Волат на службе Радзіме

Апублiкавана: 11 красавiка 2024 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск Вернісаж

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Сёлета споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння Паўла Масленікава — выдатнага майстра пейзажа, тэатральнага жывапісца, даследчыка і педагога. Установы культуры да значнай даты прэзентавалі праекты, што раскрываюць розныя грані таленту народнага мастака Беларусі.

Нацыянальны мастацкі музей падрыхтаваў выставу “Ракурсы творчасці: зямля, вада неба”. Яна змяшчае каля 40 палотнаў з калекцыі установы, а таксама за збораў Беларускага саюза мастакоў, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В. Масленікава, Музея гісторыі горада Мінска і сям’і мастака. Гэта як маштабныя краявіды, так і эцюды ды партрэты блізкіх аўтара. 

Лірыка-эпічныя пейзажы мэтра сталі сапраўднымі перлінамі айчыннага жывапісу. Некалькі дзесяцігоддзяў творца працаваў мастакомпастаноўшчыкам Вялікага тэатра Беларусі, афармляў спектаклі на іншых пляцоўках, пазней актыўна займаўся выкладчыцкай і грамадскай дзейнасцю. І ўсё адно ніколі не пакідаў захаплення роднымі даляглядамі. Беларускія краявіды вабілі творцу ціхім і някідкім хараством — і ён заўжды знаходзіў час для працы на прыродзе, для малявання з натуры. Бясспрэчна, майстар, як ніхто іншы, пераканаўча перадаў красу нашай зямлі. 

П. Масленікаў. "Павеяла вясной", 1973 г

П. Масленікаў. "Павеяла вясной", 1973 г

— Павел Васільевіч быў шматгранна адоранай асобай: выбітным жывапісцам, віртуозным тэатральным мастаком, які аформіў мноства спектакляў па матывах выдатных твораў, таленавітым педагогам, які ўмеў заразіць вучняў любоўю да жыцця, творчасці і радзімы, — падкрэслівае генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Ганна Конанава і дадае: — І асобна варта сказаць, што ён быў грамадзянінам і патрыётам. Прайшоў ад пачатку да канца Вялікую Айчынную вайну, узнагароджаны медалямі “За абарону Масквы” і “За перамогу над Германіяй”, Ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. Яго сапраўды можна лічыць высокім брэндам нашай роднай Беларусі. 

Павел Масленікаў з эцюднікам аб’ехаў нямала мясцін замежжа. Бываў у Індыі, Непале, Італіі, Егіпце і іншых куточках планеты. З многіх вандровак прывёз жывапісныя творы. Прыкладам, на выставе паказаны эцюды “Каір. Плошча”, “Ніл”, “Александрыя. Порт” ды іншыя замалёўкі з сямейнай калекцыі. Але асновай яго творчасці сталі менавіта краявіды бацькоўскага краю. 

Доказам знітаванасці майстра з роднай зямлёй стаў і яго сапраўдны грамадзянскі ўчынак: у 1994 годзе Павел Масленікаў перадаў у дар Магілёўскаму абласному мастацкаму музею больш за сотню сваіх работ. 

Акрамя таго, адданасць Айчыне славуты жывапісец прывіў наступным прадстаўнікам творчай дынастыі Масленікавых. Дзеці і ўнукі працягваюць справу знакамітага сваяка. Менавіта гэтая пераемнасць стала лейтматывам выставы “Пакаленні”, якой Магілёўскі музей адзначыў 110-годдзе мэтра-земляка. Таксама праект падкрэслівае ўнёсак Паўла Масленікава ў тэатральнае мастацтва і знаёміць з малавядомымі творамі, якія раней не дэманстраваліся шырокай публіцы. 

Данііл ШЭЙКА