Спазнаць край праз рэйкі

Вузкакалейныя чыгункі, якімі некалі была ахутана ці не ўся беларуская зямля, сёння сталі дзівам-рарытэтам. Рэйкі ды тэхніка ідуць у металалом, а разам з тым на сметнік адпраўляецца цэлы пласт нашай гісторыі. Зберагчы яго імкнецца мінчук Арцём Слізкі — ён стварае адзіны ў Беларусі музей вузкакалейнай чыгункі.

Разам з рупліўцам “К” выправілася ў аграгарадок Дзітва пад Лідай. Менавіта там на мясцовым торфабрыкетным заводзе неўзабаве разгорнецца комплекс, які выйдзе за рамкі класічнага музея: старыя экспанаты размесцяць на тэрыторыі дзейнага транспартнага цэха з разнастайнай тэхнікай, чыгуначным пуцём на тры дзясяткі кіламетраў, станцыяй і дэпо. Таму наведвальнікі не толькі даведаюцца пра гісторыю вузкакалейкі, але і ўбачаць дарогу “ў справе”.

Да станцыі мы прыехалі якраз перад адпраўленнем цеплавоза з пасажырскім вагонам. Звычайна ён дастаўляе работнікаў да торфанарыхтовак, але часам месцы займаюць экскурсанты, гэтым разам — гродзенскія школьнікі. Далучаемся да шумнай дзіцячай кампаніі і адпраўляемся на агледзіны.

Гудок, састаў кранаецца — і неўзабаве віды заводскай тэрыторыі за вокнамі змяняюцца маляўнічымі даляглядамі. То бясконцае ворыва, то змешаны лес і бярэзнічак, то зноў абшары зямлі са старымі самотнымі хутарамі. Нарэшце цягнік выпаўзае на бясконцыя чорныя палі, на якіх ззяюць аранжавыя машыны для здабычы торфу. Па дарозе спыняемся на раз’ездзе, каб прапусціць сустрэчны грузавы састаў. Праз нейкі час перамяшчаемся паўз вялізныя разлівы — паўторна затопленыя распрацоўкі. На іх ужо скончылі здабычу пароды, і цяпер гэта сапраўдны рай для вадаплаўных птушак і ўлюбёнае месца для промыслу рыбакоў з усіх ваколіц. Едзем павольна — цягнік набірае хуткасць, не большую чым 25 кіламетраў за гадзіну, таму часу палюбавацца краявідамі і зрабіць фота на памяць дастаткова. І нашы маленькія спадарожнікі не прапускаюць такую магчымасць.

БЕЗ ХІТРАГА РАЗЛІКУ

Можа падацца парадоксам, але праз сваю дагледжанасць дзітвянская дарога не адразу прывабіла Арцёма Слізкага як пляцоўка для музейнага комплексу. Адмысловец жартуе, што яго першай любоўю была вузкакалейка на торфапрадпрыемстве пад Рудзенскам: тры веткі з перагрузачнай станцыяй на шырокую каляіну, мноства тэхнікі і неапісальнай прыгажосці прырода. Шлях, абсыпаны па баках ледавіковымі валунамі, цягнуўся праз палі і цёмныя лясы, выходзіў да амаль некранутага балота. На жаль, у гэтых цудоўных мясцінах уладкавацца не атрымалася, як і знайсці агульную мову з уладальнікамі некаторых іншых вузкакалеек. А вось у Дзітве, дзе Арцём ладзіць экскурсіі з 2017 года, праявілі гасціннасць. І кіраўніцтва завода, і супрацоўнікі паставіліся да ініцыятывы з цікавасцю. “Колькі можна бегаць, калі ёсць месца, дзе нас прымаюць і падтрымліваюць”, — падумаў Арцём і вырашыў не адмаўляцца ад шансу нарэшце закласці падмуркі музея.

У кабінетах жа, па якіх давялося пабегаць з прапановамі, верагодна, разглядалі ініцыятыву як спробу нажыцца, ды толькі на гэтай справе абагаціцца амаль немагчыма. Пакуль на пакупку, транспарціроўку і рэстаўрацыю экспанатаў Ар¬ цём выдаткоўвае ўласную зарплату, а таксама грошы ад экскурсій і ахвяраванні. Ці гэта не доказ, што чалавекам кіруе не жаданне атрымаць выгаду, а шчырая апантанасць справай?

ПАЧАТАК КАЛЕКЦЫІ

Хоць вялікага бюджэту некамерцыйная ўстанова “Нязведаная вузкакалейка” не мае, ужо ўдалося набыць колькі рарытэтаў для музея. На стаянцы бачым першы экспанат — крыты грузавы вагон 1968 года вытворчасці, які даставілі ў Дзітву год таму ў даволі сумным стане. Спярша яго нават не здолеў падняць кран, бо ўнутры ляжала дванаццаць тон акамянелага цэменту. Цяпер вагон вычышчаны, нанова абшыты і пафарбаваны. І ў будучыні ён стане выставачнай залай на колах, дзе пакажуць карты, фотаздымкі і нават відэаматэрыялы — якіх цікавінак не знойдзеш у архівах!

Яшчэ два экспанаты, датаваныя канцом 1940-х — пачаткам 1950-х, знаходзяцца ў майстэрні. Там каманда “ажыўляе” вагон нямецкай фірмы Ammendorf, які выкарыстоўвалі ў сферы лесанарыхтовак: гэтая перасоўная электрастанцыя выпрацоўвала энергію для піл. З кузава пры дапамозе мыйкі высокага ціску счысцілі бруд, старую фарбу і рыхлыя часцінкі драўніны, затым адшліфавалі паверхню. Наперадзе яшчэ грунтоўка і афарбоўка сцен у натуральны колер, але на гэтым праца не спыніцца, бо час не пашкадаваў старыя дошкі і частку абшыўкі давядзецца ўзнавіць з нуля.

Побач на рэйках чакае свайго часу самы свежы музейны набытак — грузапасажырскі вагон нямецкай вытворчасці. Некалі ён бегаў па разгалінаванай вузкакалейцы Светлагорскай цеплаэлектрацэнтралі. Што адметна, расшукаць даволі рэдкі экзэмпляр удалося дзякуючы фільму краязнаўцаў пра гісторыю гэтай дарогі.

А колькі драбнейшых цікавінак захоўваецца ў калекцыі! Да прыкладу, рэйкі ад ваенна-палявых пераносных чыгунак. За кошт адмысловых кручкоў сабраць такую дарогу можна было без рыштунку — як канструктар. Тут жа зберагаюцца шпалы часоў Першай сусветнай вайны. Іх Арцём літаральна выдзіраў з зямлі: дбайныя гаспадары некалі расцягнулі рэшткі былых чыгунак, закапалі іх замест платоў на сваіх участках. Рэанімаваць давялося і раму ад даваеннай ваганеткі з перакульным кузавам, што некалі выкарыстоўвалі для перавозкі пяску і гліны. Мінулы ўладальнік на кляймо 1930-х гадоў, напэўна, увагі не звярнуў ды распілаваў раму на кавалкі для сваіх мэт. Але дзітвянскія зваршчыкі прывялі канструкцыю да ладу.

АЎТОБУС НА РЭЙКАХ?

Вядома, у стваральніка музея Арцёма Слізкага ёсць спіс тэхнікі, якую варта выратаваць ад разбурэння і перавезці ў экспазіцыю. Напрыклад, пад Светлагорскам захаваўся кузаў аўтаматрысы — самаходнага вагона для перавозкі пасажыраў на прыгарадных маршрутах. У дзейным стане такіх “аўтобусаў на рэйках” у нашай краіне не захавалася, таму знаходка ўяўляе велізарную каштоўнасць, а два захаваныя кузавы можна ператварыць у прыгожы прычапны вагон. Таксама хацелася б папоўніць калекцыю самаробным снегаачышчальнікам для вузкакалеек 1930-х. Усё гэта патрабуе немалых выдаткаў, а значыць, без удзелу суайчыннікаў не абысціся. Ахвяраваць грошы, паўдзельнічаць у суботніку ці даць наводку на новы артэфакт — дапамагчы можа кожны. Дык не забывайма пра нашу даўнюю традыцыю рабіць важныя справы талакою.

Данііл ШЭЙКА

Мінск — Дзітва — Мінск