Спалучаем крэатыў і традыцыі

Апублiкавана: 18 красавiка 2024 Стужка Афіцыйна Мінск Конкурсы

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

У сакавіку стартаваў рэспубліканскі конкурс рэжысёрскіх эксплікацый (канцэпцый) культурных мерапрыемстваў, прысвечаных дзяржаўным святам, памятным юбілейным датам. “К” сустрэлася з начальнікам Галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Кацярынай Усавай, каб даведацца пра асаблівасці творчага спаборніцтва.

Сёлетні конкурс адрозніваецца ад пастаянных папярэдніх, якія праводзяцца ў адпаведнасці з парадкам арганізацыі і правядзення дзяржаўных спецыяльных і культурных мерапрыемстваў. Адно з новаўвядзенняў — прывабная перспектыва: пераможцам даецца права рэалізаваць свае канцэпцыі ў 2025/2026 гадах. Другая не менш важная рэч — вялікі выбар тэм, у якіх аўтары могуць раскрыць уласнае творчае бачанне. 

Кацярына Усава

Кацярына Усава

— Мы не факусіраваліся толькі на дзяржаўных святах і памятных датах, — адзначае Кацярына Усава. — Міністэрства культуры прапануе рэжысёрам розныя мерапрыемствы, якія адлюстроўваюць беларускія культурныя традыцыі і сталі візітнай карткай нашай краіны. Гэта і Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, і фестывалі этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”, “Бацькава булка”, і рэспубліканскае свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”), і цырымоніі ўручэння дзяржаўных прэмій, і патрыятычны форум да Дня народнага адзінства. Ёсць і больш афіцыйныя мерапрыемствы — як рытуал ушанавання дзяржаўных сімвалаў на Плошчы Дзяржаўнага сцяга. Мы не абмяжоўваем аўтараў у тэрыторыі: можна выбраць закрытыя або адкрытыя пляцоўкі як у Мінску, так і ў рэгіёнах. 

Мэты конкурсу — пошук наватарскіх творчых рашэнняў па арганізацыі і правядзенні культурных мерапрыемстваў, прысвечаных дзяржаўным святам, памятным юбілейным датам, іншым падзеям; раскрыццё крэатыўных здольнасцей і творчага патэнцыялу рэжысёраў, у тым ліку прадстаўнікоў таленавітай моладзі. Арганізатар — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. 

Жорсткіх рамак датычна колькасці заявак таксама няма. Удзельнікам дазваляецца прапанаваць канцэпцыі адразу для некалькіх мерапрыемстваў ці прыдумаць нешта зусім новае. 

— Заяўкі могуць быць разнапланавымі. Больш за тое, мы не абмяжоўваем рэжысёраў традыцыйнымі лакацыямі і формамі. Верагодна, хтосьці ў рамках устоянай праграмы таго ж “Славянскага базару” адчувае, што не хапае нейкай падзеі: выставы, пленэру, флэшмобу. Хай гэта будзе новы фармат, месца, форма, тэхнічныя моманты, якія дапамогуць упрыгожыць, раскрыць змест, зрабіць яго цікавым і зразумелым для жыхароў краіны. Мы толькі за! — падкрэслівае Кацярына Валер’еўна. 

ВЫХАВАЎЧЫ ЭЛЕМЕНТ 

Якую б тэматыку ні абіралі ўдзельнікі, важна памятаць: любое мерапрыемства будуецца на падмурку беларускіх традыцый, таму, безумоўна, носіць не толькі забаўляльны, але і выхаваўчы характар. 

— Нядаўна ў нашай краіне была зацверджана Канцэпцыя развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства. У сувязі з ёю ўсе культурныя мерапрыемствы мы разглядаем таксама з выхаваўчага боку. Калі гаворым пра Новы год, то абапіраемся на традыцыі святкавання: народныя абрады і сучасныя традыцыі, якія сфарміраваліся ў незалежнай Беларусі, як, напрыклад, баль у Палацы Незалежнасці. Адназначна ў кожнае мерапрыемства, нават на першы погляд з досыць лёгкай тэмай, можна і трэба ўносіць выхаваўчы элемент. Што датычыцца ваеннай тэматыкі, то ёй варта надаць асаблівую увагу, бо сёлета ў краіне адзначаецца памятная дата — 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, што плаўна перацячэ ў 80-годдзе Вялікай Перамогі, якое выпадзе на наступны год. 

ДЛЯ ТВОРЧАЙ МОЛАДЗІ 

Конкурс накіраваны на пошук наватарскіх рашэнняў, але яго ключавая мэта — раскрыццё крэатыўных здольнасцей і патэнцыялу рэжысёраў, у тым ліку прадстаўнікоў таленавітай моладзі. 

Кацярына Усава

Кацярына Усава

— Сёлетні конкурс цікавы тым, што мы даем шанц як ужо прызнаным майстрам, так і моладзі, якая навучаецца па спецыяльнасці “рэжысура” ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, у Беларускім дзяржаўным інстытуце культуры і мастацтваў. Для студэнтаў гэта добрая магчымасць заявіць пра сябе ў маштабах краіны не ў якасці памочнікаў або членаў рэжысёрска-пастановачных груп, а выступіць ад уласнага імя, сфарміраваць сваю рэжысёрска-пастановачную групу і стаць паўнапраўным аўтарам маштабнага свята, — лічыць Кацярына Валер’еўна. — Заклікаю студэнтаў эксперыментаваць, не баяцца арыгінальных, незвычайных ідэй. Бо да нас часта прыходзіць моладзь з задумкамі, але ўсе яны так ці інакш фарматаваныя амаль аднастайна, а хочацца ў некаторых момантах нейкага палёту фантазіі. 

Конкурс праводзіцца з 5 сакавіка па 1 верасня 2024 года.

Сярод парад і настаўленняў удзельнікам Кацярына Усава таксама вылучае важнасць пераемнасці: 

— Я настойліва рэкамендую моладзі, якая бачыць сябе ў будучыні ў гэтай прафесіі, наведваць усе маштабныя культурныя мерапрыемствы. Адкрытыя пляцоўкі або закрытыя, заўсёды ёсць магчымасць паглядзець, папрысутнічаць на падрыхтоўчым перыядзе. У БДУКМ, напрыклад, сфарміравана вялікая каманда, якая працуе над арганізацыяй і правядзеннем імпрэз. І тут адназначна можна казаць пра пераемнасць. На сёння не так шмат у нашай краіне працуе рэжысёраў над арганізацыяй і правядзеннем культурна-відовішчных мерапрыемстваў такога маштабу, таму ўсе адно аднаго так ці інакш ведаюць. Што датычыцца падбору рабочай групы, Міністэрства культуры, экспертны савет заўсёды гатовыя аказаць усебаковую дапамогу ў фарміраванні прафесійнай каманды, таму што рэжысёр, вядома, генератар ідэй, але думкі мусяць стаць рэальнасцю. І над гэтым павінны працаваць сцэнографы, мастакі, тэхнічныя спецыялісты, якія будуць разумець, як з пункту гледжання сучаснага абсталявання бяспечна і прыгожа рэалізаваць усё на практыцы. 

Не абысціся ў рабоце рэжысёра і без натхнення. Найлепшай крыніцай свежых ідэй Кацярына Усава называе родныя мясціны. 

— Маё настаўленне ўсім, хто будзе ўдзельнічаць у конкурсе: не баяцца. Выйдзеце пагуляць па любімым горадзе — набярыцеся яго духу, станоўчых эмоцый. Спрабуйце свае сілы ў конкурсе, бо шанц ёсць заўсёды і ва ўсіх. 

Рэспубліканскі конкурс рэжысёрскіх эксплікацый (канцэпцый) культурных мерапрыемстваў, прысвечаных дзяржаўным святам, памятным юбілейным датам, працягнецца да 1 верасня 2024 года, пасля чаго пачнецца праца рэспубліканскага экспертнага мастацкага савета па ацэнцы якасці і прыёмцы канцэртных праграм або музычных спектакляў пад кіраўніцтвам міністра культуры. Па выніку пасяджэння камісіі пераможцы будуць узнагароджаны дыпломамі і атрымаюць права рэалізаваць свае канцэпцыі ў 2025/2026 гадах. Больш падрабязна з Палажэннем аб правядзенні конкурсу можна азнаёміцца на сайце Міністэрства культуры. 

Яўгенія ГАБЕЦ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА