Ксенія Пагарэлая: “Усё, чым жыву, звязана з музыкай”

Апублiкавана: 10 красавiка 2024 Стужка Музыка Віцебск і воблась Інтэрв'ю з нагоды

Аўтар: Аўтары

Аднойчы лёс прывёў яе ў полацкую Сафію. Менавіта ў сценах гэтай святыні 35 гадоў таму яна знайшла прафесійнае прызванне. Сёння ўпэўненая: музыка, якую дорыць слухачу, здольная зачароўваць. А яшчэ артыстка ўдзячная сяброўцы за запрашэнне ў нашу краіну. Сінявокая стала для гераіні другой радзімай. Пра гэта ды іншае напярэдадні юбілею мы пагаварылі з заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Ксеніяй Пагарэлай. 

— Вы з’яўляецеся салісткай канцэртнай залы Сафійскага сабора ў Полацку. Раскажыце, як прыйшлі да аргана. 

— Прафесійна займаюся музыкай з шасці гадоў. Спачатку гэта было фартэпіяна. І мая настаўніца Нэла Уладзіміраўна Хаспека давала слухаць рэдкія запісы арганнай музыкі. Памятаю чорныя кружэлкі з творамі Баха. Мне вельмі падабалася. А калі паступіла ў кансерваторыю, з’явілася магчымасць вучыцца іграць і на аргане. 

Ксенія Пагарэлая

Ксенія Пагарэлая

Па размеркаванні патрапіла на Далёкі Усход — ва Уладзівастоцкі інстытут мастацтваў. Працавала на фартэпіяннай кафедры. У 1988-м мы з сям’ёй пераехалі ў Беларусь. Менавіта тут у маёй дзейнасці з’явілася шмат арганнай музыкі — 35 гадоў я працую арганісткай канцэртнай залы Сафійскага сабора. Фартэпіяна не пакінула, іграла на ім як канцэрт- майстар: з вакалістамі, са скрыпачамі, сольныя часткі праграмы. 

— Вы родам з Краснадара. Чаму для жыцця выбралі менавіта Полацк? 

— У 1985-м у полацкім саборы быў усталяваны арган, туды прыехала працаваць па размеркаванні мая знаёмая. Мы разам вучыліся ў Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П. І. Чайкоўскага па класе фартэпіяна ў прафесара М. Фёдаравай і па класе аргана ў прафесара Л. Ройзмана. У пачатку 1988-га сяброўку запрасілі на замежную стажыроўку. Яна напісала мне, расказала, што ў Полацку вельмі добры арган, і прапанавала прыехаць паглядзець. Сафійскі сабор мяне ўразіў. Выпадковасць ці не? Аднак дзякуючы збегу акалічнасцей мы з мужам больш за 35 гадоў жывём і працуем у Полацку. 

— Калі Расія — радзіма, то што для вас Беларусь? 

— Таксама радзіма. Тут прайшла большая частка майго жыцця. І калі мы прыехалі ўпершыню, то Сафійскі сабор, і ўсё, што вакол яго, і яшчэ цудоўныя людзі сталі адкрыццём. 

— Вашы бацькі былі звязаны з музыкай? 

— Не, але бабуля добра спявала, нават на гітары іграла. Яе старэйшы брат таксама годна спяваў. Аднак прафесіяналаў не было. А вось дзеці пайшлі па маіх слядах. Дачка — арганістка, кіраўнік хароў. Сын — піяніст. Абое пішуць музыку, займаюцца ёю кожны ў сваім кірунку. Муж — баяніст і дырыжор. Больш за 15 гадоў пад яго кіраўніцтвам у Полацку дзейнічае камерны аркестр “Еўропа-Цэнтр”. З гэтым калектывам у мяне шмат выступленняў — на фестывалях у Сафійскім саборы і іншых пляцоўках. 

Лаўрэат міжнародных конкурсаў Марына Зяленіна і заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ксенія Пагарэлая

Лаўрэат міжнародных конкурсаў Марына Зяленіна і заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ксенія Пагарэлая

— Ці прыходзілася іграць на электронным аргане? Ёсць розніца з класічным інструментам? 

— Прафесійнаму арганісту, безумоўна, цікавей іграць на духавым інструменце. У Сафійскім саборы сучасны духавы арган. Вядома, на электронным таксама прыходзілася іграць. Больш за 30 гадоў працую ў Полацкай дзіцячай школе мастацтваў. Там у мяне ёсць вучні па класе аргана. У нас электронны інструмент. Такі ж — у Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтваў, дзе некаторы час выкладала. Электронны моцна адрозніваецца ад духавога. Сапраўднага арганнага гучання электронны не здольны перадаць, аднак для навучання падыходзіць. І памер дазваляе размясціць інструмент у класе. 

— Ці часта вучні музычных школ выбіраюць арган? 

— Ахвотных даволі многа. Іншая справа — не ўсе могуць іграць. Любы інструмент патрабуе пэўных здольнасцей. Напрыклад, чалавеку, у якога не вельмі добрая каардынацыя, асвоіць арган цяжка. Гэта складаны інструмент, на якім іграюць і рукамі, і нагамі. Таму паспрабаваць можа кожны, а там ужо як атрымаецца. 

— Дзе лепш выступаць — у канцэртнай зале ці храме? 

— Для мяне кожнае выступленне значнае. А для аргана важная акустыка. У храмах, безумоўна, яна лепшая, таму і гучыць інструмент надзвычай велічна. Унікальная акустыка Сафійскага сабора — гэтаму пацвярджэнне. 

— Ці задумваліся, хто ваш слухач? 

— Існуе меркаванне, быццам арган больш прываблівае сталых людзей. Не магу пагадзіцца. Моладзь таксама цікавіцца. Усё прапарцыянальна. Да нас прыходзяць і турысты, і мясцовыя жыхары. Бывае, хтосьці выпадкова трапляе. Напрыклад, чалавека прыводзяць на канцэрт сябры, а ён потым кажа, што нават не ўяўляў, як гэта цудоўна. Прыязджаюць паслухаць арган і з санаторыяў. Пасля дзеляцца ўражаннямі, як добра адпачылі. Сцвярджаюць нават, нібы знікае боль. А хтосьці прыходзіць, каб стала лёгка на душы. 

— Што акрамя музыкі вас займае? 

— У мяне добрая праца. Кажуць, калі вы знойдзеце любімую работу, то атрымаеце і крыніцу задавальнення, і хобі, а за гэта яшчэ будуць плаціць грошы. Таму пазаканцэртны час таксама прысвячаю музыцы. Складаю праграмы, супрацоўнічаю з калегамі, рыхтуюся да двух фестываляў у канцэртнай зале Сафійскага сабора, што адбываюцца вясною і ўвосень. А яшчэ падабаецца гуляць па любімым горадзе. 

Лаўрэат міжнародных конкурсаў Марына Зяленіна і заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ксенія Пагарэлая

Лаўрэат міжнародных конкурсаў Марына Зяленіна і заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ксенія Пагарэлая

— За што вы ўдзячныя сваёй прафесіі? 

— За шматлікія канцэрты, а іх штогод — каля 200, фестывалі, майстар-класы, вандроўкі, стварэнне аркестра і супрацоўніцтва з ім. За сустрэчы з цікавымі людзьмі — музыкантамі і слухачамі. Гэта ўсё, чым я жыву. І яно звязана з музыкай, з Сафійскім саборам, з канцэртамі, з вучнямі. 

— Ці ёсць у вас дэвіз па жыцці? 

— Усё мінае, а музыка — вечная. 

— Як плануеце святкаваць юбілей? Што пажадаеце сабе ў гэты дзень? 

— Будзе дзень — будзе і песня (усміхаецца). Магчыма, зладзім канцэрт. Цяпер занятыя фестывалем і штонядзельнымі выступленнямі, рыхтуем новыя праграмы. Таму будзем думаць! А пажадаць сабе хацела б сонца, кахання і творчасці. 

Надзея ЗУЕВА 

Фота з архіва Ксеніі Пагарэлай