Дба­ючы аб агу­ль­ным зда­быт­ку

Апублiкавана: 18 красавiка 2024 Стужка Архітэктура Мінск Дата

Аўтар: РУДАК Антон

Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін, які прыпадае на 18 красавіка, сёлета адзначаўся ўжо саракавы раз. Ідэя заснавання свята, таксама вядомага як Дзень сусветнай спадчыны, зыходзіла ад Асамблеі Міжнароднай рады па пытаннях аховы помнікаў і славутых мясцін. Гэта дата зацверджана для прыцягнення ўвагі грамадскасці да пытанняў аховы і захавання сусветнай культурнай спадчыны, а дэвізам зрабіліся словы: “Захаваем нашу гістарычную радзіму”.

На жаль, не ўсе разумеюць, чаму так важна захоўваць помнікі гісторыі і архітэктуры. Маўляў, вакол поўна ўсяго новага, а грошы трацяць на старыя будынкі. Аднак адказ ляжыць на паверхні. Шэдэўры архітэктуры і гістарычныя мясціны захоўваюць бясцэнныя веды пра мінулае, пра побыт і норавы нашых продкаў, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Культурная спадчына неабходная для развіцця краіны і яе грамадзян, а доступ да яе аб’ектаў павышае ўзровень адукаванасці насельніцтва. Акрамя таго, помнікі і славутасці прывабліваюць турыстаў, якія папаўняюць бюджэт. 

Экспазіцыя Музея беларускай маляванкі ў Заслаўі

Экспазіцыя Музея беларускай маляванкі ў Заслаўі

Традыцыйна 18 красавіка праводзяць экскурсіі па памятных мясцінах, каб людзі ўбачылі і адрэстаўраваныя помнікі, і тыя, што маюць вострую патрэбу ў як мага хутчэйшым аднаўленні. Таксама праходзяць розныя канферэнцыі, фестывалі, іншыя мерапрыемствы, якія збіраюць экспертаў ды грамадскіх дзеячаў і паказваюць, чаму так важна захаваць помнікі культуры і гісторыі. 

СТАТЫСТЫКА ПАМЯЦІ 

У Рэспубліцы Беларусь выбудаваная сістэмная работа па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, асаблівасцю якой з’яўляецца шматнакіраванасць, комплексны падыход да аховы ўсіх аб’ектаў са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўвага да кожнага аб’екта паасобку. Яна ўключае мерапрыемствы, што праводзяцца як на нацыянальным, так і міжнародным узроўні, у тым ліку ў сферы рэгулявання і ўдасканалення заканадаўства. 

Наша краіна мае найбагацейшую гісторыю, якая пакінула нам унікальную гісторыка-культурную спадчыну. Сёння ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі — 5685 аб’ектаў, у тым ліку 5366 нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, уключаючы 1838 помнікаў архітэктуры, 1217 помнікаў гісторыі, 2226 помнікаў археалогіі, 67 помнікаў мастацтва, 14 помнікаў горадабудаўніцтва і 4 запаведныя мясціны, а таксама 138 рухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і 181 нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць. 

Мірскі замак

Мірскі замак 

У спісы сусветнай спадчыны UNESCO ад Беларусі ўключаны чатыры аб’екты: Белавежская пушча (1992), Мірскі замак (2000), Нясвіжскі замак (2005) і пункты Дугі Струвэ (2005), а таксама пяць элементаў нематэрыяльнай культуры: абрад “Калядныя цары” (2009), Будслаўскі фэст (2018), абрад “Юр’еўскі карагод” (2019), культура ляснога бортніцтва (2020) і мастацтва саломапляцення (2022). 

Замак у Нясвіжы

Замак у Нясвіжы

АД ТЭОРЫІ ДА ПРАКТЫКІ 

Сёлета ў Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін на базе Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Міністэрства культуры зладзіла рэспубліканскі семінар, прысвечаны тэмам практычнага, навуковага і выхаваўчага патэнцыялу матэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Удзел у мерапрыемстве ўзялі прадстаўнікі Міністэрства па ахове помнікаў гісторыі і культуры Пензенскай вобласці Расійскай Федэрацыі, спецыялісты ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны і музейнай справы, архітэктары, археолагі, мастацтвазнаўцы, прадстаўнікі сталічнай сферы адукацыі. Мадэратарам круглага стала выступіў кансультант упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Генадзь Ходар. 

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Таццяна Бокша выступіла з дакладам аб ролі гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі ў захаванні гістарычнай памяці і патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. Намеснік міністра па ахове помнікаў гісторыі і культуры Пензенскай вобласці Кацярына Бойка распавяла аб захаванні аб’ектаў культурнай спадчыны ў сваім рэгіёне. Дэкан архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, доктар архітэктуры, прафесар Армен Сардараў у сваім выступе паразважаў аб пытаннях захавання вобраза помніка. Прафесар кафедры “Архітэктура жылых і грамадскіх будынкаў” архітэктурнага факультэта БНТУ, доктар архітэктуры Сяргей Сергачоў прадставіў даклад “Пачатак музея архітэктуры”. Дацэнт кафедры “Дызайн архітэктурнага асяроддзя” архітэктурнага факультэта БНТУ, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Марозаў распавёў аб месцы савецкай архітэктурнай спадчыны ў працах студэнтаў. 

Узор беларускага саломапляцення

Узор беларускага саломапляцення 

Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Інстытута мастацтвазнаўства, этна- графіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдат мастацтвазнаўства Таццяна Гаранская выступіла з дакладам “Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: сучасны погляд”. Загадчык філіяла Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь “Музей беларускага народнага мастацтва” Генадзь Лісаў распавёў аб рабоце па захаванні і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь у сваёй установе. Загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных дысцыплін гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук Паліна Курловіч і выкладчык кафедры глебазнаўства і геаінфармацыйных сістэм факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Аляксей Сазанаў падзяліліся досведам выкарыстання паветранага лазернага сканавання для захавання і вывучэння археалагічных помнікаў на прыкладзе даследаванняў БДУ. 

Экспазіцыя Музея беларускай маляванкі ў Заслаўі

Экспазіцыя Музея беларускай маляванкі ў Заслаўі

Вядучы навуковы супрацоўнік навукова-метадычнага аддзела Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Вольга Старжынская распавяла аб навуковым патэнцыяле калекцый установы, а намеснік дырэктара па навуковай рабоце Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе” Генадзь Сівохін і старшы навуковы супрацоўнік навукова-экспазіцыйнага аддзела музея-запаведніка Ксенія Сямашка падрыхтавалі даклад “Ад гісторыка-археалагічнага запаведніка да гісторыка-культурнага музеязапаведніка: да пытання актуалізацыі ахоўнага статусу”. Пасля пасяджэння ўдзельнікаў чакала экскурсія па гістарычным цэнтры Заслаўя. Больш падрабязна аб рабоце круглага стала — у наступным нумары. 

Антон РУДАК