Мы — разам

Апублiкавана: 17 снежня 2022 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: Аўтары

Сёння ў Магілёве гучаць апошнія акорды фестывалю творчасці інвалідаў “Разам мы зможам больш”. 

Як паведамляе Крысціна Башарымава, рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы, мерапрыемствы распачаліся 13 снежня. Дзеі адбываліся не толькі ў абласным метадцэнтры, але і ў дамах-інтэрнатах Магілёўшчыны для састарэлых і інвалідаў. Дзяржаўным заказчыкам-каардынатарам фестывалю выступіла Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, дзяржаўным заказчыкам — Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі. 

Форум ладзіўся дзеля захавання агульнай культурнай прасторы Саюзнай дзяржавы, стымулявання актыўнага ўдзелу ў гэтым працэсе людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, стварэння стабільнай сістэмы супрацоўніцтва дзвюх краін у кірунку мастацкай творчасці інвалідаў. 

Дэлегацыі з рэгіёнаў Беларусі сустрэліся з аднадумцамі, што прадстаўлялі Маскоўскую, Бранскую, Калужскую, Пскоўскую, Цвярскую, Смаленскую вобласці. Свае таленты прадэманстравалі калектывы мастацкай творчасці, індывідуальныя выканаўцы, майстры дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, старэйшыя за 18 гадоў. Усе ўдзельнікі форуму прайшлі праз нацыянальныя, рэспубліканскія, краявыя, рэгіянальныя фестывалі і спаборніцтвы. 

У рамках праекта “Разам мы зможам больш” правялі конкурсныя выступленні ўдзельнікаў у 12 намінацыях, а таксама — выставу выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, майстар-класы, выязныя канцэрты… 

Адметна і тое, што асобнай тэме быў прысвечаны кожны фестывальны дзень: Дзень сяброўства, Дзень інклюзіўнай творчасці, Дзень Беларусі, Дзень Расіі і Дзень Саюзнай дзяржавы