Сто гадоў з кнігай

Апублiкавана: 04 красавiка 2024 Стужка Бібліятэкі Мінск Дата

Аўтар: Аўтары

Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя М. Астроўскага адзначае векавы юбілей. Аб мінулым і сучаснасці адной з найстарэйшых кніжных скарбніц сталіцы мы пагаварылі з намеснікам дырэктара Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска Аленай Чарняўскай.

У СТАТУСЕ ФЛАГМАНА 

Рашэнне аб стварэнні ў Мінску дзіцячай бібліятэкі было прынята на пасяджэнні мясцовага аддзела адукацыі 25 лютага 1924 года. Імя пісьменніка Мікалая Астроўскага скарбніцы надалі ў 1939-м пасля адпаведнай пастановы ЦВК БССР. Падчас вайны будынак бібліятэкі быў цалкам знішчаны, фонд часткова вывезены. Зноў выдаваць кнігі маленькім чытачам установа пачала толькі ў красавіку 1947 года і з той пары працавала бесперапынна. На сённяшні адрас, праспект Газеты “Праўда”, 20а, бібліятэка пераехала ў 1982-м. 

— Даследаванне нашай гісторыі — складаная справа: мянялася месцазнаходжанне, многія дакументы зніклі падчас вайны, не дайшлі да нашых дзён. Праз гэтыя прычыны дакладная дата адкрыцця бібліятэкі невядомая. Таму мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею, мы праводзім не ў канкрэтны дзень, а на працягу ўсяго года. 

Алена Чарняўская

Алена Чарняўская

Зараз ЦДБ імя М. Астроўскага — найважнейшае звяно Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска. Кніжны фонд складае больш за 113 тысяч экзэмпляраў, агульная колькасць чытачоў набліжаецца да 19 тысяч. Алена Уладзіміраўна адзначае, што статус флагмана — рэч ганаровая, але яна абавязвае да многага. 

— Як галоўная дзіцячая бібліятэка горада мы павінны трымаць высокую планку, быць прыкладам для астатніх. Трэба пастаянна ствараць і ладзіць новыя ўнікальныя праекты і акцыі, актуалізаваць напрацаваныя практыкі. Таксама мы надаём вялікую ўвагу колькаснаму і якаснаму пашырэнню нашага фонду, рэкламе і прадстаўніцтву ўстановы ў інтэрнэце, у прыватнасці ў сацыяльных сетках. 

АДЗНАЧАЮЧЫ ЮБІЛЕЙ 

Як і павінна быць у сучаснай бібліятэцы, супрацоўнікі ЦДБ імя М. Астроўскага займаюцца не толькі ўлікам і выдачай кніг. Гэта паўнавартасная культурная ўстанова, дзе пастаянна ладзяць экспазіцыі, лекцыі і курсы, працуе інфармацыйны цэнтр японскай культуры. 

Алена Чарняўская падкрэслівае, што юбілейны год для работнікаў і наведвальнікаў бібліятэкі будзе вельмі насычаным і багатым на падзеі. Напрыклад, з лютага па кастрычнік ва ўстанове праводзіцца акцыя “Мая бібліятэчная гісторыя: успаміны аб Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы”. У рамках ініцыятывы чытачы, якія карысталіся паслугамі кніжнай скарбніцы ў розныя гады, змогуць расказаць пра свой першы візіт ці іншы незабыўны момант, звязаны з установай. 

— На восень традыцыйна запланаваны фестываль дзіцячай кнігі “Чытаем разам”, які сёлета прысвецім юбілею. Падчас мерапрыемства ў маленькіх чытачоў і іх бацькоў будзе магчымасць паўдзельнічаць у інтэрактыўных майстар-класах і конкурсах, сустрэцца са знакамітымі пісьменнікамі і атрымаць аўтографы. Акрамя гэтага, плануецца рэтравыстава “Старонкі гісторыі”, цыкл сустрэч “Нясумная бібліятэка” і многія іншыя акцыі. Вельмі добра, што ў нас працуе шмат крэатыўных маладых спецыялістаў, якія арганізоўваюць выдатныя імпрэзы і ведаюць, як зацікавіць дзяцей. 

ПЕРАДУСІМ — ПАТРЫЯТЫЗМ 

У ЦДБ імя М. Астроўскага часта праводзяцца сустрэчы школьнікаў са спецыялістамі арганізацый Маскоўскага раёна Мінска — прадстаўнікамі ўстаноў аховы здароўя, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Дзяржаўтаінспекцыі. Шматгадовае супрацоўніцтва наладжана з храмам Опцінскіх старцаў: праходзяць духоўныя гутаркі святароў з вучнямі старэйшых класаў. 

— Асаблівая ўвага надаецца патрыятычнаму выхаванню чытачоў. Моладзь павінна адчуваць любоў да Радзімы, гэта важна. Мы ладзім акцыі, прысвечаныя ўсім галоўным дзяржаўным святам, урокі мужнасці з запрашэннем ветэранаў. Спецыялісты бібліятэкі распрацоўваюць унікальныя настольныя гульні для вывучэння гісторыі і геаграфіі краіны. Адзначу, што нашы мерапрыемствы часта праводзяцца па-за сценамі ўстановы. Летам мы звычайна арганізоўваем бібліятэчную пляцоўку ў гандлёвым цэнтры “Сталіца”, працуем у рамках культурнага праекта “Бібліятэка пад адкрытым небам”. 

Падчас аднаго з мерапрыемстваў, што ладзяцца у бібліятэцы

Падчас аднаго з мерапрыемстваў, што ладзяцца у бібліятэцы

Яшчэ адзін прыярытэт кніжнай скарбніцы — развіццё міжнародных сувязей. Найбольш актыўна рэалізоўваюцца сумесныя праекты з дзіцячымі бібліятэкамі розных рэгіёнаў Расіі. 

— Цяпер разам са спецыялістамі Ніжагародскай дзіцячай бібліятэкі імя Т. Маўрынай праводзім творчы конкурс малюнкаў “Сказка — я, во мне намёк…”. Падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве з Санкт-Пецярбургскай спецыяльнай цэнтральнай дзіцячай бібліятэкай імя А. Пушкіна і Дзяржаўнай бібліятэкай Кузбаса для дзяцей і моладзі. Таксама нашым партнёрам з’яўляецца Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк горада Шыкмента (Рэспубліка Казахстан), мы рэгулярна абменьваемся відэавыступленнямі і ладзім літаратурныя імпрэзы. 

ПРЫВАБІЦЬ МОЛАДЗЬ 

Як у век тэхналогій і гаджэтаў дзіцячай бібліятэцы зацікавіць моладзь? Алена Уладзіміраўна адзначае, што ў гэтым здольныя дапамагчы разнастайнасць кніжнага фонду і актыўная падтрымка аднадумцаў — бацькоў і настаўнікаў. 

— Можна сказаць, што сучасныя дзяўчынкі і хлопчыкі нарадзіліся з тэлефонам у руцэ. Іх не прывабліваюць кнігі ў старых вокладках. Таму мы стараемся прапанаваць сучасную мастацкую літаратуру з яркім афармленнем, займальнымі сюжэтамі і новымі героямі. Таксама важна, каб маці, бацька ці школьны настаўнік дапамаглі дзіцяці знайсці дарогу да бібліятэкі. І вельмі радуе, што ў адукацыйных установах разумеюць важнасць чытання і прыводзяць маладое пакаленне да нас. Школьнікі, якія сябруюць з кнігай, у будучыні становяцца ўдумлівымі і гарманічна развітымі асобамі. А мы ім у гэтым актыўна дапамагаем. 

Данііл ПІЎКАРЭЦ 

Фота з архіва бібліятэкі