Падатковыя прэферэнцыі для помнікаў

Апублiкавана: 08 красавiка 2024 Стужка Афіцыйна Мінск Ёсць пытанне!

Аўтар: Аўтары

Пастанова Міністэрства культуры № 22 ад 7.03.2024 “Аб вызначэнні пераліку капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), іх частак” уступіла ў сілу 27 сакавіка. Нарматыўным прававым актам устаноўлена: з 1 студзеня гэтага года помнікі архітэктуры і горадабудаўніцтва, уключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, вызваляюцца ад падатку на нерухомую маёмасць і зямельнага падатку. Падрабязней аб дакуменце распавядае намеснік міністра культуры Сяргей Саракач. 

— Сяргей Аляксандравіч, чым абумоўлена прыняцце гэтага прававога акта? Як доўга ішла работа над нарматыўным замацаваннем згаданых падатковых ільгот? 

— Прыняццю пастановы папярэднічала шырокая супольная работа з усімі зацікаўленымі. У 2022-м пры падтрымцы Урада Рэспублікі Беларусь Міністэрствам фінансаў сумесна з Міністэрствам па падатках і зборах былі ўзгоднены прапановы Міністэрства культуры аб распаўсюджванні падатковых ільгот для інвестараў, якія выкарыстоўваюць капітальныя пабудовы, што з’яўляюцца гісторыкакультурнымі каштоўнасцямі. У тым жа годзе ў рамках падрыхтоўкі адпаведнага законапраекта аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам былі перададзены ў Міністэрства фінансаў вынікі разлікаў гадавых сум выпадаючых даходаў мясцовых бюджэтаў у сувязі з запланаваным распаўсюджваннем падатковых ільгот для матэрыяльных гісторыкакультурных каштоўнасцей. У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь № 230-З ад 30.12.2022 “Аб змяненні законаў па пытаннях падаткаабкладання” з артыкулаў 228 і 239 Падатковага кодэкса сышлі абмежаванні для фарміравання пералікаў гісторыкакультурных каштоўнасцей, якім могуць быць забяспечаны падатковыя льготы. 

У 2023-м пры чарговай карэкціроўцы Падатковага кодэкса Міністэрства культуры прапанавала зменшыць нарматворчую нагрузку на Урад Рэспублікі Беларусь, які зацвярджаў адпаведныя пералікі гісторыка-культурных каштоўнасцей паводле пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №1194 ад 22.12.2012. Ініцыятыва была рэалізавана ў Законе Рэспублікі Беларусь № 327-З ад 27.12.2023 “Аб змяненні законаў па пытаннях падаткаабкладання”. Падпунктам 1.9 пункта 1 і падпунктам 4.1 пункта 4 артыкула 228, падпунктам 1.1 пункта 1 і падпунктам 7.1 пункта 7 артыкула 239 Падатковага кодэкса Міністэрству культуры забяспечаны выключныя паўнамоцтвы па вызначэнні пераліку нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і вызваляюцца ад падатку на нерухомасць, зямельнага падатку. 

На падставе апісанага Міністэрства культуры рэалізавала нормы падатковага заканадаўства і ў якасці пераліку капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), якім забяспечваюцца падатковыя льготы, акрэсліла помнікі архітэктуры і помнікі горадабудаўніцтва, уключаныя ў Дзяржспіс. 

— З якой даты дзейнічаюць гэтыя льготы? 

— Новаўвядзенні ў падатковае заканадаўства, як і палажэнні пастановы Міністэрства культуры № 22 ад 7.03.2024, распаўсюджваюцца на праваадносіны, якія ўзніклі сёлета з 1 студзеня. Такім чынам, плацельшчыкі падаткаў, звязаных з помнікамі архітэктуры і горадабудаўніцтва, могуць карыстацца адпаведнымі льготамі ўжо з пачатку бягучага года. 

Да 2024-га на падставе адпаведных нормаў артыкулаў 228 і 239 Падатковага кодэкса ад падатку на нерухомасць вызваляліся капітальныя пабудовы (будынкі, збудаванні), іх часткі, прызнаныя ва ўстаноўленым парадку матэрыяльнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі і ўключаныя ў Дзяржспіс, а таксама зямельныя ўчасткі, занятыя нерухомымі матэрыяльнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, уключанымі ў Дзяржспіс, паводле пераліку такіх каштоўнасцей, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №1194 ад 22.12.2012. 

— Што неабходна разумець пад тэрмінамі “помнікі архітэктуры” і “помнікі горадабудаўніцтва”, якія ўжываюцца ў пераліку? 

— Згодна з пунктам 1 артыкула 13 Падатковага кодэкса, тэрміны грамадзянскага права і іншых галін права, якія выкарыстоўваюцца ў Падатковым кодэксе, прымяняюцца ў тых значэннях, у якіх яны выкарыстоўваюцца ў гэтых галінах права, калі не прадугледжана іншае. Таму пастановай замацавана выкарыстанне тэрмінаў “Дзяржспіс”, “гісторыка-культурная каштоўнасць”, “помнікі архітэктуры”, “помнікі горадабудаўніцтва” і іх значэнняў, акрэсленых Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры. 

Віды матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей апісаны артыкулам 83 Кодэкса аб культуры. Да капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), надзеленых статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці, адносяцца помнікі архітэктуры і помнікі горадабудаўніцтва: 

— капітальныя пабудовы (будынкі, збудаванні), аб’екты народнага дойлідства, фрагменты, рэшткі, руіны будынкаў, збудаванняў, аб’ектаў народнага дойлідства, якія могуць быць асобнымі або аб’яднанымі ў комплексы і ансамблі, у склад якіх могуць уваходзіць звязаныя з імі творы выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, садова-паркавага мастацтва і якім нададзены статус гісторыка- культурнай каштоўнасці; 

— забудова, планіровачная структура забудовы або фрагменты планіровачнай структуры забудовы населеных пунктаў з культурным пластом, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Помнікі горадабудаўніцтва з’яўляюцца комплекснымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі. 

— Міністэрства культуры звяртае ўвагу, што пастанова зроблена максімальна простай і дакладнай для плацельшчыкаў. Як зразумець, што адпаведная каштоўнасць прэтэндуе на льготы? 

— Па-першае, згодна з артыкулам 97 Кодэкса аб культуры, помнікі архітэктуры і помнікі горадабудаўніцтва ўключаны ў раздзел 1 “Нерухомыя матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь” Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, зацверджанага пастановай Міністэрства культуры № 1 ад 3 студзеня 2023 года, а таксама прадстаўленага ў выглядзе адкрытага інфармацыйнага рэсурсу gosspisok.gov.by. На сёння ў Дзяржспіс уключана 1838 помнікаў архітэктуры і 14 помнікаў горадабудаўніцтва. Менавіта гэтыя гісторыка-культурныя каштоўнасці вызваляюцца ад падатку на нерухомасць, а землі, занятыя імі, — ад зямельнага падатку. 

Па-другое, пастанова звяртаецца да спецыяльнага ідэнтыфікатара — у адпаведнасці з артыкулам 98 Кодэкса аб культуры чацвёрты знак шыфру гісторыка-культурнай каштоўнасці адлюстроўвае звесткі аб гісторыка-культурнай каштоўнасці паводле яе характарыстык: Г — помнік архітэктуры (1838 пазіцый) і Е — помнік горадабудаўніцтва (14 пазіцый). 

І нарэшце, згодна з заканадаўствам аб культуры, кожны ўласнік (карыстальнік) такіх аб’ектаў мае дакладныя дакументальныя сведчанні, якія дазваляюць яму ідэнтыфікаваць аб’ект як гісторыка-культурную каштоўнасць. Гэта ахоўная дошка (усталёўваецца на капітальных пабудовах па форме, вызначанай пастановай Міністэрства культуры № 89 ад 26.12.2016), ахоўнае абавязацельства (падпісваецца ўласнікам (карыстальнікам) па форме, вызначанай пастановай Міністэрства культуры № 90 ад 26.12.2016, утрымлівае звесткі аб шыфры гісторыка-культурнай каштоўнасці) і пашпарт матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці (складаецца па форме, вызначанай пастановай Міністэрства культуры № 89 ад 26.12.2016).

Такім чынам, пры наяўнасці асноўнага дакумента дзяржаўнага ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей (gosspisok.gov.by), прадугледжанага заканадаўствам аб культуры і зацверджанага пастановай Міністэрства культуры № 1 ад 3.01.2023, які змяшчае звесткі аб шыфры гісторыка-культурнай каштоўнасці, выключаецца ўзнікненне цяжкасцей у прымяненні пастановы Міністэрства культуры № 22 ад 7.03.2024. 

— Новыя помнікі таксама атрымаюць ільготы? 

— Так, на ўсе новыя помнікі архітэктуры і горадабудаўніцтва, якія будуць надалей уключацца ў Дзяржспіс з чацвёртым знакам шыфру гісторыка-культурнай каштоўнасці Г ці Е, будуць распаўсюджвацца нормы пастановы № 22. 

— Як вы ацэньваеце значэнне такога нарматыўнага акта для захавання гісторыка-культурнай спадчыны? 

— Прыняцце гэтай пастановы мае гістарычны характар для сучаснай сістэмы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Такое рашэнне адпавядае сацыяльна-эканамічным патрэбам грамадства і дзяржавы, накіравана на стварэнне неабходных умоў для зберажэння гісторыкакультурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Бачыцца магчымым, што вызваленыя сродкі ўласнік зможа накіраваць на захаванне помнікаў архітэктуры і горадабудаўніцтва, а падатковыя прэферэнцыі стануць дадатковай мерай па прыцягненні інвестараў і ўключэнні ў гаспадарчы абарот аб’ектаў спадчыны.