Да міру і стварэння!

Апублiкавана: 07 красавiка 2024 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск

Аўтар: Аўтары

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў прэзентаваў міжнародны выставачны праект “Сто ўсмешак Гагарына. Усмешка для міру”. Ён выйшаў за межы простай дэманстрацыі арт-аб’ектаў, звыклага творчага дыялогу з гледачом. Ініцыятыва стала своеасаблівым заклікам да ўсяго чалавецтва, чарговым крокам да ўмацавання беларуска-расійскіх сувязей і сяброўства між рознымі народамі ўвогуле.

“Задача мастацтва не проста радаваць вока ці прэзентаваць пластычныя навацыі гледачу, а заахвочваць яго да самых высокіх мэт і сэнсаў”, — упэўнены дырэктар НЦСМ Сяргей Крыштаповіч. На яго думку, культура як моцны фактар уплыву на свядомасць мусіць павярнуць чалавецтва ад спрэчак, што неўзабаве абяцаюць катастрофу, да першапачатковага паклікання — ствараць і ўдасканальваць. Кіраўнік установы называе праект міратворчым. 

Палёт Юрыя Гагарына ў космас аказаўся найважнейшай падзеяй для ўсяго чалавецтва. Адкрытая ўсмешка героя скарыла сэрцы людзей па ўсёй планеце — і з’яднала іх. Сёння арганізатары хочуць нагадаць, што кожны чалавек ёсць часткай адзінага цэлага. Такім чынам, арганізатары паставілі мэту не толькі аддаць даніну павагі першаму касманаўту ў 90-ю гадавіну яго нараджэння, але і нагадаць свету пра вечныя каштоўнасці, пра выключную адказнасць людзей у захаванні цывілізацыі. Асабістае абаянне Юрыя Гагарына ў свой час сапраўды аказала міратворчы ўплыў, паспрыяла аб’яднанню людзей па ўсім зямным шары — незалежна ад паходжання, статусу, поглядаў. Яго ўсмешка поўнілася святлом унутранай прыгажосці, любоўю да жыцця. Не дзіва, што па сёння яна застаецца своеасаблівай зоркай-арыенцірам, здольнай навесці нас на правільную сцяжыну. 

— Усмешка Юрыя Аляксеевіча ўжо стала сімвалам. Яна заўсёды была шчырай, у ёй не было фальшу і двудушнасці, і гэта падкупляла людзей. Хочацца, каб гэтая ўсмешка, як і ў тыя часы, сёння аб’яднала людзей з розных краін і розных кантынентаў, — падзялілася куратар міжнародных выставачных праектаў Аб’яднанага мемарыяльнага музея-запаведніка Ю.А. Гагарына, пляменніца касманаўта Наталля Гагарына. 

Азербайджан, Балгарыя, Бразілія, Германія, Індыя, Японія… Свае работы на выставу даслалі ахвочыя амаль з 40 краін. Яны падзяліліся ўласнымі фотаздымкамі, зробленымі ў музеях касманаўтыкі, ля помнікаў і мемарыяльных знакаў Юрыю Гагарыну ў сваіх гарадах, на фоне пазнавальных пейзажаў і архітэктурных славутасцей. Безумоўна, усе кадры — з усмешкай. На адрас арганізатараў прыйшлі сотні дзіцячых малюнкаў на тэму космасу, міру, любові і стварэння. І такая цікавасць да беларуска-расійскага праекта пацвярджае, што вобраз Гагарына ўнікальны для сусветнай гісторыі. Ён аднолькава любімы, шанаваны ва ўсім свеце, і вакол гэтай фігуры няма і не можа быць рознагалосся. 

Пабачаць наведвальнікі экспазіцыі не толькі фотаздымкі і дзіцячыя малюнкі з розных куткоў Зямлі, але і творы сучасных мастакоў: жывапіс, графіку, скульптуру, плакат, медыяарт. Каштоўнай уяўляецца таксама частка выставы, што складаецца з набыткаў Аб’яднанага мемарыяльнага музея-запаведніка Ю.А. Гагарына. Установа прэзентуе ўвазе публікі шэраг фотаздымкаў касманаўта ў самых розных абставінах, а таксама асабістыя рэчы і прадметы з сямейнага збору. Дакладны склад гэтага скарбу пакінем у сакрэце. Адзінае, што адкрыем: вам пашчасціць убачыць і вайсковае адзенне, і аўтограф Героя Савецкага Саюза. 

“Сто ўсмешак Гагарына. Усмешка для міру” стаўся ўжо трэцім сумесным праектам НЦСМ з Аб’яднаным мемарыяльным музеем-запаведнікам Ю.А. Гагарына — адным з вядучых расійскіх музеяў касманаўтыкі і захавальнікам памяці пра першага касманаўта нашай планеты на яго малой радзіме ў Смаленскай вобласці. Гэтая ўнікальная ўстанова злучае некалькі разнапланавых пляцовак і валодае больш як 80 тысячамі адзінак захоўвання. Цесныя сувязі лучаць гэты музей з Беларуссю. Толькі летась арганізацыя рэалізавала дзесяць сумесных праектаў з установамі нашай краіны, падпісала мемарандумы аб супрацоўніцтве, паўдзельнічала ў працы першага беларуска-расійскага музейнага форуму і ў іншых падзеях. 

Як адзначае Наталля Гагарына, народы Беларусі і Расіі звязвае шматвяковая гісторыя — і ў гэтым іх сіла. А шматлікія культурныя праекты, арганізаваныя супольнымі намаганнямі, дапамагаюць стаць яшчэ бліжэй, яшчэ больш зразумелым адно для аднаго.