Настроены на поспех

Узорны ансамбль танца “Натхненне” — стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Стваральнікам і нязменным кіраўніком калектыву з’яўляецца Галіна Крапіўніцкая. Харэограф-пастаноўшчык нарадзілася далёка ад Беларусі, але дзякуючы мудрасці, таленту і адданасці справе выхоўвае вучняў у духу любові і павагі да працы і да нашай краіны. 

— Галіна Генадзьеўна, з чаго пачаўся ваш творчы шлях? 

— Магу сказаць, што танцую ўсё жыццё. Нарадзілася ў сям’і вайскоўца ў Рэспубліцы Таджыкістан, скончыла Ташкенцкае харэаграфічнае вучылішча. Пасля ўпершыню прыехала ў Беларусь, дзе сем гадоў працавала артысткай балета ў Дзяржаўным заслужаным харэаграфічным ансамблі “Харошкі”. Затым паступіла ў Маскоўскі інстытут культуры, а ў выніку атрымала дыплом аб вышэйшай адукацыі ў Кішынёве. У гэтым горадзе пражыла 17 гадоў, была кіраўніком танцавальнага калектыву “Вдохновение” і выкладала на кафедры харэаграфіі ў Акадэміі мастацтваў. Потым разам з сям’ёй вярнулася ў Сінявокую, на радзіму мужа. Тут я працягнула творчы шлях у якасці педагога дзіцячай студыі пры калектыве “Харошкі”. Далей лёс накіраваў мяне ў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, дзе на працягу апошніх 12 гадоў узначальваю ўзорны ансамбль танца “Натхненне”. 

Харэаграфічны нумар "Выхад" узорнага ансамблю танца “Натхненне”

Харэаграфічны нумар "Выхад" узорнага ансамблю танца “Натхненне”

— У вас ужо было “Вдохновение” ў Малдове. Яно падштурхнула стварыць “Натхненне” — на беларускі лад? 

— Мяне заўсёды цікавіла праца з дзецьмі і танцавальнае мастацтва. Маючы вялікі досвед, зразумела, што жадаю зноў вярнуцца да справы, да якой была прывязана многія гады. Выдатна ўсведамляла, што для гэтага трэба і што я павінна перадаць вучням. Калі б нарадзілася ў другі раз, то выбрала б такі шлях зноў. У нашым калектыве я і кіраўнік, і пастаноўшчык, і рэпетытар, і педагог. Працую адна з 53 вучнямі, вяду тры групы танцораў: старэйшых (12—16 гадоў), сярэдніх (8—11), малодшых (5—7). Удзельнікаў ансамбля набіраем штогод у верасні, а далей… усё залежыць ад стараннасці дзіцяці. Недарма кажуць: поспех — гэта 99 % працы і 1 % таленту. 

— Як праходзіць навучанне? 

— У нашай праграме абавязкова ёсць класічны ўрок і партэрная гімнастыка. Мы працуем у напрамках эстраднага і сучаснага танца, і кожны год у калектыву з’яўляюцца новыя нумары. Я называю ансамбль тэатрам танца, таму што нашы пастаноўкі сюжэтныя: ад пачатку да канца паказваем гісторыі. Рупімся пра ўсе важныя складнікі, у тым ліку пра эмоцыі, касцюмы. Не абмінаем і акцёрскае майстэрства, таму мае дзяўчынкі такія выразныя на сцэне. 

Харэаграфічны нумар "Залюстроўе" узорнага ансамблю танца “Натхненне”

Харэаграфічны нумар "Залюстроўе" узорнага ансамблю танца “Натхненне”

— На якіх пляцоўках глядач можа пазнаёміцца з “Натхненнем”? 

— Паказваем сябе на вядучых творчых спаборніцтвах краіны. Летась узялі гран-пры II Рэспубліканскага конкурсу харэаграфічнага мастацтва “Дэнс кангрэс”. У красавіку 2023-га таксама заваявалі гран-пры на адкрытым рэспубліканскім конкурсе харэаграфічнага мастацтва “Час танцаваць”. Заўсёды займаем прызавыя месцы на рэспубліканскім конкурсе “Творчасць без меж”. У лістападзе ездзілі ў Маскву на “100 лепшых калектываў Расіі” і ва ўсіх намінацыях — сучасны, эстрадны, стылізаваны танец — былі ўдастоены другога месца ў сваёй узроставай катэгорыі. Мы атрымалі ганаровую магчымасць — выступіць у пралогу гала-канцэрта ў Крамлі. Яшчэ ансамбль “Натхненне” часта можна ўбачыць на дзяржаўных святах і канцэртах. Да прыкладу, у 2022-м удзельнічалі ў навагодняй казцы ў Палацы Рэспублікі. 

У мяне дзеці заўсёды настроены толькі на поспех і найлепшы вынік. Такі падыход іх матывуе. Выказванне “Галоўнае — удзел, а не перамога” не пра нас. 

— Дзякуючы трыумфу на II Рэспубліканскім конкурсе харэаграфічнага мастацтва “Дэнс кангрэс” ансамбль удастоіўся спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Як вы рыхтаваліся? 

— У 2022-м мы ўпершыню ўдзельнічалі ў гэтым творчым спаборніцтве і занялі другое месца ў намінацыі “Эстрадны танец”, атрымалі срэбра за стылізаваны танец, трэцяе месца дасталася нашаму дуэту. Уразіў узровень канкурсантаў, высокая якасць арганізацыі і наймацнейшае журы. Таму ансамбль аднагалосна рашыў паўдзельнічаць зноў. Летась старэйшая група ва ўзроставай катэгорыі 11—13 гадоў паказала два нумары: “Блытаніна” (мая пастаноўка) і “Яма” (пастаноўшчык Уладзімір Бяззубінка). З апошнім нумарам, прысвечаным Халакосту, мы да гэтага часу выступаем у межах патрыятычнага канцэрта-спектакля “Лінія памяці. Код вайны”. Эмоцыі пасля атрымання гран-пры былі неймавернымі: абысці артыстаў з прафесійных устаноў адукацыі — высокі паказчык. А калі ансамбль залічылі ў фонд таленавітай моладзі Беларусі, з’явілася яшчэ большае жаданне ісці наперад, працаваць, будаваць планы, таму што гэта надзвычайная матывацыя для ўсіх. 

Харэаграфічны нумар "Блытаніна"

Харэаграфічны нумар "Блытаніна"

— Чым парадуеце ў найбліжэйшай будучыні? 

— Ведаю адно: калі ты нічога не робіш, то ўсё руйнуецца. Трэба любіць сваю прафесію і станавіцца лепшым кожны дзень. Зараз пачынаем рыхтавацца да “Дэнс кангрэса — 2024”. Ужо гатовы адзін нумар, другі распрацоўваецца. Таксама парадуем прыхільнікаў нашай творчасці ў красавіку — выступім у канцэртнай зале “Мінск” на конкурсе “Час танцаваць”. 

Марыя Станкевіч, удзельніца ўзорнага ансамбля “Натхненне”: 

— Мой танцавальны шлях пачаўся ў тры гады. Я спрабавала розныя студыі, але, на жаль, нідзе не адчувала сябе камфортна. Гэта вельмі важна, бо на дадатковых занятках ты праводзіш шмат вольнага часу. Яны павінны прыносіць выключна задавальненне. У шэсць гадоў упершыню прыйшла ў шыкоўную залу, дзе рэпеціраваў ансамбль “Натхненне”. Мама сказала: “Калі табе спадабаецца, заставайся”. І вось я танцую ў гэтым калектыве ўжо дзевяць гадоў. 

Рэпертуар нашага ансамбля разнастайны і шматгранны, кожны нумар — яркае дзейства. Зараз для мяне найбольш эмацыйная пастаноўка “Яма”, якую мы танцавалі на “Дэнс кангрэсе” і паказваем на канцэртах “Лінія памяці. Код вайны”. Тут вельмі складаная акцёрская задача: трэба данесці да гледача гісторыю нашага народа ў страшны час. І гэтыя цяжкія пачуцці належыць перадаць праз пластыку цела. Пасля нумара яшчэ некалькі хвілін знаходжуся ў шоку. Але ў першую чаргу ўспамінаю, як рэагавала зала. Калі на вачах у людзей былі слёзы, разумею: я здолела! 

Ансамбль “Натхненне” — часцінка маёй душы. Я ўдзячная Галіне Генадзьеўне, якая не толькі вучыць танцу, але і дае надзвычай важныя жыццёвыя ўрокі. З дзяўчынкамі з калектыву мы прайшлі праз многія выпрабаванні і, безумоўна, сталі вельмі блізкімі людзьмі.

Настасся ЮРКЕВІЧ 

Фота гераіні