Маскоўскія “неканікулы”

Апублiкавана: 05 снежня 2022 Арт-блог Тэатры не указан

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Студэнты-акцёры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Беларусі, прафесара Уладзіміра Мішчанчука зрабілі фурор у Маскве на V Тэатральным фестывалі краін СНД “ГИТИС — мастер-класс”.

— Падчас заняткаў я заўсёды імкнуся максімальна далучыць студэнтаў да ўдзелу ў замежных майстар-класах, фестывалях, іншых творчых акцыях і праектах, — распавёў Уладзімір Мішчанчук. — Вось і цяпер, калі я вяду трэці курс спецыяльнасці “Акцёрскае мастацтва (драматычны тэатр і кіно)” дзённай формы навучання, як толькі з’явілася інфармацыя Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва пра гэты форум, мы даслалі заяўку. Хваляваліся, чакалі, бо арганізатары самі адбіраюць удзельнікаў сярод ахвотнікаў. Першая радасць была, калі атрымалі запрашэнне. Другая — ад самой паездкі. І, безумоўна, вельмі прыемна, што паказаны намі спектакль — “Гульні на заднім двары” — сабраў добрыя водгукі. За поспехам стаіць вялікая праца ўсіх, хто спрычыніўся да пастаноўкі, і найперш рэжысёрапедагога Віталя Краўчанкі, педагога па майстэрстве акцёра Людмілы Кучарэнка, харэографа Дар’і Карпячэнкавай — нашай выпускніцы, якая і сама з’яўляецца выдатнай артысткай, працуе ў Тэатры-студыі кінаакцёра. Для творчай моладзі такія паездкі вельмі важныя. Можна і сябе паказаць, і пачуць водгукі збоку, якімі б яны ні былі. Канструктыўныя заўвагі такія ж неабходныя, як і словы падзякі. Уражанняў у студэнтаў — нават не мора, а цэлы акіян. Некаторыя ўпершыню ўбачылі Маскву, і выдатна, што арганізатары заўжды робяць экскурсіі па горадзе. А былі ж яшчэ ўласна тэатральныя экскурсіі! Мы наведалі МХАТ, Дом-музей Станіслаўскага. Але галоўнае — гэта майстар-класы вядучых расійскіх спецыялістаў, прагляд спектакляў гаспадароў і іншых удзельнікаў фестывалю — у тым ліку з Арменіі, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана. Вярталіся папраўдзе натхнёнымі, з жаданнем зрабіць яшчэ больш і лепш.

Да расказанага У. Мішчанчуком дадам дзве дэталі, на маю думку, надзвычай істотныя. Яны спрыяюць не толькі прафесійнаму росту студэнтаў, але і выхаваўчаму працэсу як неад’емнай частцы педагогікі. Першая дэталь — удзел у спектаклі самога кіраўніка. Нароўні са студэнтамі, у ролі Суддзі. Гэта ж дадатковы майстар-клас! І стаўленне да навучэнцаў як да малодшых калег. Другая дэталь — выбар п’есы сучаснага ізраільскага драматурга і рэжысёра Эдны Мазія, дзе ўзнімаецца вострая моладзевая праблематыка: невыпадкова спектакль азначаны па жанры як “драма сталення”. Гэта менавіта тое, чаго так нестае сёння нашым тэатрам. І што так запатрабавана грамадскасцю — асабліва калі мы хочам прыцягнуць новае пакаленне і выхаваць яго не толькі на камедыях, але і на сур’ёзных спектаклях, якія заклікаюць да роздуму.

Надзея БУНЦЭВІЧ