Якім жа ўяўляецца наступны “Лістапад”? Думкі пасля і ў чаканні кінафестывалю

Апублiкавана: 08 снежня 2022 Стужка Кіно Мінск

Аўтар: Аўтары

Журналісты “Культуры” літаральна ад першага “Лістапада” прымалі самы дзейсны ўдзел у правядзенні штогадовага форуму. Нашых карэспандэнтаў — экспертаў у тэме — неаднойчы запрашалі працаваць у журы кінапрэсы. Пасля з’яўляліся аналітычныя публікацыі з “разборам палётаў”. 

ПА ТОЙ БОК ЭКРАНА: ДУБЛЬ 1 

Словам, “Культуры” давялося разам з “Лістападам” прайсці шлях аж да яго 28-га дня нараджэння. І цалкам натуральна, што цяпер мы вырашылі паразважаць, чаго сёлетняму фес- тывалю не ставала, на якія моманты неабходна звярнуць увагу арганізатарам ды ўсім зацікаўленым, каб на- ступны форум, як кажуць, не наступіў у чарговы раз на ўласныя граблі. Зра- зумела таксама, што ў апошнія гады арганізатары “Лістапада” пераадольвалі аб’ектыўна цяжкія абставіны на шляху рэалізацыі брэндавага праекта: спачатку пандэмія прымусіла ўносіць карэктывы, а цяпер у сусветны кінапрацэс умяшалася і палітыка. Калі раней “фестываль фестываляў” збіраў неардынарныя работы, ужо прэзентаваныя ў Венецыі, Канах, Берліне, Шанхаі ды Карлавых Варах, то зараз адбор стужак вымушана абмяжоў- ваецца толькі двума форумамі класа “А”: Маскоўскім і Ратэрдамскім. На жаль, гэтым разам расшукаць ды паказаць суперразынку на “Лістападзе” не атрымалася. Замена “коней на пе- раправе”, скіраваная ў бок усходняга сінематографа, прывяла да перавесу ў конкурсе так званага масавага кіно. 

А эксклюзіўнае, аўтарскае, тое, што вызначае поспех і ступень класнасці ў знаўцаў-профі, — ці было яно? Канешне, спробы эксперымента ўсё ж трапілі ў экранны кантэкст, але засталіся нібы на другім плане. Прыкладам, антываенная прытча “Прывідна-белы” Марыі Ігнаценка, што называецца, твор “не пад папкорн”, узяла толькі прыз за найлепшую аператарскую работу. 

Дык якое выйсце знайсці ў 2023-м? Ва ўсякім разе, найперш хацелася б параіць дырэкцыі не імкнуцца пры- цягваць увагу гледача дзяжурным статыстычным рапартам, што абсалютна не суадносіцца з якасцю фестывальных карцін. Не спрабаваць кампен- саваць пошук і прэзентацыю творчых кінаразыначак пафаснай справазда- чай аб сенсацыйнай колькасці заявак (што, безумоўна, прыемна здзіўляе масмедыя, бо ёсць на чым пабудаваць “інфу”) і не прыкрываць рэпертуарныя прагалы рэкорднай колькасцю пляцовак ды імпрэз (на форму і змест прадстаўленай стужкі гэта аніяк не паўплывае). Справаздачы спараджа- юць пытанне: а ці толькі імі вымяраецца паспяховасць форуму? 

КЛЮЧАВАЯ ФРАЗА: ДУБЛЬ 2 

Але ўявім, што “Лістапад-2023” на- паткае больш якасны арганізацыйнаадборачны лёс — на гэта і спадзяёмся. З чаго ж варта пачынаць? 

Учытаемся ў сёлетні слоган фестывалю — “Сапраўдныя каштоўнас- ці”. Што маецца на ўвазе пад словам “каштоўнасці” — жыццё, творчасць, маральнасць, прадмет, традыцыі..? Наўрад ці можна сцвярджаць, што ўсё чалавецтва разумее пад названым паняццем адно і тое ж. Урэшце, у кожнай асобы, нацыі або канфесіі каштоўнасці свае, і застаюцца стабі- льнымі. Паводле сацыёлагаў, нават глабалізацыя не прывяла да іх уніфікацыі. Што важна для сучаснага бе- ларуса, казаха, рускага, можа быць аспрэчана або нават забаронена ў іншым пункце планеты. У гэтым плане больш удалым падаецца леташні слоган “Сімфонія адзінства”. Якімі б пафаснымі камусьці ні падаваліся тыя словы, яны заклікалі праз мастацтва будаваць масткі паміж людзьмі роз- ных перакананняў. 

Да чаго такія развагі? Растлума- чым. Менавіта ад слогана адштурхоўваюцца дырэктары конкурсных праграм, адбіраючы фільмы. І катэгарычнасць, безапеляцыйнасць або, наадварот, размытасць, расплыўчатасць ключавой фразы могуць перашкодзіць дыялогу праз мастацтва, не дазволіць выпрацаваць цэласную фестывальную канцэпцыю. Ці не таму работы некаторых удзельнікаў мелі “падпарадкавальны” характар: не заклікалі гледача да сумеснага пошуку адказаў, а падавалі гатовыя ра- шэнні. Плоскія героі і трафарэтная драматургія адрывалі стужкі ад рэча- існасці. Між тым у сапраўднасці зло можа прыкінуцца дабром, а партрэт чалавека не абмяжоўваецца аднабо- кай характарыстыкай — “дабрадзей” ці “ліхадзей”. Урэшце, варта толькі было б сфармуляваць слоган у выглядзе пытання кшталту “Што ёсць сап- раўдныя каштоўнасці?” — і праграма зазіхацела б іншымі фарбамі, бо з дэк- ларатыўнай ператварылася б у дыскусійную. 

Дык што з “ключавой фразай” на наступны форум? 

БЕЗ БЕЛАРУСКАГА АКЦЭНТУ: ДУБЛЬ 3 

Калі “Беларусьфільм” узяў на сябе функцыі фестывальнай дырэкцыі, праціўнікі рашэння прарочылі: студыя выкарыстае “Лістапад” найперш для піяру сваіх карцін. Дарма хваляваліся. Хоць арганізатары і абяцалі шырока прэзентаваць айчыннае кіно на форуме, мы ж змаглі пабачыць толькі чатыры стужкі ў наваствораным конкурсе анімацыйных фільмаў ды прэм’еру беларуска-расійскай камедыі “Аліўе”. 

Не стае фестывалю і ранейшага нацыянальнага конкурсу, мэтай якога было ўвесці наша сінема ў сусветны кантэкст і наладзіць сувязі айчынных вытворцаў з замежнымі калегамі. Што ж, будзем спадзявацца на наступны “Лістапад”, мо ён усё ж парадуе большай колькасцю беларускіх стужак. А пачатак, здаецца, пакладзены: пе- раможцы рэспубліканскага конкурсу рэжысёрскіх эксплікацый, які ладзіць Міністэрства культуры краіны, мусяць за год стварыць уласныя карці- ны за кошт бюджэту і прэзентаваць іх у секцыі “Кіно маладых”. 

РУХАВІК ПРАГРЭСУ: ДУБЛЬ 4 

І апошняе, чаго хацелася б пажа- даць наступнаму “Лістападу”. Магчыма, “сарафаннае радыё” калісьці за дзедам шведам і прыносіла плён у інфармаванні людзей, але ў ХХІ ста- годдзі карыстацца толькі падобным метадам неяк нязручна. Ці не самай крыўднай хібай у арганізацыі фестывалю стала візуальная рэклама. Дакладней, адсутнасць яе — крэатыўнай, кідкай — на вуліцах горада і ў інтэрнэце. У максімальна бойкіх месцах Мінска не было і намёку, што форум набліжаецца. Наш фотакарэспандэнт змагла “злавіць” расцяжку на будынку галоўнай лакацыі “Лістапа- да” — кінатэатры “Масква” — толькі за дзень да адкрыцця. Плакатаў, стэндаў, банераў у мікрараёнах ды іншых кутках мегаполіса, акрамя як на пляцоўках фестывалю, многія мінчане так і не прыкмецілі. А “Лістапад” жа “Мінскі міжнародны...” называецца. Дык няўжо без дзейснага піяру і ў наступным годзе абыдземся? 

Калі ўсё ж праз лабірынты сеціва вы прарваліся да інфармацыі на сайце форуму, радавацца, што паглядзіце ўпадабаную стужку, не варта: увечары перад датай паказу фільм можа знікнуць з праграмы. Хоць на сайтах білетных аператараў квіткі будуць у продажы. 

Рэклама — рухавік прагрэсу, кажаце? 

P. S. Зразумела, у гэтым артыкуле “па гарачых слядах форуму” выкладзены далёка не ўсе дэталі, што маглі б дазволіць любімаму беларусамі “Лістападу” блішчаць у восеньскія дні. Дасылайце свае прапановы на электронную пошту рэдакцыі kim@kultura-info.by, а мы разгледзім іх разам з дырэкцыяй фестывалю. 

К.