Сучасны танец на вялікай сцэне

Апублiкавана: 28 лiстапада 2022 Стужка Харэаграфія Віцебск і воблась

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Пасля двухгадовага перапынку Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ІFMC вярнуўся ў родны Віцебск. Нягледзячы на працяглы антракт, выкліканы пандэміяй і закрыццём межаў, сёлета на ўдзел у конкурсе паступіла 75 заявак з чатырох краін. Адборачны відэатур прайшлі 25 калектываў.

ЭСТРАДА З ПЁРАМІ — НЕ НАШ ФАРМАТ

Міжнародны фестываль праходзіў з 23 па 27 лістапада ў паўночнай культурнай сталіцы Беларусі. Асноўнымі пляцоўкамі форуму сталі канцэртная зала “Віцебск” і Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. На працягу пяці дзён гледачы і суддзі паглыбляюцца ў свет сучаснай харэаграфіі пры дапамозе рознафарматных пастановак.

У спісе доўгачаканых гасцей — “Балет Яўгена Панфілава”. Прыхільнікі пермскага тэатра ўбачылі нядаўнія работы калектыву, адноўленыя мініяцюры і яшчэ адзін з балетаў маэстра. Іх паказалі ў вечар памяці Яўгена Панфілава, які пайшоў з жыцця 20 гадоў таму.

Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску Іnternatіonal Festіval Modern Choreography праводзіцца штогод з 1987-га ў другой палове лістапада. ІFMC стаў першым і да 1997 года з'яўляўся адзіным форумам сучаснага танца на тэрыторыі былога СССР. Праграма ІFMC уключае балетныя спектаклі, выступленні тэатраў танца, выставы фота і жывапісу, прысвечаныя харэаграфіі, практычныя майстар-класы, лекцыі пра сучаснае мастацтва, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі, адкрытыя дыскусіі, кінапаказы.

У гасцявой афішы таксама заяўленыя знаёмыя віцебскай публіцы калектывы — “Правінцыйныя танцы” з Екацярынбурга, “Канон Данс” з Санкт-Пецярбурга.

Аб праграме форуму расказала яго дырэктар, намеснік генеральнага дырэктара па спецыяльных праектах Цэнтра культуры “Віцебск” Марына Раманоўская:

— На жаль, два гады запар мы адмянялі фестываль, але напрацаваны каласальны вопыт дапамог зноў стаць на прывычныя рэйкі, каб прадоўжыць пісаць сваю гісторыю. Праграма мерапрыемства ўключае майстар-класы, сустрэчы, відэалекцыі і фотавыставы. Нягледзячы на няпросты час, геаграфія ўдзельнікаў уражвае: Чалябінск, Томск, Омск, Новасібірск, Масква, Казань, Гомель, Мінск, Віцебск. Калі 10 гадоў таму адбор праходзіў па крытэрыі “да нас — не да нас” (напрыклад, эстрада з пёрамі і бальныя танцы — сапраўды не наш фармат), то зараз усе канкурсанты разумеюць, куды яны падаюць заяўкі. Цяпер мы кіруемся крытэрыем навізны і імкнёмся ацаніць, наколькі выступленне будзе цікавае гледачу.

РАЗМОВА ПРАЗ ТАНЕЦ

Цяперашні 33-і фестываль адра- зу заявіў пра сябе як цікавы творчы праект. Форум дазваляе перадаць сённяшнія адчуванні праз харэаграфію і з’яўляецца той самай пляцоўкай, на якой адбываюцца асноўныя падзеі не толькі нацыянальнага, але і сусветнага сучаснага танца. Асаблівасць сёлетняй праграмы — на сцэне будуць паказаны спектаклі міждысцыплінарнага характару. Гэта танцтэатры, драматычныя і харэаграфічныя пастаноўкі, якія вырашаны выключна элементамі пластыкі.

Святлана Гуткоўская, загадчык кафедры харэаграфіі, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, знаёмая з фестывалем з 1993 года, апісвае яго наступным чынам:

— ІFМC— выдатная адукацыйная платформа. Акрамя як на майстаркласах вядомых спецыялістаў, студэнты кафедры харэаграфіі могуць пераняць практычны досвед, удзельнічаючы непасрэдна ў конкурсе. Таксама ёсць варыянт выкарыстаць платную акрэдытацыю, каб за пяць дзён убачыць прафесійныя трупы, якія працуюць не толькі на тэрыторыі Беларусі і Расіі, але і за мяжой. Лепшай вучобы немагчыма ўявіць. Гэты фестываль адзін з нямногіх, што з’яўляюцца двухтурнымі. Менавіта лаўрэаты такіх конкурсаў могуць разлічваць на дапамогу фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Як сябра экспертнай рады хачу сказаць, што разам з журы мы таксама адсочваем тэндэнцыі, якія фестываль задае ў сучасным танцы. Бывае, наша меркаванне разыходзіцца з поглядам журы. Харэаграфія перш за ўсё ўспрымаецца эмацыйна, а не рацыянальна. У многім дзякуючы ІFМC, у 2014 годзе на кафедры БДУКМ мы адкрылі такі напрамак, як сучасны танец.

ХТО ПЕРАМОЖА?

Сучасны танец зразумелы не кожнаму гледачу, бо гэты від харэаграфіі патрабуе папярэдняй працы, пэўных ведаў. Але ж тыя, хто разбіраецца ў мастацтве, у каго ёсць сваё бачанне, змогуць па-сапраўднаму ацаніць нумары канкурсантаў. Акрамя мастацкага складніка, улічваецца тэхнічная падрыхтоўка і навізна.

Першы тур міжнароднага творчага спаборніцтва закрыты: дапускаюцца толькі экспертная рада, журы, удзельнікі і прэса. Потым суддзі вызначаюць фіналістаў, з чыіх выступленняў і фарміруецца публічны паказ. Дарэчы, сёння ў канцэртнай зале “Віцебск” гледачы змогуць атрымаць асалоду ад незвычайных харэаграфічных рашэнняў падчас фіналу конкурсу.

Настасся ЮРКЕВІЧ