Даніна памяці. Разам з мастацтвам

Апублiкавана: 06 красавiка 2024 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: Аўтары

Агульнарэспубліканская акцыя “Разам з мастацтвам” крочыць па краіне. Адмысловы марафон, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, зрабіў чарговы прыпынак у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Творчы дэсант узначаліла Інга Кісялёва — артыстка Маладзёжнага тэатра эстрады выступіла вядучай мерапрыемства. Разам з ёй 2 красавіка ў акадэмію завіталі Алена Грышанава, Аляксандр Варанішча, Кірыл Кучынскі. 

Сустрэча прайшла ў фармаце адкрытага дыялогу: кожны госць не толькі выканаў тэматычную кампазіцыю, але і падзяліўся гісторыяй пра герояў сваёй сям’і, распавёў аб родных людзях, якія, не шкадуючы сябе, служылі Айчыне. Па традыцыі ўдзельнікі акцыі ўшанавалі памяць аб загінулых хвілінай маўчання. 

Таленты паказалі і гаспадары. Студэнты прачыталі вершы пра вайну. Гэтыя творы раскрылі, што перажылі нашы дзядулі і бабулі ў час ліхалецця, якой цаной здабыты мір. Кранулі сэрцы гасцей і работы будучых мастакоў: экспазіцыю “Мы памятаем боль” юныя аўтары прысвяцілі генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 

Па задуме арганізатараў, кожны куток нашай краіны, які прымае агульнарэспубліканскую акцыю, мусіць прадставіць тэматычны артэфакт і ўрачыста перадаць яго ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Першым такім экспанатам стаў трыпціх Кацярыны Грамадскай “Дзень Перамогі”, выкананы ў тэхніцы роспісу па шкле і паднесены пры старце акцыі 26 сакавіка ў БДУКМ. Гэтым разам была падорана кніга “Памяць” пра супрацоўнікаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. 

Нагадаем, акцыю “Разам з мастацтвам” праводзіць Маладзёжны тэатр эстрады пры падтрымцы Міністэрства культуры. Мэта — расказаць пра ўклад нашага народа, дзеячаў культуры і мастацтва ў вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, аддаць даніну памяці ўдзельнікам вайны, успомніць продкаў-герояў.

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА