пра гармонію з прыродай і спроба захаваць светлыя старонкі мінулага.

— Вы нарадзіліся там, дзе людзі прызвычаіліся да працы на зямлі. І выбар творчай прафесіі можна б было палічыць зломам пэўнай завядзёнкі. Як здарылася, што дзяўчынка з невялікага пасёлка пайшла па мастакоўскім шляху? 

— Я любіла маляваць, і атрымлівалася няблага. Прынамсі, настаўніца хваліла. Але гэта было толькі адно з дзіцячых захапленняў. Уся малеча, напэўна, любіць маляваць. Якраз у тыя часы шмат увагі надавалі пошуку таленавітых дзяцей з глыбінкі. І да нас прыехала камісія мастакоў са школы-інтэрната імя Ахрэмчыка адбіраць вучняў на першы тур уступных іспытаў. Мы з сяброўкай схадзілі, нешта намалявалі. Неўзабаве прыйшло запрашэнне на другі тур у Мінск. Я вельмі не хацела ехаць. Менавіта бацькі, якія спаўна зведалі цяжкую працу ў пасляваеннай вёсцы, прыязна ўспрынялі гэты шанц і пераканалі мяне здаваць экзамены. Са слязамі ад’язджала з Бялынічаў і тады, калі наступіў час выпраўляцца на вучобу ў школу-інтэрнат: не хацелася пакідаць родны дом. Бацькі адарвалі ад сябе. Яны вырашылі даць мне лягчэйшую, як ім падавалася, прафесію. 

Падчас вучобы з’явілася ўсведамленне мастацтва як паклікання і спосабу жыцця. Калі выходзіла з інтэрната, ужо дакладна разумела, што хачу быць мастаком. Нас рупліва выхоўвалі. Паездкі, летняя практыка, добрыя кнігі і фільмы — гэта ўсё нас развівала. Атрымаць такі набытак у правінцыі было б складана. Пазней ужо і горад было цяжка пакідаць. 

— Якім чынам вызначаўся ваш тэхнічны арсенал? 

— Акварэль я не палюбіла, бо яна надта свавольная. Я ж люблю паслухмяную тэхніку. Таму неяк пачала дубліраваць гуашшу вучэбныя пастаноўкі. І яна мне спадабалася сваёй матавасцю, шчыльнасцю, але не хапала колеравай сілы — і я стала дадаваць акварэль. Такім чынам перайшла да змешанай тэхнікі. 

Пастэллю калісьці малявала ў інстытуце, ды нават у школе спрабавала. Пазней вярнулася да гэтай тэхнікі, бо ў нечым яна блізкая да разца для гравюры. Яна дазваляе лепш дыстанцыравацца ад натуры, нешта змяняць і быць свабодным. Калі ж малюеш гуашшу ці акварэллю, то больш залежыш ад натуры. 

— Вы ў свой час вырашылі вярнуцца са сталіцы на Бялыніцкую зямлю. Пэўна, для вас як для творцы знітаванасць з родным кутом мае надзвычайнае значэнне... 

— Я належу гэтай зямлі, а гэтая зямля належыць мне. Нідзе больш я не магу пачувацца так добра. Такая ўзаемапрыналежнасць не адпускае мяне нікуды. Да таго ж карані для мяне не пусты гук. І гэта аказалася галоўнай прычынай, чаму я з’ехала з горада. Вядома, сваю ролю адыгралі абставіны, але прычына насамрэч заўсёды ляжыць глыбей. 

"Маладая вясна", 2015

"Маладая вясна", 2015

Я б не змагла жыць у горадзе і быць мастаком. Калі я не бачу, як узыходзіць сонца, не чую, як спяваюць птушкі і шуміць ад ветру лісце, жыццё падаецца бедным, няпоўным. Нават спачуваю гараджанам, што яны пазбаўляюць сябе такога сузірання. Мне цяжка было развітвацца з творчым асяроддзем, з сябрамі ў горадзе. Аднак вось што аказалася галоўным — родныя людзі і тэма для творчасці. 

— У прадмове да свайго альбома вы звяртаеце ўвагу, што свет беларускай вёскі — гэта свет надзвычай сціплых, сумленных і мудрых людзей. Якія жыццёвыя арыенціры вынеслі для сябе са светапогляду землякоў? 

— Для мяне прыкладам заўсёды былі бацькі, старэйшыя сваякі. Яны прайшлі надзвычай цяжкую школу жыцця. Гэта шчырыя і добразычлівыя людзі, што не любяць хітрыць і, як цяпер кажуць, наколваць кагосьці. Хітрасць, падман і прагматызм— тое, што я не люблю і чым часта грашаць гараджане. Яны нярэдка праяўляюць нейкую драпежнасць, імкнучыся выжываць за кошт іншых. Калі ж чалавек працуе на зямлі — ён выжывае толькі дзякуючы ўласным намаганням. Такія людзі любяць працу, сваю зямлю, дзяцей. Для іх мае значэнне сапраўдная моцная сям’я, поўнае ўзаемаразуменне і падтрымка. Згадайце: вясковыя бабулі да ўсіх звяртаюцца “дзетка”. Для іх усе — дзеткі. У горадзе і не пачуеш такога слова... 

— Не дзіва, што вясковым людзям вы прысвяцілі цэлую серыю “Землякі”. Можна лічыць яе данінай павагі гэтым светлым асобам? 

— Я шмат часу надавала нацюрмортам. А потым надышоў этап, калі стала не хапаць людзей. Мне цікавыя іх абліччы. Хочацца праз твары і вочы нібы зазірнуць у душу, даведацца, што ў асобы ўнутры. Гэта такое спазнаванне людзей, якія мяне атачаюць. Не магу сказаць, што героі аркушаў заўжды ідэальныя і валодаюць усімі згаданымі якасцямі, але пэўную добрую аснову яны маюць. З кімсьці я сутыкалася часцей, з кімсьці радзей, аднак усе гэтыя асобы — з майго жыцця, з майго сусвету. 

— Звычайна вашымі героямі станавіліся людзі сталага веку. А нядаўна пабачыла свет серыя “Спякотнае лета”, прысвечаная сённяшнім працаўнікам вёскі... 

— Цяпер мы закладнікі тэхнічнага прагрэсу. А я люблю вёску свайго юнацтва, у якой мы пасвілі кароў, капалі бульбу. Тая вёска адыходзіць. І гэта адна з прычын, чаму я зрабіла серыю “Спякотнае лета”. Удасканальваецца тэхніка, але засталіся людзі, якія працуюць на зямлі і сапраўды любяць яе. 

— Серыю “Вяртанне” вы прысвяцілі страчаным храмам Бялыніцкага краю. Што падштурхнула да такой тэмы? 

— Я больш люблю рэчаіснасць, а ў гэтым выпадку атрымаўся хутчэй экскурс у гісторыю. Падштурхнулі да яго дзве прычыны. Па-першае, у 2020 годзе Бялынічы прымалі Дзень беларускага пісьменства — і цікавасць да мінуўшчыны папросту лунала ў паветры. Па-другое, мой муж спытаў: “Чаму б не заняцца гэтай тэмай?” Я падумала-падумала і вырашыла паспрабаваць, але на той момант нават не ўяўляла, які вялікі аб’ём працы чакае. Чым больш мы заглыбляліся — тым больш трэба было зрабіць. Вельмі дапамог муж. Мы разам ездзілі па вёсках, шукалі людзей сталага веку. Апытвалі края- знаўцаў, настаўнікаў і журналістаў, вывучалі літаратуру. 

З 18 храмаў у Бялыніцкім раёне засталося толькі два. Наша зямля сапраўды збяднела. Храм — гэта і духоўнасць, і гісторыя, і культура. Таму здзейсніць гэты праект было нашым абавязкам перад наступнымі пакаленнямі. Спадзяюся, серыя “Вяртанне” выратуе ад памылак у будучыні. Ведаючы, як лёгка гэта ўсё знікае, людзі мусяць праяўляць большую ашчаднасць і нацэльвацца на стварэнне. І вельмі добра, што мы тады здзейснілі гэты праект. Таму што за тры мінулыя гады сышлі тыя старажылы. І сёння ўжо б ніхто не расказаў пра страчаныя храмы. 

— На ўласным участку вы ствараеце цікавы аб’ект, што мусіць узбагаціць культурную карту Бялыніцкай зямлі. Якая яго канцэпцыя і як прасунулася праца? 

— Майстэрню-музей “Амбар ХХ стагоддзе” мы з мужам ствараем ужо тры гады. Унутраныя работы скончаны, зараз працуем над стэлажамі. Плануем раздзелы народнага побыту, радыётэхнікі (Ларыса Віктараўна з мужам — радыёаматары і калекцыянеры рарытэтнай тэхнікі. — “К”), савецкай эпохі. Спадзяюся, што сёлета ўжо зможам паказаць экспазіцыю хаця б не ў поўным аб’ёме. Гэта нялёгкая праца, што вымагае шмат часу, тым больш мы робім усё самі, удваіх. 

Стварэнне майстэрні-музея — яшчэ адна справа для захавання памяці аб былым, магчымасць працягнуць у натуры тое, што я ўвасабляю ў графіцы. Гэта спроба зберагчы гісторыю і выклікаць павагу да мінулага. А яно было багатым і цікавым. Няхай нашы патомкі ведаюць пра яго. Ды і нам самім ёсць што яшчэ вывучаць. Працуючы над экспазіцыяй, мы адкрываем шмат новага. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота з архіва гераіні