На пачатак мая запланаваны выхад карціны “Час вярнуцца”, прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецкафашысцкіх захопнікаў. Рэжысёр фільма Іван Паўлаў распавёў, як творчая каманда працавала над праектам і чаму так важна здымаць стужкі на ваенную тэматыку.
Кіно “Час вярнуцца” раскажа аб адным з пераломных этапаў Вялікай Айчыннай — пачатку вызваленчай аперацыі “Баграціён” — і аб укладзе беларускіх партызан у яе поспех. Да здымак сімвалічна прыступілі 23 чэрвеня, у дзень старту аперацыі.
Іван Паўлаў на здымачнай пляцоўцы фільма "Час вярнуцца"
Ваенная драма заснавана на рэальных фактах, апісаных ва ўзнагародных лістах беларускіх партызан, што ваявалі на тэрыторыі Магілёўскай і Віцебскай абласцей. Аднак не варта чакаць ад карціны дэталёвай дакладнасці: у сюжэце ёсць несупадзенні з сапраўднай храналогіяй.
— Фільм перадусім — гэта мастацкі твор, — робіць акцэнт рэжысёр Іван Паўлаў. — Наш сюжэт шмат у чым сабраны з фрагментаў рэальных подзвігаў. Але на самай справе яны здзяйсняліся на працягу ўсёй вайны. У карціне ж мы свядома “спрасавалі” час — далі партызанам толькі два тыдні да пачатку аперацыі. А паколькі найлепшы драматург — жыццё, мы выбралі дынамічныя і кранальныя эпізоды. Дзе-нідзе крыху дадумалі, дабудавалі гісторыю. Як, прыкладам, з лежаковай дарогай (часовая дарога з насланага бярвення. — Заўв. аўт.), дзякуючы якой Чырвоная армія змагла зайсці ў тыл немцаў. Не існуе ніводнага гістарычнага дакумента, у якім былі б названы прозвішчы канкрэтных людзей, што дапамаглі пабудаваць на дрыгве праезд для лёгкай ваеннай тэхнікі. Але сам гэты факт — неаспрэчны: цікаўныя могуць наведаць мемарыял каля вёскі Раковічы Светлагорскага раёна — акурат на месцы асушанага пасля вайны балота Брыдскі Мох. Аднак жа аналагічныя дарогі насцілаліся па ўсёй лініі сутыкнення, у тым ліку і пад Оршай. І мы як стваральнікі фільма вырашылі: іменна нашы героі і з’яўляюцца “аўтарамі” знаходкі. Тым больш што, нягледзячы на наяўнасць прататыпаў, гэтыя персанажы ў большай ступені — зборныя вобразы шматнацыянальнага партызанскага руху. І нам важна было адлюстраваць ролю, якую ў вызваленні нашай краіны адыгралі партызаны. Акурат гэта мы і кансультанты з Акадэміі навук, Музея Вялікай Айчыннай вайны трымалі ў цэнтры ўвагі, каб, не парушаючы гістарычнай праўды, стварыць праўду мастацкую.
Праект стартаваў пад працоўнай назвай “Казбек”. Але падчас работы ў сцэнарыя змяніўся фокус, змясціўшыся з біяграфіі аднаго героя на гісторыю подзвігу шматнацыянальнай сілы, якой кіравала імкненне да свабоды для ўсіх людзей на акупаваных фашыстамі тэрыторыях. Натуральна, спатрэбілася назва, якая б адлюстроўвала пасыл новага сюжэта.
Іван Паўлаў на здымачнай пляцоўцы фільма "Час вярнуцца"
— “Час вярнуцца” — другі варыянт, які зарадзіўся ў адзін момант з назвай “Калі мы не памром”, — распавядае Іван Міхайлавіч. — Гэтая фраза некалькі разоў гучыць у фільме, і ёсць вельмі моцны кадр. Трохгадовы хлопчык на пытанне, пра што ён марыць і чым хоча займацца пасля вайны, адказвае: “Ну, гэта калі мы не памром”. Для мяне было важна паказаць: падобныя словы — самыя страшныя з тых, якія дарослы чалавек, мужчына можа пачуць ад дзіцяці. Але існавала меркаванне, што гэты варыянт можа ўспрымацца песімістычна, без узнёсла-пазітыўнай канатацыі. І мы абралі назву “Час вярнуцца”: напрыканцы фільма войскі ідуць дадому. Так, праз Еўропу і Берлін, але ж менавіта дадому, да сваіх родных, і толькі так, атрымаўшы перамогу, байцы могуць вярнуцца. У гэты выраз, папраўдзе, закладзены і мае закадравыя мары. Перакананы, што калі кожны, хто ваюе, захоча вярнуцца дадому, то вайны і не будзе.
Нацыянальная прэм’ера стужкі “Час вярнуцца” пройдзе 2 мая і будзе прымеркавана да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І гэта не супадзенне — так хацеў рэжысёр.
— Я планаваў выпусціць карціну менавіта да юбілейнай даты. І хоць спярша ў сцэнарыі не было эпізоду, які б сімвалізаваў пачатак вызвалення, я прапанаваў дадаць сцэну праходу па балоце, — распавядае Іван Паўлаў. — Таксама ў фільме традыцыйна прысутнічае хроніка. Кадры мы бралі розныя, не толькі з нашага архіва ў Дзяржынску. Па некаторыя ездзілі ў Расію, у Краснагорск, дзе захоўваюцца савецкія матэрыялы і пра аперацыю “Баграціён”, і пра партызанскі рух увогуле. Мы праглядалі ўсе даступныя нам старыя кінаплёнкі, каб выбраць тое, што дапаможа публіцы ўявіць і адчуць эмоцыі, якія прынесла вызваленне Беларусі ў 1944 годзе. Прытым да канца Вялікай Айчыннай яшчэ заставалася шмат часу.
Ваенныя стужкі нясуць самы істотны на сёння сэнс: трэба памятаць пра ліхалецце, каб яго больш не было.
Разважаючы пра значнасць ваеннай тэматыкі ў сучасным экранным мастацтве, Іван Паўлаў падкрэслівае: сусветны кінематограф рухаецца ў бок максімальна рэалістычнай трансляцыі жыццёвых сітуацый, але ж хочацца даць гледачам больш цяпла і ўсмешак. Безумоўна, гэта прасцей зрабіць, калі распавядаць пра нешта лёгкае, здымаць камедыі або драмы. Тым не менш ваенныя стужкі нясуць самы істотны на сёння сэнс: трэба памятаць пра ліхалецце, каб яго больш не было.
Іван Паўлаў на здымачнай пляцоўцы фільма "Час вярнуцца"
— Мы стварылі карціну, якая наўрад ці паўплывае на сучасную сітуацыю ў свеце. Але вельмі хочацца, каб тыя, хто паглядзіць фільм, задумаліся, наколькі вайна — жахлівая і антыгуманная. Задумаліся, што нават у самых немагчымых для выжывання ўмовах кожны заўсёды выбірае, застацца чалавекам ці не. А яшчэ спадзяюся, у нас атрымалася зрабіць акцэнт: як бы ні пакутавалі ў войнах людзі, яны захоўваюць веру ў дабро і любоў, што заўжды прывядуць да перамогі. У стужцы ёсць сцэна, у якой дзяўчынка трымае на руках немаўля — гэты маленькі чалавек адзіны ацалеў пасля фашысцкага налёту на вёску. А над імі яркія прамяні сонца. Няхай жа яно свеціць заўсёды.
Яўгенія ГАБЕЦ
Фота героя