Розныя лёсы двух гарадзішчаў

Апублiкавана: 09 красавiка 2024 Стужка Архітэктура Мінск Спадчына

Аўтар: РУДАК Антон

У Музеі гісторыі горада Мінска прайшло традыцыйнае штогадовае мерапрыемства, прысвечанае першай летапіснай згадцы горада, якая прыпадае на 3 сакавіка 1067 года. Сёлетні лекторый “Ад Менкі да Нямігі” зладжаны сумесна з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Лектарамі выступілі археолагі, якія займаюцца даследаваннем археалагічнага комплексу на рацэ Менцы ды мінскага замчышча і праблемамі вызначэння месцазнаходжання летапіснага Мінска. 

НА ДЗЕВЯЦЬ МЕТРАЎ УГЛЫБ ВЯКОЎ 

Загадчык аддзела археалогіі Сярэднявечча і Новага часу Інстытута гісторыі Андрэй Вайцяховіч выступіў з дакладам пра самыя маштабныя раскопкі археалагічнага комплексу на рацэ Менцы паблізу вёскі Гарадзішча ў Мінскім раёне. Падчас раскопак 2022—2023 гадоў на яго тэрыторыі археолагі знайшлі вялікую колькасць прадметаў, якія адносяцца да X і XI стагоддзяў, — гэта можа расцэньвацца як сведчанне, што яшчэ да бітвы на Нямізе, з якой звязаная першая летапісная згадка пра Мінск, тут існавала буйное паселішча. 

Гарадзішча на Менцы

Гарадзішча на Менцы

У 2021-м Савет Міністраў зацвердзіў дзяржаўную праграму “Культура Беларусі” на 2021—2025 гады, якая, між іншага, прадугледжвае даследаванне найбольш значных помнікаў гісторыі, у тым ліку археалагічнага комплексу на Менцы, у склад якога ўваходзяць малое і вялікае гарадзішчы, чатыры селішчы і групы курганоў. Тут былі праведзеныя маштабныя даследаванні земляных умацаванняў, раскопкі закранулі плошчу каля 30 на 30 метраў і на восем метраў углыбіню. 

Гэта першыя ў краіне паўнавартасныя раскопкі аб’екта; цалкам вышыня вала складае дзевяць метраў, недаследаваным пакуль застаецца апошні з іх. У выніку былі выяўленыя сляды дрэва-земляных умацаванняў, так званых гарадзён, датаваных X стагоддзем, якія ўяўляюць сабой здвоеныя дубовыя клеці вышынёй каля пяці метраў. Аб тым, што старажытнае селішча на Менцы было буйным гандлёвым і эканамічным цэнтрам воласці, сведчыць таксама вялікая колькасць знойдзеных тут арабскіх манет. 

НА СВІТАНКУ ІСНАВАННЯ 

Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі Сярэднявечча і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Вадзім Кошман распавёў аб першых гадах існавання горада і перспектывах вывучэння археалагічнага комплексу мінскага замчышча. Недзе каля 1085 года мінскі князь Глеб, сын легендарнага Усяслава Чарадзея, ажаніўся з Анастасіяй, дачкой уладзіміра-валынскага князя Яраполка Ізяслававіча, якая нарадзіла яму трох сыноў — Расціслава, Валадара і Усевалада. Гэты шлюб, хутчэй за ўсё, з’яўляўся адлюстраваннем палітычнай гульні Усяслава, які такім чынам імкнуўся ўстанавіць з Яраполкам Ізяслававічам саюзніцкія дачыненні. 

Прарэзка вала гарадзішча на Менцы ў 2023 годзе

Прарэзка вала гарадзішча на Менцы ў 2023 годзе

Мяркуючы па гэтым, можна лічыць, што прыкладна ад 1085 года мог існаваць выдзелены Глебу ўдзел, які актыўна заявіў аб сабе толькі пасля смерці Усяслава Брачыслававіча. Прыхільнікі версіі аб пераносе княжацкага цэнтра з Менкі на Нямігу лічаць, што гэта адбылося менавіта ў княжанне Глеба. З канца XII і на працягу XIII стагоддзя летапісныя згадкі аб Мінску адсутныя. Лічыцца, што ў гэты час горад быў цэнтрам удзельнага княства, звязанага з Полацкам, а пазней — з Навагрудкам, Трокамі і Вільняй. Каля 1326 года згадваецца, што ў Ноўгарадзе ў складзе пасольства ад вялікага князя Гедзіміна быў і мінскі князь Васіль, што сведчыць аб далучэнні мінскай зямлі да Вялікага Княства Літоўскага. 

ПАДСУМАВАННЕ ЗРОБЛЕНАГА 

Спробы археалагічнай лакалізацыі летапіснага Мінска рабіліся яшчэ з 1920-х, аднак адсутнасць традыцыі “гарадской археалогіі” ды іншыя навуковыя задачы даваеннага перыяду не дазвалялі перайсці да яго практычнага вывучэння. Да таго ж шчыльная каменная забудова, значныя перабудовы і магутны культурны слой, які часткова схаваў вал і роў, абмяжоўвалі магчымасці даследчыкаў. Як ні парадаксальна, магчымасць для даследавання тэрыторыі замчышча з’явілася менавіта ў выніку ваенных разбурэнняў, нанесеных падчас нацысцкай акупацыі, калі забудова замчышча была амаль цалкам знішчаная. 

Па выніках шматлікіх пасляваенных археалагічных даследаванняў было лакалізавана гарадзішча летапіснага Мінска, у розных месцах яго знівеліраванай у канцы 1950-х пляцоўкі былі выяўленыя рэшткі магутнага абарончага вала, які акружаў горад, усярэдзіне яго зафіксаваныя і даследаваныя драўляныя канструкцыі, у паўднёва-ўсходняй частцы выяўленая ўязная брама, вывучаныя планіроўка і забудова паўночна-ўсходняй часткі горада, а ў ранніх напластаваннях усходняй часткі замчышча выяўлены фундамент каменнай царквы памерамі 12 х 16 метраў з трыма апсідамі. 

ТАЯМНІЦЫ І ПЕРСПЕКТЫВЫ 

Вывучэнне мінскага замчышча мае яшчэ багата адкрытых пытанняў. Пакуль не распрацаваная дэндрахраналагічная шкала, што не дазваляе з упэўненасцю вызначыць храналогію ўсяго комплексу збудаванняў. Адназначна не вырашана пытанне аб часе ўзвядзення фундамента царквы, не лакалізаваныя іншыя цэрквы на замчышчы і пасадах Мінска, не лакалізаваны княжацкі двор. Дагэтуль не вывучаная заходняя частка замчышча, дзе адзначаны магутны культурны слой з вялікай колькасцю драўляных канструкцый ХІІ—XVIII стагоддзяў. Адсутнічае інфармацыя аб характары і асаблівасцях вала, унутрывальных канструкцый і рова фартыфікацыйнай лініі старажытнага Мінска. Акрамя таго, няяснымі застаюцца асаблівасці развіцця абарончых збудаванняў замчышча і вакольнага горада ў XIV—XVII стагоддзях. 

Раскопкі на мінскім замчышчы, 1950 год

Раскопкі на мінскім замчышчы, 1950 год

Як адзначыў выступоўца, перадусім задача любога археолага — захаваць прадмет даследавання для будучых пакаленняў. Раскопкі — гэта сур’ёзнае і затратнае мерапрыемства, немагчымае без адпаведнага запыту на цеснае супрацоўніцтва навукоўцаў, грамадства, дзяржавы і музейных спецыялістаў для вывучэння гэтай тэрыторыі. Таму мінскае замчышча працягвае захоўваць яшчэ безліч таямніц і чакае новых даследчыкаў у будучыні. 

Антон РУДАК 

Фота з прэзентацыі