Віцебск музыказнаўчы

Апублiкавана: 03 снежня 2022 Стужка Музыка Віцебск і воблась

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

У Віцебскай абласной філармоніі 2 снежня адкрыўся ХХХІІІ Міжнародны музычны фестываль імя Івана Салярцінскага. Падзея прымеркаваная да 120-годдзя з дня народзінаў гэтага славутага музыказнаўцы і дзеяча мастацтваў, што меў самае непасрэднае дачыненне да культуры Беларусі і ў прыватнасці Віцебска.

— Юбілей Салярцінскага наклаў свой адбітак, — распавёў напярэдадні мастацкі кіраўнік абласной філармоніі Уладзімір Бабарыка. — Фестываль праходзіць з 1989-га, але ў розныя часы меў розны фармат. 120-годдзе аднаго з нашых першых музыказнаўцаў стала нагодай аднавіць у рамках форуму навуковыя чытанні. Упершыню мы вырашылі правесці конкурс музычнай крытыкі сярод навучэнцаў гімназій-каледжаў мастацтваў і ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі сферы культуры. Ідэю такога спаборніцтва выказала прарэктар па навуцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, кандыдат мастацтвазнаўства Нэлі Мацаберыдзэ. Калісьці яна працавала ў нашай філармоніі, і фестываль быў яе ўлюбёным праектам. Даследчык і цяпер не перарывае з намі сувязей: менавіта Нэлі Вячаславаўна складала праграму навуковых чытанняў. Слухачоў чакае шмат цікавінак!

Пераканацца ў захапляльнасці праграмы вельмі проста: дастаткова зірнуць на афішу, дзе прапісаныя не толькі канцэрты, але і тэмы выступленняў на ХХІ Навуковых чытаннях. Асаблівую ўвагу прыцягваюць даклады, звернутыя да музычнай культуры Віцебска пачатку ХХ стагоддзя. Са святкаваннем юбілею звязаны і агляд архіўнага фотаальбома сям’і Салярцінскіх, і асэнсаванне творчай спадчыны гэтага навукоўцы і крытыка ў кантэксце сучаснасці. Частка дакладаў тычыцца непасрэдна сучаснай музычнай культуры, у тым ліку беларускай. Сярод выступоўцаў — доктар мастацтвазнаўства, доктар псіхалагічных навук, прафесар, прарэктар Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных Дзіна Кірнарская. Менавіта яна, дарэчы, запрошаная і старшынёй журы згаданага конкурсу музычнай крытыкі, які павінен адкрыць новыя імёны.

Канцэртаў на фестывалі — толькі чатыры. Затое якія! Гэта і традыцыйнае выступленне выкладчыкаў і навучэнцаў Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І. Салярцінскага, і прыезд на закрыццё фестывалю Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі на чале з народным артыстам краіны Аляксандрам Анісімавым. Прафесійны калектыў прадставіць творы П. Чайкоўскага і С. Рахманінава. Саліраваць будзе наш выбітны піяніст Аляксандр Музыкантаў. Не менш цікавым аказалася і ўрачыстае адкрыццё фестывалю з удзелам расійскіх выканаўцаў Ільі Казлова (скрыпка), Паўла Тоўпіча (фартэпіяна), Наталіі Нескаромнай (віяланчэль).

— Галоўнай разыначкай фестывалю, — працягвае Уладзімір Бабарыка, — стане сольнік пераможцы леташняга VI Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя Мусліма Магамаева, лаўрэата шматлікіх іншых спаборніцтваў расійскага барытона Дзамбалата Дулаева. Прычым артыст падрыхтаваў не песенную праграму з рэпертуару Магамаева, а класічныя арыі і рамансы ХVІІІ—ХХ стагоддзяў — ад вельмі папулярных да амаль невядомых у нас. Улічваем мы і сацыяльныя рэаліі: на навуковыя чытанні — вольны ўваход, на філарманічныя канцэрты квіткі для навучэнцаў і студэнтаў — усяго па пяць рублёў.

Надзея БУНЦЭВІЧ