Ад­да­ная пра­ца — з усмеш­кай!

Апублiкавана: 04 красавiка 2024 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

На чарговую творчую сустрэчу ў прэс-клубе “Культура і мастацтва” мы запрасілі госця, у дачыненні да якога слова “зорка” ні ў якім разе не будзе перабольшаннем ці журналісцкім штампам. Пра перыпетыі творчага лёсу мы вялі гаворку з заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Саладухам. 

Гэты год для любімца беларускай публікі асаблівы: у студзені спявак адзначыў юбілей. Але артыст палічыў за лепшае не агучваць круглую дату наўпрост, а падзяліць яе на больш сімвалічныя складнікі. Такім чынам, сёлета Аляксандру Саладуху — вечныя 33 і беласнежныя 32. Больш за палову гэтага адрэзку наш госць прысвяціў творчасці. Каб дасягнуць цяперашніх вяршынь, некалі давялося пераадолець нямала перашкод і праявіць неверагодную вытрымку ды настойлівасць. Азіраючыся на сябе маладога, спявак не хавае ўзрушэння і прызнаецца: “Часам сам здзіўляюся, як гэты хлопец здолеў усё перасіліць”. А шлях да мары быў сапраўды цярністым. 

— У мяне было шмат узлётаў, нямала было падзенняў. Але вера і вялізнае жаданне быць артыстам, узысці на свой Эверэст дапамагалі і дапамагаюць мне вытрымліваць усе выпрабаванні. Цяпер, зразумела, я ўжо іду з усмешкай, аднак не ўтойваю: былі моманты, калі прыходзілі думкі ўсё кінуць. Ды кожны раз мне дапамагала вера: у сваіх дзяцей, гледачоў, сваю краіну. 

І сёння зорка не проста пажынае плады ранейшай працы. Ён, як заўжды, нястомна, амаль без перапынку, шчыруе на сцэне. Прыкладам, працягваецца вялікі гастрольны тур па Беларусі ў падтрымку свежага альбома “Мы жывыя”. За плячыма — ужо больш за 60 гарадоў. Столькі ж населеных пунктаў яшчэ чакаюць прыезду ўлюбёнага артыста цягам года. Акрамя таго, тэлеэфіры, дабрачынныя мерапрыемствы і стварэнне наступнай, пятнаццатай кружэлкі пад працоўнай назвай “Іграй, музыкант”. Тэлефон літаральна выбухае ад паведамленняў і званкоў з просьбамі аб інтэрв’ю і запрашэннямі на выступленні. 

Дзе знайсці сілы на працу ў такім шалёна бадзёрым тэмпе? Такое пытанне нярэдка чуе ад журналістаў Аляксандр Саладуха. І заўсёды шчыра адказвае: ніякіх мудрагелістых рэцэптаў няма. Яго сілкуюць родная зямля, адданыя прыхільнікі і любімая сям’я: жонка Наталля, дзеці, унукі. Да таго ж быць спеваком, радаваць публіку сваім талентам Аляксандр марыў са школьнай лавы... 

— Я нарадзіўся ў Падмаскоўі. Мой бацька быў вайскоўцам, таму мы часта змянялі месца жыхарства. Калі мне было шэсць, прыехалі ў Казахстан, дзе я атрымаў сярэднюю адукацыю і скончыў музычную школу пры гарнізонным доме афіцэраў па класе фартэпіяна. Музычную літаратуру, сальфеджыа і спецыяльнасць не любіў, бацькам даводзілася мяне з-пад палкі прымушаць. А вось хор падабаўся! Паралельна шмат займаўся спортам: футбол і баскетбол. Таму рыхтаваўся паступаць альбо ў музычнае вучылішча, альбо ў фізкультурны інстытут. Аднак пасля 10 класа выбраў медыцынскі: 26 чэрвеня 1982 года я даў клятву Гіпакрата. 

На праслухоўванні ў розныя калектывы Аляксандр Саладуха прыходзіў у... фуражцы і з табельнай зброяй. Бо пасля ўніверсітэта давялося нават папрацаваць інспектарам рыбнагляду. У такім экзатычным выглядзе спяваў малады чалавек перад кіраўнікамі “Песняроў”, “Сяброў”, “Сіняй птушкі” ды іншых гуртоў. Мэтры прыкмячалі здольнасці, аднак у адзін голас казалі: “Вы не ансамблевы спявак. Вам трэба рабіць сольную кар’еру”. 

— Я хацеў паступіць у музычнае вучылішча імя Гнесіных у Маскве, але мяне не дапусцілі да ўступных іспытаў, бо пасля вышэйшай адукацыі было забаронена атрымліваць сярэднюю спецыяльную. Пасля была спроба паехаць у Ленінград, дзе быў аркестр Ігара Пятрэнкі. Зноў не ўзялі: не было прапіскі. Толькі на пяты год працы інспектарам я дайшоў да прафесійнай сцэны: прайшоў праслухванне ў аб’яднанне музычных ансамбляў Мінска і атрымаў сольнае аддзяленне — 45 хвілін з акустычнай гітарай — у рэстаране гасцініцы “Юбілейная”. 

І вось аднойчы туды прыйшоў выпіць кубачак кавы народны артыст Савецкага Саюза, галоўны дырыжор канцэртнага аркестра Арменіі Канстанцін Арбелян. Ён захацеў са мной сустрэцца — і за размовай прапанаваў праслухацца ў канцэртны аркестр Беларусі, які тады толькі ствараўся. Так я апынуўся ў гэтым калектыве. Потым быў Мінскі мюзік-хол, тэатр песні Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, а пасля пачалася сольная кар’ера. 

Свайго рэпертуару ў маладога артыста, які спяваў у рэстаране, не было. Ён выконваў творы Аляксандра Градскага, Юрыя Антонава ды іншых зорак. Але хіты заўсёды прыходзяць да таго, хто пра гэта марыць. Прынамсі такой думкі трымаецца Аляксандр Саладуха і спрабуе тое давесці на майстар-класах пачаткоўцам. Сёння ці не кожны беларус можа прыгадаць радкі з самых вядомых песень заслужанага артыста. А галоўны шлягер — “Здравствуй, чужая милая” — дык увогуле ведаюць на ўсёй постсавецкай прасторы. 

— Гэтую легендарную песню, без якой не праходзіць ніводны канцэрт, мне падарыў Эдуард Ханок. У сакавіку 1992 года ён патэлефанаваў мне з вакзала, бо толькі прыехаў з Санкт-Пецярбурга і пабачыў вялікі матэрыял пра мяне ў газеце “Знамя юности”. Запрасіў да сябе, каб прапанаваць мне матэрыял. Я з радасцю пагадзіўся. Калі прыехаў, маэстра сеў за раяль, выканаў першую песню. Кажу: “Не мая”. — “Чыя?” — “Гэта Слава Еўдакімаў”. Спявае другую, “Прыхільніцу”. Кажу: “Таксама не мая, гэта «Сябры»”. А калі кампазітар зайграў “Здравствуй, чужая милая”, я схапіў яго за руку: “Нікому не давалі? Гэта мая песня!” Першае выкананне было ў маі 1992 года ў горадзе Чэрвень на фестывалі “Песню бярыце з сабой”. Ну а “загучала” яна на першым “Славянскім базары ў Віцебску”. 

Вядома, летні амфітэатр у горадзе над Дзвіной — месца асаблівае для многіх прадстаўнікоў айчыннай эстрады. Цёплыя ўспаміны звязваюць з ім і Аляксандра Саладуху. І ўсё ж не толькі гэтая грандыёзная сцэна каштоўная спеваку... 

— Я люблю і вялікія пляцоўкі, і маленькія. Але самыя трапяткія месцы для выступленняў заўсёды на радзіме бацькоў. Палац Рэспублікі, Палац спорту, Мінск-Арэна, стадыён “Дынама”… Ніколі не забуду канцэрт у Барысаве, самы вялікі на сёння. У мяне ўсе пытаюцца, якая наступная пляцоўка. Я ўжо прыдумаў! Праз тры гады хачу выступіць на Кастрычніцкай плошчы. 

Варта заўважыць, што, будучы эстраднай зоркай, Аляксандр не хварэе на ганарлівасць і нахабства. Ён працягвае жыць згодна з прынцыпамі, якія некалі прывілі бацькі. Артыст ніколі не шкадуе часу і энергіі на ўдзел у дабрачынных і патрыятычных праектах, таму разлічвае толькі на сумленную працу — без подласці і інтрыг. І шануе людзей, якія спрычыніліся да яго поспеху. Да прыкладу, доўгі час зберагае цёплыя стасункі з кампазітарам Алегам Елісеенкавым. 

— Сёлета споўніцца 37 гадоў, як мы сябруем і супрацоўнічаем. Я называю Алега старэйшым братам, бо нарадзіліся мы з розніцай літаральна ў чатыры месяцы. Мы абмяркоўваем з ім усё: і творчасць, і асабістае жыццё. Калі я сустракаўся з нейкімі перашкодамі і праблемамі, усё яму адкрываў, расказваў. Ён сапраўдны сябар — адданы і шчыры. 

“Спявак, які зрабіў сябе сам” — такое азначэнне некалі далі Аляксандру нашы калегі-культураўцы. Было тое ў 1994-м. Мінула трыццаць гадоў, а формула поспеху ў артыста засталася ранейшай. Яго зорны час не праляцеў імгненна. І гэта чарговы раз пацвярджае, што падыход дзейны. 

— Мая формула поспеху даволі простая: стапрацэнтная вера ў сябе і свае сілы, праца з раніцы да ночы напоўніцу. І, вядома, варта слухаць свой унутраны голас: ён падкажа, калі трэба зрабіць паўзу і адпачыць, пераключыцца, а калі трэба паднаціснуць. Іншага шляху няма — усмешка, вера ў сябе і адданая праца! 

Яўгенія ГАБЕЦ, Данііл ШЭЙКА 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА