Суботнік — гэта патрыятычна

Апублiкавана: 20 красавiка 2024 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Мемарыяльныя комплексы, месцы баявой славы, пахаванні салдат і партызан часоў Вялікай Айчыннай вайны стануць галоўнымі аб’ектамі ўвагі на рэспубліканскім суботніку, які адбудзецца ў Беларусі сёння, 20 красавіка. 

Пастанова № 277 “Аб правядзенні рэспубліканскага суботніка ў 2024 годзе” прынята Урадам 12 красавіка. Згодна з дакументам, сродкі, заробленыя цягам дабрачыннай працоўнай акцыі, пойдуць: 35 % — Гомельскаму аблвыканкаму на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу “Дзецям — ахвярам вайны” ў аг. Красны Бераг Жлобінскага раёна, 35 % — Брэсцкаму аблвыканкаму на стварэнне Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці. Яшчэ 30 % будуць накіраваны на рэканструкцыю і аднаўленне мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы ў абласцях і Мінску. 

Ваенна-гістарычны комплекс "Старая мяжа"

Ваенна-гістарычны комплекс "Старая мяжа"

Таксама арганізацыі і грамадзяне могуць паўдзельнічаць у азеляненні, добраўпарадкаванні і прывядзенні ў належны стан тэрыторый гісторыкакультурных каштоўнасцей, пахаванняў герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, іншых аб’ектаў. 

Да прыкладу, працоўны дэсант Міністэрства культуры мусіць выправіцца ў пасёлак Станькава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. Там на тэрыторыі былога 63-га Мінскага ўмацаванага раёна знаходзіцца ваенна-гістарычны комплекс “Старая мяжа” — філіял Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. “Старая мяжа” ўваходзіць у лік знакавых аб’ектаў, якія расказваюць пра падзеі 1941— 1945 гадоў, і выкарыстоўваецца як пляцоўка для мерапрыемстваў па ідэалагічным і патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі.