Ікона, што гуртавала вёску

Апублiкавана: 08 мая 2024 Стужка Музеі Мінск

Аўтар: СВІРЫН Ілья

Нядаўняя выстава падпісных і датаваных твораў сакральнага мастацтва ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрыла шырокай публіцы нямала шэдэўраў беларускага іканапісу. Адзін з іх – трыпціх-складзень 1760 года з Тураўшчыны. Ён нагадвае пра выдатную (і, на жаль, прызабытую) традыцыю, што бытавала ў нашым народзе многія стагоддзі. 

У ЗМАГАННІ З ШАШАЛЕМ 

Па словах вядучага навуковага супрацоўніка музея Любові Сысоевай, гэты твор у Беларусі не мае вядомых аналагаў. Яго асаблівая каштоўнасць хаця б у тым, што старадаўніх ікон з Гомельшчыны да нас дайшло вельмі мала, ды і складзеняў — абразоў, якія складаюцца з некалькіх створак, змацаваных паміж сабою, — захавалася зусім няшмат. 

Ікона, на якой выяўленыя Божая Маці Адзігітрыя, Святая Наталля і архангел Рафаіл, патрапіла ў музей у 1972-м дзякуючы адной з навуковых экспедыцый (агулам супрацоўнікі зладзілі іх болей за сорак!) і за паўстагоддзя амаль ніколі не выстаўлялася. Прычына зразумелая: вельмі дрэнны, бадай крытычны стан твора. Справа ў тым, што на працягу доўгага часу ўмовы захавання абраза былі зусім не музейныя. Як вынік, дошку, на якой ён напісаны, ладна стачыў шашаль. Музейных рэстаўратараў чакала няпростая задача: твор патрабаваў “рэанімацыі”. 

— Самае важнае для іконы — захаваць аснову, — кажа Любоў Сысоева. — Таму перад тым, як умацоўваць фарбавы слой, неабходна было “вылечыць” само дрэва. У кожную з праробленых шашалем дзірачак уводзілі спярша спірт, а потым адмысловыя хімічныя саставы, якія кансервуюць драўніну. Працэс вельмі доўгі, карпатлівы, але ў выніку “родная” аснова іконы нібы абнавілася дзякуючы сучасным матэрыялам. 

Божая Маці Адзігітрыя (у цэнтры)

Божая Маці Адзігітрыя (у цэнтры)

Перамогшы шкоднікаў, рэстаўратар узяўся за аднаўленне самой выявы. Складаней за ўсё было працаваць з ляпным фонам: невядомы іканапісец тонка зрабіў яго на ляўкасе — тым спецыяльным белым слаі з крэйды і клею, на які, уласна, і наносяцца фарбы. 

— Ляпны фон — яркая прыкмета беларускага іканапісу менавіта XVIII стагоддзя, — распавядае даследчыца. — Калі раней арнаменты былі разнымі, дык пазней майстры навучыліся рабіць іх з ляўкаснай масы. І такі фон мае сваю кампазіцыйную нагрузку: дзякуючы яму ствараецца аб’ёмнасць, глыбіня. 

Рэстаўрацыя абраза ў музейных майстэрнях доўжылася болей за год. Некаторыя “траўмы” не лячылі адмыслова: сляды ад свечкі пакінулі як сведчанне яго гісторыі. 

НАПАМІН ПРА ЗАБЫТУЮ ТРАДЫЦЫЮ 

У сціслых звестках пра абраз адразу кідаецца ў вочы адно несупадзенне. Усясвяцкая царква ў Тураве, дзе ён быў выяўлены, збудаваная ў 1870 годзе, а ікона-складзень датуецца 1760-м (пра што адназначна сведчыць зроблены на ёй надпіс). Па словах Любові Сысовай, гэта невыпадкова: ад пачатку абраз для храма і не прызначаўся. Як і большасць складзеняў, ён “жыў” у прыватных хатах. 

— Гэта самы ранні з вядомых на Беларусі абшчынных ікон-складзеняў, — распавядае даследчыца. — Такія абразы належалі пэўнай вёсцы. Была традыцыя раз на год з нагоды адпаведнага сюжэта іконы — рэлігійнага свята — пераносіць яе з аднаго дома ў іншы. Адбывалася гэта ўрачыста, з адмысловым малебнам і святочнай бяседай. У той хаце, куды пераносілі абраз, забаранялася ладзіць гучныя забавы і лаяцца. 

Перанос зазвычай адбываўся ўначы і суправаджаўся запальваннем вялікай абшчыннай свечкі, якая рабілася на супольныя сродкі. Магчыма, менавіта яе сляды і праглядаюцца на іконе. 

Зразумела, такі абрад умацоўваў чалавечыя повязі ўнутры вясковай грамады, а ікона станавілася яе сімвалам, эпіцэнтрам жыцця. Што характэрна, такія абразы часам спалучаліся з адмысловымі скрыначкамі або шуфлядамі — тымі “сейфамі”, дзе захоўвалася грамадская казна. На святое ж рука не паднімецца… 

Як пісаў вядомы мастацтвазнаўца Юрый Піскун, традыцыя абшчынных ікон сустракалася ў беларускіх вёсках (прычым, што немалаважна, на ўсходзе) яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Ды сёння ў “жывой” форме яе нідзе ўжо не захавалася, і нават памяць пра яе сцерлася… 

Што ж, магчыма, Маці Божая Адзігітрыя з Нацыянальнага мастацкага натхніць кагосьці адрадзіць добры звычай у сваёй вёсцы, як тое ўжо здарылася за апошнія дзесяцігоддзі з многімі самавітымі ўзорамі нематэрыяльнай спадчыны, якія атрымалі другое жыццё. 

ВОЛЯ ЗАКАЗЧЫКА 

Звычайна жыхары вёскі замаўлялі абшчынныя абразы ў складчыну, але ў гэтым выпадку грошы выдаткаваў канкрэтны дабрадзей, пра што сведчыць надпіс на іконе: “Сей образ отмнил Григорий Коледа…”. І такім чынам мецэнат упісаў сваё імя ў гісторыю — хай і адным радком. 

Магчыма, каб мы ведалі пра яго трохі болей, удалося б разгадаць загадку, адказу на якую даследчыкі не ведаюць. Чаму на адной са створак складзеня выяўленая менавіта Святая Наталля? Па словах Любові Сысоевай, звычайна на абшчынных іконах з’яўляліся самыя папулярныя ў народзе святыя: Мікола, Георгій (яго асабліва шанавалі воіны ці іх сваякі), Варвара… Заможная грамадзянка Нікамідзіі, якая разам з мужам прыняла мучаніцкую смерць за Хрыста ў IV стагоддзі, у гэты спіс не ўваходзіць. На іконе — адзіная на Беларусі выява Святой Наталлі, вядомая навукоўцам! 

— Пытанне, чаму на іконе была выяўленая менавіта яна, застаецца адкрытым, — кажа Любоў Сысоева. — Можна хіба выказаць здагадку: магчыма, такое імя меў блізкі замоўцу чалавек — дачка або жонка. А воля заказчыка часта ўплывала на выбар сюжэта іконы. 

АЎТАРСКІЯ САКРЭТЫ 

Як мяркуюць даследчыкі, крыніцай натхнення для аўтара абраза паслужыла гравюра Божай Маці з кнігі “Ірмалой”, выдадзенай у Кіеве (1753). Што цікава — хаця першааснова мае праваслаўнае паходжанне, у ёй прысутнічае ўласцівая для заходняга мастацтва сімволіка: прыкладам, Божая Маці трымае скіпетр. 

— Кампазіцыя абраза амаль поўнасцю паўтарае гравюру, — кажа Любоў Сысоева. — А вось трактоўка абліччаў больш набліжаная да беларускай іканапіснай традыцыі. 

У тыя часы такое было нярэдка: майстры з народа бралі за ўзор прафесійныя творы, а потым іх пераасэнсоўвалі. Параўнаўшы дзве выявы, лёгка прыйсці да высновы, што ні пра які плагіят тут не вядзецца гаворкі. Падазраю, аўтар абраза ў сваім XVIII стагоддзі не парушыў нават сённяшняе заканадаўства ў галіне аўтарскага права — зразумела, куды больш строгае, чым было ў яго час! 

Пагатоў у плане выканання майстар праявіў густ ды вынаходлівасць. Па словах даследчыцы, твор зроблены ў змешанай тэхніцы: пераважна гэта тэмперны жывапіс, але ж паверх яго — мазкі алейнымі фарбамі, каб надаць выяве мяккасць ды глыбіню і больш дакладна адлюстраваць фактуру тканіны. Адпаведна, аўтар валодаў пэўнымі сакрэтамі жывапісу, здатнымі палепшыць успрыманне твора ўважлівым гледачом. 

ХТО Ж МАСТАК? 

Яго імя мы наўрад ці калі даведаемся. Наконт асобы можна выказаць толькі адну гіпотэзу: чалавек гэта мясцовы, палескі. Замовіць абшчынную ікону мастаку, скажам, з Італіі вясковаму мецэнату было, хутчэй за ўсё, не па кішэні. 

— Думаю, гэта быў майстар сярэдняй рукі — не мясцовы “багамаз”-самавук, але і не прафесіянал, — выказвае здагадку Любоў Сысоева. — Ён умеў выбудаваць кампазіцыю, ведаў тэхналогіі жывапісу — што сведчыць пра досвед і навучанасць (якую не варта блытаць з адукацыяй). 

Зрэшты, абраз невядомага палескага іканапісца ўражвае ані не меней, ніж жывапіс тых замежных майстроў, якіх запрашалі на беларускія землі прадстаўнікі зусім іншага класа — магнаты. Бо, апрача рупнасці і ўмельства, ён уклаў у свой твор і душу, стварыўшы ўласныя, нешаблонныя трактоўкі вобраза кожнага з герояў — і Божай Маці, і святой, і архангела. 

Ілья СВІРЫН 

Фота з архіва музея