Чытаем "Культуру" разам

Апублiкавана: 09 снежня 2022 Нам пішуць не указан Мінск

Аўтар: Аўтары

Юлія Кулак, дырэктар дзяржаўнай установы культуры “Цэнтр культурна-дасугавай дзейнасці Акцябрскага раёна”:

— У чарговы раз разгортваю газету “Культура”, якая рэгулярна прыходзіць у наш арганізацыйна-метадычны аддзел. Тэматыка публікацый даволі разнастайная і шматгранная. Не застаецца па-за ўвагай карэспандэнтаў інфармацыя пра грамадскае і палітычнае жыццё Беларусі. Цікава падаюцца навінкі тэатраў, фальклорнага мастацтва, прывабліваюць артыкулы пра архітэктурную спадчыну і жывапіс, юбілейныя даты, народныя святы, знакамітых сучаснікаў, гістарычных асоб... Прыемна праз газету пазнаёміцца з дзейнасцю бібліятэчных, музейных, культурна-дасугавых устаноў, а таксама са спецыялістамі — прафесіяналамі сваёй справы, бо карысна ведаць, як і чым жывуць калегі. Але ў артыкулах такога напрамку, на маю думку, інфармацыя падаецца неяк агульна, бегла: адразу пра ўсё, прачытаў — і забыў. Пажадана, каб у публікацыях больш падрабязна паведамлялася пра канкрэтны досвед укаранення ў творчы працэс новых праграм, праектаў, тэхналогій, пра сістэму работы ўстановы — тое, што можна прымяніць і ў сваёй практыцы. Магчыма, варта ўвесці рубрыку “З вопыту работы” або “У скарбонку метадыста”, якая з’яўлялася б няхай і не ў кожным нумары, але ўбачыў актуальнае для сябе — і захаваў газету: спатрэбіцца! І яшчэ станоўчы момант. Павялічылася колькасць публікацый, звязаных з Годам гістарычнай памяці. Вельмі цудоўна!

Аляксандра Ковель, настаўнік харавых дысцыплін дзяржаўнай установы адукацыі “Белаазёрская дзіцячая школа мастацтваў”:

— Я — малады спецыяліст, але з “Культурай” знаёмая яшчэ са студэнцкіх гадоў. Гэта ж наша прафесійнае выданне! І мне здаецца, што яго павінны выпісваць усе ўстановы культуры краіны. Па-першае, крута, калі ты з’яўляешся на старонках галоўнай “культурнай” газеты Беларусі са сваім мерапрыемствам, фота, з чарговай перамогай. А па-другое, можна запазычыць досвед калег з іншых рэгіёнаў. Мне падабаецца “Максіма маладых”. Чытаецца лёгка. Відаць, матэрыялы рыхтуюць таленавітыя журналісты. Так трымаць! Мару сама патрапіць у гэтую рубрыку, але трэба прыдумаць і зрабіць нешта цікавае. З задавальненнем праглядаю і апытанні. Займальна даведацца меркаванні людзей. Што пажадаць газеце? Напэўна, у кожным рэгіёне Беларусі ёсць неадкрытыя ці малавядомыя культурнагістарычныя мясціны, пра якія таксама ёсць што напісаць.