Фотапраект "Нацыянальная бібліятэка Беларусі: учора, сёння, заўтра"

Апублiкавана: 30 лiстапада 2022 Стужка Бібліятэкі Мінск

Аўтар: Аўтары

Да святкавання стагоддзя галоўнай кніжнай скарбніцы нашай краіны далучыліся ў Маскве. Расійскім гледачам прадставілі фотапраект “Нацыянальная бібліятэка Беларусі: учора, сёння, заўтра”. 

Стагадовы юбілей — нагода для асэнсавання пройдзенага шляху, падвядзення вынікаў і вызначэння перспектыў. Таму мэтай праекта стаў аповед пра багаты вопыт і пошукі новага, спалучэнне традыцый і навукова-тэхнічных дасягненняў. На выставе дэманструюцца архіўныя і сучасныя мастацкія фотавобразы, сабраныя адмыслова да юбілею. Індывідуальны стыль кожнага мастака дазваляе ўбачыць мінулае, сучаснасць і будучыню бібліятэкі праз прызму творчага ўяўлення аўтараў.

— Нам хацелася зрабіць гэты праект асаблівым, каб ён аб’ядноўваў эпохі. Спачатку мы меркавалі, што гэта будзе серыя фотаздымкаў, прысвечаных пэўным этапам дзейнасці бібліятэкі, аднак нашы партнёры — людзі творчыя — перакроілі канцэпцыю. І ў выніку працы перадаюць яркае ўяўленне пра ўстанову, — адзначыла генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аксана Кніжнікава. 

Першымі экспазіцыю ў Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ўбачылі дыпламаты, прадстаўнікі бібліятэчнай супольнасці, творчая інтэлігенцыя і беларуская дыяспара. Далей праект будзе дэманстравацца шырокай аўдыторыі ў павільёне нашай краіны на Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве.