Беларускі тэатр: трымаць марку

Апублiкавана: 09 красавiка 2024 Стужка Тэатры Мінск Прэс-клуб

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Як рухаецца сцэнічнае мастацтва ў нашай краіне? Якія задачы стаяць перад трупамі ў кантэксце рэалізацыі Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы? Пра гэта ішла размова на чарговай сустрэчы ў прэс-клубе “Культура і мастацтва”, прымеркаванай да Сусветнага дня тэатра. У гутарцы паўдзельнічалі дацэнт кафедры акцёрскага майстэрства і рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Віталь Катавіцкі, галоўны адміністратар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Таццяна Дземеш, генеральны дырэктар Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Ганна Сенькавец і галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Яўген Карняг.

“К”: “Традыцыйна ў сакавіку праходзіць Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М.@rt.кантакт». Якія высновы пра тэндэнцыі ў айчынным мастацтве можна зрабіць па выніках сёлетняга прагляду?” 

Віталь Катавіцкі: “Фестываль набірае сілу і з кожным годам становіцца ўсё лепшым. Чым сёлетні форум адрозніваецца ад іншых? У афішы было прадстаўлена шмат дзяржаўных тэатраў. І мне падаецца, што гэта вельмі добра. Неабходна мацаваць сувязі беларускага тэатра з тэатрамі іншых краін. А найбольш эфектыўна гэта рабіць на дзяржаўным узроўні. 

Якасць спектакляў таксама вельмі высокая. І пастаноўкі беларускіх рэжысёраў — адны з найлепшых на фестывалі. Напрыклад, з вялікім поспехам прайшлі «Запіскі юнага ўрача» Яўгена Карняга. У гэтай рабоце аб’яднаны і думка, і філасофія, і вострая тэатральная форма, што сведчыць пра вялікі талент. 

Заўважна, як у беларускім тэатры паціху расце прафесіяналізм. Ёсць творцы, якія задаюць моладзі планку, паказваюць узор. І моладзь падхоплівае. Надзвычай важна, каб былі такія пункты, на якія можна раўняцца”. 

Удзельнікі прэс-клуба (Віталь Катавіцкі, Таццяна Дземеш, Ганна Сенькавец і Яўген Карняг)

Удзельнікі прэс-клуба (Віталь Катавіцкі, Таццяна Дземеш, Ганна Сенькавец і Яўген Карняг)

“К”: “Надзённая задача — павелічэнне долі спектакляў паводле твораў беларускіх аўтараў. Прынамсі, такая мера замацавана ў Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы. Якая праца вядзецца цяпер у гэтым напрамку? Як ператварыць прапісаныя захады ў жыццё?” 

Віталь Катавіцкі: “Зараз ідзе пагоня за беларускім драматургічным матэрыялам, а ён мусіць нарадзіцца арганічна. Выдатна, што Міністэрства культуры займаецца гэтым пытаннем. У нас працуе Цэнтр беларускай драматургіі — і гэта магчымасць разгледзець талент, даць яму дарогу. 

Аднак мы дарма забываем, што беларуская літаратура вельмі багатая. Заклікаю інсцэніраваць айчынную прозу — Кузьму Чорнага, Змітрака Бядулю. Напрыклад, «Салавей» — гэта цудоўны і вельмі сцэнічны твор. І пакуль арганічна не ўзнік неабходны драматургічны матэрыял, варта рабіць таленавітыя інсцэніроўкі. Гэта можа стаць добрай школай для маладых драматургаў. 

Пакуль жа многія з іх не валодаюць тэатральнай спецыфікай, што паказаў нядаўні конкурс. Яны думаюць альбо прозай, альбо кіно. Іх напрацоўкі складаныя для сцэнічнага ўвасаблення, таму патрабуюць значнага рэжысёрскага ўдасканалення”. 

“К”: “Спадар Яўген, вы зазвычай не звяртаецеся да драматургаў. Гэта звязана з той праблемай, якую акрэсліў Віталь Катавіцкі?” 

Яўген Карняг: “Пераважна я працую ў тэатры лялек, а ён не сябруе з сучаснай драматургіяй. Лялька — гэта ўжо пэўны варыянт рашэння п’есы. Сучасная драматургія ў асноўным вырашаецца адным спосабам — так, як напісана аўтарам. Калі ў Чэхава ці Шэкспіра кожны рэжысёр адшукае свой ключ, то сучасны матэрыял гэтаму не спрыяе. У класічнай жа літаратуры даволі шмат эзопавай мовы. Што да працы з драматургамі, я не адчуваю такой патрэбы. Мне прасцей рабіць інсцэніроўку самому”. 

“К”: “Ці варта чакаць ад Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек пастановак па айчынных класіках у найбліжэйшы час?” 

Яўген Карняг: “Так. Наступная наша прэм’ера — спектакль паводле Уладзіміра Караткевіча”. 

“К”: “А як справы са спектаклямі па творах беларускіх аўтараў у іншых тэатрах?” 

Ганна Сенькавец: “Брэсцкі тэатр укараняе новыя формы і ў драматычным, і ў канцэртным напрамках. Мы актыўна звяртаемся да фармату тэатралізаванай чыткі. Нядаўна адбылася прэм’ера «Дзікага палявання караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча ў такім варыянце. Фармат спадабаўся нашаму гледачу. Запаўняльнасць залы стапрацэнтная. Праз невялікі кошт білетаў тэатралізаваныя чыткі карыстаюцца попытам у школьнай аўдыторыі. 

Таксама ў нашай установе працуе сімфанічны аркестр. Калектыў падрыхтаваў праграму «Брэстчына. Прыгажосць у мелодыі», якую складаюць творы брэсцкіх кампазітараў. Але, прызнаюся, сабраць залу было цяжка, хоць звычайна на выступленні аркестра квіткі разлятаюцца імгненна. Бачым, што людзі яшчэ не прывыклі слухаць айчынных аўтараў. Неабходна выхоўваць у іх любоў да нацыянальнага матэрыялу. У той жа час попытам карыстаецца праграма аркестра для дзяцей «Круіз па Беларусі»: мы расказваем аб прыгожых мясцінах нашай краіны праз музыку, гістарычныя зводкі і відэакантэнт”. 

Таццяна Дземеш: “Нядаўна Павел Марыніч з Палескага драматычнага тэатра паставіў на нашай сцэне «Пісаравы імяніны». Спектакль паводле Уладзіслава Галубка ўжо быў у афішы Купалаўскага тэатра, але вельмі- вельмі даўно, у 1920-я гады. Узяліся за гэтую п’есу не проста так. Шмат ездзім па Беларусі з нашай візітоўкай — неўміручай «Паўлінкай». І народ просіць нешта яшчэ лёгкае, вясёлае і з нацыянальным каларытам. «Пісаравы імяніны» — цудоўная камедыя, вадэвіль. Між іншым, у спектаклі высмейваюцца ўсялякія заганы, напрыклад п’янства. 

Плённа працуе і наш невялікі аркестр. Летась ён падрыхтаваў імпрэзу «Музыка душы. Роднае». Яна складаецца выключна з твораў беларускіх кампазітараў, дапоўненых вершамі. Праект вельмі зацікавіў моладзь. Імпрэза праходзіць пры аншлагах, і нас запрашаюць выступаць з ёй у глыбінцы”. 

“К”: “Ці ўяўляеце вы партрэт свайго наведвальніка? Хто ваш глядач, што яго турбуе і якія тэмы адгукаюцца ў яго ўнутры?”

Таццяна Дземеш: “Наша аўдыторыя разнастайная. Вельмі прыемна было бачыць моладзь на спектаклі «А зоры тут ціхія». Здавалася б, да гэтага пакалення цяжка дастукацца з творам пра вайну. Аднак маладыя людзі выходзілі з залы са слязамі, давалі шмат станоўчых водгукаў. Праз пастаноўкі «Скрыжаванні» ў Каміннай зале і «Двор майго дзяцінства» на камернай сцэне спрабуем паказаць моладзі, як сучаснасць пераклікаецца з мінулым, з каранямі. Вяртаецца тое пакаленне, якое думала, што ў Купалаўскім больш не будзе нічога цікавага. Вяртаецца і кажа: тэатр трымае марку. 

Прыемна, што Купалаўскі ўзяўся за дзіцячы рэпертуар. Даўно на нашай сцэне не было спектакляў для юнай аўдыторыі. І вось цяпер ёсць дзве пастаноўкі, якія карыстаюцца попытам. І дарослыя, і дзеці з задавальненнем прыходзяць на «Казку аб мёртвай царэўне» паводле Аляксандра Пушкіна і на «Гісторыю шакаладнага дрэва» — лёгкі, інтэрактыўны, яркі спектакль па творы сучаснага беларускага аўтара Аляксандра Мазькова”. 

Ганна Сенькавец: “Гледачы ў нас розныя: і старэйшае пакаленне, і моладзь. Усе яны хочуць пакінуць турботы па-за сценамі тэатра і атрымаць асалоду альбо падумаць пра надзённае. На вялікай сцэне з аншлагам паказваем такія спектаклі, як «Пайсці і не вярнуцца», «Жаніцьба», «Я танцую як дэбіл», «Адчайныя цёткі». 

У малой зале попытам карыстаецца пастаноўка маладога рэжысёра Яўгеніі Гадун «Кошт задавальнення». Адбылося ўжо 33 паказы, а чарга па квіткі распісана на 2-3 месяцы наперад. У спектаклі ўздымаецца праблема непаразумення ў сям’і. І мы ўсведамляем: звярнуліся да пытання, якое хвалюе нашу публіку. Кожны знаходзіць нешта сваё, у ней- кіх урыўках, магчыма, бачыць сябе. Гледачы пакідаюць каментарыі, што выходзяць з тэатральнай залы нібыта іншымі людзьмі”. 

Яўген Карняг: “Мая аўдыторыя — людзі рознага ўзросту, з розным досведам. І кожны знаходзіць у спектаклях нешта сваё. Я ніколі не хацеў выбіраць гледача, думаць, падыходзіць ён мне ці не. Аднак я спадзяюся, што мая аўдыторыя арыентуецца на якасць. Што найбольш чапляе публіку, я не магу прааналізаваць. Але магу зрабіць здагадку. Гледача прыцягвае тое, што з ім не сюсюкаюць, што да яго адносяцца як да інтэлектуальнай адзінкі. Мой настаўнік Аляксей Ляляўскі казаў: «Калі чалавек прыходзіць у тэатр па забавы, то ён пераблытаў дзверы. Тэатр мусіць ставіць пытанні, даваць досвед, які асоба не можа атрымаць у жыцці»”. 

“К”: “Важкую ролю адыгрывае рэпрэзентацыя нацыянальнай культуры ў лічбавым асяроддзі. Як праца ў інтэрнэце дапамагае вам?” 

Ганна Сенькавец: “У нас шмат падпісчыкаў у сацыяльных сетках. Аднак лепш за сарафаннае радыё нічога не працуе. Калі спектакль якасны, то дадатковая рэклама яму не патрабуецца. Варты прадукт глядач абавязкова параіць іншым”. 

“К”: “У гэтым кантэксце немагчыма не згадаць анлайн-трансляцыі і публікацыі відэа са спектаклямі ў Сеціве. Якія перавагі і адмоўныя бакі такой практыкі?” 

Яўген Карняг: “Мне падаецца, кіно дагэтуль не задушыла тэатр толькі таму, што ён жывы. Зразумела, што людзі пачынаюць уключаць трансляцыі, калі вельмі хочуць убачыць спектакль, але фізічна не могуць трапіць у тэатр. Аднак відэа дае зусім іншыя адчуванні, уражанні. Гэта як сціслы пераказ рамана”. 

Віталь Катавіцкі: “Прывяду прыклад з форуму «М.@rt.кантакт». Некаторыя тэатры дасылаюць у адборачную камісію не запісы спектакляў цалкам, а толькі тызеры. Чаму? Не хочуць выдаваць тайну. Напэўна, калі выкінуць відэа ў Сеціва, то чалавек у тэатр ужо можа не прыйсці”. 

Яўген Карняг: “Прыйдзе абавязкова, калі спектакль добры. Адно другому не перашкаджае. Былі пастаноўкі, якія я бачыў на відэа, а пасля пры магчымасці ішоў глядзець ужывую”. 

Віталь Катавіцкі: “Як бы тое ні было, карыстацца тэхналогіямі неабходна. Даваць анонсы, інфармацыю ў Сеціве. У нас ёсць тэатры, якія з гэтым добра спраўляюцца. У іх выдатная запаўняльнасць зал”. 

“К”: “Напрыканцы хачу пацікавіцца: як сёння развіваюцца міжнародныя сувязі беларускіх тэатраў?” 

Таццяна Дземеш: “Пасля пандэміі Купалаўскі тэатр павярнуўся ўнутр краіны, стаў больш даступным для жыхароў розных куткоў Беларусі. Як казаў Прэзідэнт, нашу «Паўлінку» мусяць убачыць усе. І мы вельмі актыўна гастралюем па рэспубліцы. 

Калегі не дадуць схлусіць, што замежныя гастролі вымагаюць вялізных выдаткаў, якія можна і не перакрыць ганарарам. Аднак мы стараемся бываць на фестывалях, каб заявіць пра сябе. Акрамя таго, добрыя стасункі склаліся ў нас з Рэспублікай Татарстан. Качалаўскі тэатр з Казані летась прыязджаў да нас аж на тры тыдні. Упершыню за ўсю сваю гісторыю калектыў завітаў у Беларусь. Наша краіна вельмі ўразіла гасцей. І мы пабывалі ў Татарстане, паказалі там «Паўлінку», сустрэліся з нашчадкамі славутага рэжысёра Льва Літвінава, наведалі Музей Янкі Купалы ў Пячышчах. Плануем вярнуцца з вялікімі гастролямі”. 

Віталь Катавіцкі: “Дазвольце падкрэсліць, якое істотнае значэнне маюць фестывалі. Яны аб’ядноўваюць, наводзяць масты. Напрыклад, у форуме «М.@rt.кантакт» сёлета ўдзельнічалі Казахстан, Кыргызстан, Балгарыя, Арменія, розныя рэгіёны Расіі. Палітра даволі шырокая. Людзі наладжваюць кантакты, дамаўляюцца пра новыя праекты. Гэта надзвычай карысна і неабходна”. 

Яўген Карняг: “Я паставіў невыязныя спектаклі. Ні «Прададзены смех», ні «На чорнай-чорнай вуліцы» не ўбачаць нідзе, акрамя Мінска, бо гэта тэхнічна немагчыма. Але цяпер мы будзем працаваць над тым, каб зрабіць твор з беларускай душой, але зразумелы ўсім. Ёсць жаданне паказаць замежнікам варты матэрыял, паказаць краіну, у якую хочацца прыехаць. На гэта разлік у спектаклі паводле Уладзіміра Караткевіча». 

Ганна Сенькавец: “Брэсцкі тэатр у мінулым годзе атрымаў грант аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыі «Рускія сезоны». На стварэнне пастаноўкі і асваенне сродкаў у нас быў усяго месяц, аднак каманда на чале з рэжысёрам Дзянісам Фёдаравым справілася. 5 снежня прайшла прэм’ера спектакля «Моцарт і Сальеры» па матывах твора Аляксандра Пушкіна. І мы вельмі ўдзячныя міністэрствам культуры Расіі і Беларусі за гэтую магчымасць”. 

Віталь Катавіцкі: “Дадам, што цяпер працуе новы старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Вераніка Ярмалінская. І яна шмат намаганняў прыкладае, каб усталяваць сувязі з суполкамі іншых краін. Думаю, што гэтая арганізацыя неўзабаве стане адыгрываць вялікую ролю ў міжнародным дыялогу”. 

Ганна Сенькавец: “Дарэчы, у нас летась пры падтрымцы Саюза тэатральных дзеячаў Расіі адбылася рэжысёр- ская лабараторыя. І да Сусветнага дня тэатра яе пераможца Сяргей Шчадрын прэзентаваў прэм’еру — спектакль «Бацькі і дзеці»”. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота Ульяны КАСЦЮНІНАЙ