Адысці ад фармалізму

Апублiкавана: 23 красавiка 2024 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Пытанням супрацьдзеяння карупцыі было прысвечана чарговае пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Удзельнікі нарады абмеркавалі вынікі леташняй працы і акрэслілі задачы на 2024-ы. 

Як адзначыў міністр культуры Анатолій Маркевіч, у мінулым годзе, нягледзячы на маштабную работу па прафілактыцы, у сферы культуры былі выпадкі карупцыйных праяўленняў. Напрыклад, за парушэнне працоўнай дысцыпліны прыцягнуты да адказнасці 109 чалавек. Зафіксаваны факты дачы хабару службовым асобам дзяржаўных устаноў культуры, парушэнні ў арганізацыі культурна-відовішчных мерапрыемстваў з удзелам замежных выканаўцаў, перавышэнне ўлады і злоўжыванне паўнамоцтвамі з карыслівым намерам. Таксама насцярожвае бяздзейнасць некаторых асоб, адказных за фарміраванне спісу плацельшчыкаў, праз якую дзяржава цярпіць страты і сродкі трапляюць у фонд Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва ў неналежным аб’ёме. 

Пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

— Падобныя факты разбуральна ўплываюць на сферу культуры, падрываюць давер да ўлады. Выяўленыя праблемы паказваюць на патрэбу ў якасным выкананні функцыянальных абавязкаў і адыходзе ад фармалізму, — падкрэсліў Анатолій Маркевіч. 

Падрабязней супрацьдзеянне карупцыі ў мінулым годзе ў дакладзе асвятліла сакратар адпаведнай камісіі Міністэрства культуры Іна Лаўкова. Летась ведамства актыўна ладзіла адукацыйныя, інфармацыйна-практычныя і арганізацыйна-прававыя мерапрыемствы. Праводзілася работа па прававой асвеце, разглядалася заканадаўства па барацьбе з карупцыяй. Міністэрства культуры сочыць за выкананнем працоўнай дысцыпліны ў падначаленых установах, аналізуе кантроль за выкананнем правіл працоўнага распарадку. Праверана паўната падачы інфармацыі ў дэкларацыях аб даходах і маёмасці. Рэалізоўваецца план мерапрыемстваў па недапушчэнні неабгрунтаванага і нядобрасумленнага пасярэдніцтва пры закупках тавараў і паслуг. 

Падчас калегіі аб працы, накіраванай на выяўленне карупцыйных рызык, і мерах па іх ліквідацыі расказалі начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Ала Шахоцька і начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Жыгун. Пра захады па недапушчэнні неабгрунтаванага пасярэдніцтва пры арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў распавялі начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі і начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч.