Хорам пра Алега Молчана

Апублiкавана: 26 лiстапада 2022 Арт-блог Музыка Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Нядаўна адбылася прэзентацыя зборніка харавых твораў Алега Молчана. Падзею прымеркавалі да юбілею Таісіі Міронавай — настаўніцы Алега Уладзіміравіча па дырыжыраванні. 

Алег Молчан памёр тры гады таму, але яго ўдава — спявачка Ірына Відава — робіць усё для беражлівага захавання творчай спадчыны маэстра. Летась у выдавецтве “Кампазітар — Санкт-Пецярбург” выйшлі 77 песень аўтара, якія склалі сем сшыткаў. Восьмы быў падрыхтаваны сёлета ў беларускім выдавецтве “Каўчэг” пры падтрымцы кампаніі “Белдзяржстрах” і прадстаўніцтва ў нашай краіне таварыства “Гедэон Рыхтэр”. У свой час яны былі партнёрамі аўтарскіх вечарын кампазітара, цяпер працягваюць спрыяць папулярызацыі яго творчасці. 

— Мая жыццёвая мэта, — гаворыць Ірына Відава, — маё служэнне, як я гэта называю, — зрабіць усё, каб музыкі Алега Молчана гучала як мага больш. Цяперашні зборнік яго харавых твораў — далёка не апошні, праца прадоўжыцца і надалей. 

У кнігу “Алег Молчан. Харавыя творы” ўвайшлі свецкія і духоўныя партытуры, якія кампазітар пісаў з сярэдзіны 80-х. Зварот да харавой музыкі не быў для аўтара выпадковым: будучы майстар яшчэ ў дзяцінстве спяваў у калектыве пад кіраўніцтвам Ігара Жураўленкі. Тады гэты славуты хор хлопчыкаў сярэдняй спецыяльнай музычнай школы пры нашай кансерваторыі быў вядомы ва ўсім Савецкім Саюзе, выхаванцы калектыву і дагэтуль з’яўляюцца гонарам беларускага музычнага мастацтва. 

Спачатку, яшчэ падчас службы ў войску, Алег Молчан напісаў знакаміты цяпер харавы цыкл “Я нясу вам дар” на вершы Янкі Купалы. Потым кампазітар звяртаўся да харавых твораў цягам усяго жыцця, і апошнія такія працы ўзніклі ў Алега Уладзіміравіча літаральна перад смерцю. Гэта тры духоўныя партытуры для Мітрапаліцкага хору Кафедральнага сабора Сашэсця Святога Духа. 

Вось і прэзентацыя зборніка адбылася не дзе-небудзь, а ў храме Усіх Святых. Першымі кнігу атрымалі не толькі згаданая Таісія Міронава, але і найлепшыя харавыя калектывы, вакальныя ансамблі і іх кіраўнікі. Сярод апошніх быў і Георгій Сафонаў, які загадвае Патрыяршым хорам Данілава манастыра ў Маскве. Так што музыка Алега Молчана, як і раней, будзе часта гучаць па ўсёй нашай краіне і ў замежжы. 

Надзея БУНЦЭВІЧ