Калі мудрагелістасць не пасуе. Музей для ўсіх. Частка 3

Апублiкавана: 01 лютага 2023 Стужка Музеі Мінск Соцыум

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Пытанне для музейшчыкаў: ці кожнаму зразумелая мова вашай установы? Адказ відавочны. “Так, мы ж працуем на дзвюх дзяржаўных і нават замежнымі карыстаемся”. Але інклюзіўнаму музею мала гаварыць з наведвальнікам на адной мове — трэба абраць даступную форму. 

Паводле сацыяльнай мадэлі інваліднасці, поўнаму ўдзелу людзей у грамадскім жыцці перашкаджаюць не асаблівасці здароўя, а шматлікія знешнія бар’еры. Існуюць яны і ў музейных прасторах. Паколькі дзяржава гарантуе права на ўдзел у культурным жыцці, установы імкнуцца прыбраць перашкоды. Але акцэнт звычайна робяць на даступнасці фізічнага асяроддзя, у той час як бар’еры інтэлектуальныя і сенсорныя збольшага застаюцца па-за ўвагай. 

Да прыкладу, вялікі пласт інфармацыі (у тым ліку тэксты экскурсій і аўдыягідаў, звесткі на этыкетках і ў анатацыях) незразумелы людзям, якія маюць цяжкасці ў чытанні ды пісьме. Так цэлыя групы выпадаюць з кола наведвальнікаў устаноў культуры, а значыць, губляюць магчымасць атрымліваць веды, сацыялізавацца, якасна бавіць вольны час. Вырашыць праблему дазваляе адаптацыя тэкстаў і стварэнне матэрыялаў на зразумелай мове. 

РАНЕЙШЫ СЭНС У НОВАЙ АБАЛОНЦЫ 

Пад зразумелай мовай маецца на ўвазе форма адлюстравання інфармацыі, даступная для людзей, якія адчуваюць цяжкасці ў яе ўспрыманні і разуменні. Першапачаткова прызначалася асобам з інтэлектуальнымі парушэннямі, але з часам стала відавочна: такі сродак камунікацыі патрэбны значна шырэйшаму колу. Да мэтавай аўдыторыі належаць людзі з дэменцыяй і функцыянальнай непісьменнасцю, з парушэннямі слыху ці маўлення, а таксама асобы, якія перанеслі інсульт або траўмы галаўнога мозга, кепска валодаюць мовамі краіны. 

Тэксты на зразумелай мове адрозніваюцца спрошчанай структурай выказванняў, паменшаным слоўнікам, адмысловымі прыёмамі фармаціравання. Матэрыялы мусяць адпавядаць патрабаванням, якія тычацца слоў, сказаў, лічбавай інфармацыі, выяў, памеру старонак і знешняга выгляду надрукаванага. 

— Сярод асноўных правілаў варта назваць падачу звестак у храналагічным парадку, выкарыстанне простых сказаў, унікненне тэрмінаў і абстрактных паняццяў. Важна разумець: тое, што добра для звычайнай мовы, — метафары, фразеалагізмы, замена паўтораў сінонімамі і займеннікамі — у дадзеным выпадку непрымальнае. На працягу ўсяго тэксту для абазначэння пэўнага прадмета ці асобы варта выкарыстоўваць адно слова. Да прыкладу, намінацыю “мастак” недарэчна замяняць тоеснымі ці блізкімі па значэнні, такімі як “творца” і “жывапісец”, бо чытач можа папросту заблытацца, — тлумачыць спецыяліст па зразумелай мове Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам Вераніка Кавалёва. 

НІЧОГА ДЛЯ НАС БЕЗ НАС 

Як прызнаюцца Вераніка Кавалёва і яе калега Таццяна Грышан, стварэнне і адаптацыя тэкстаў — даволі складаны і затратны па часе працэс. Працу над любым праектам пачынаюць з напісання канцэпцыі, дзе абавязкова пазначаюць мэтавую групу. Менавіта ад патрэб патэнцыйных карыстальнікаў адштурхоўваюцца прафесіяналы. 

— Немагчыма стварыць тэкст на зразумелай мове, каб яна была яснай абсалютна для ўсіх катэгорый чытачоў. Таму трэба дакладна разумець, для якой групы пішаш. Адаптаваны матэрыял мусіць быць меншага за арыгінал аб’ёму — неабходна пакідаць найбольш важныя звесткі. Але мы не можам вырашаць за людзей, якая інфармацыя ім патрэбная. Гэта пытанне свабоды чалавека. Таму перш-наперш мы збіраем фокус-групу для вывучэння экскурсіі ці выставы ў існым фармаце. Акумулюем водгукі — што прыцягнула ўвагу, што засталося ў памяці, — расказвае Таццяна Грышан. 

Зразумелая мова — форма адлюстравання інфармацыі, даступная для людзей, якія адчуваюць цяжкасці ў яе ўспрыманні і разуменні.

“Нічога пра нас і для нас без нас” — базавы прынцып інклюзіўнасці. У стварэнні тэкстаў на зразумелай мове абавязкова мусяць удзельнічаць людзі з інтэлектуальнымі парушэннямі, якія выступяць экспертамі-ацэншчыкамі. Пасля адмысловай падрыхтоўкі такія асобы могуць азнаёміцца з зыходным варыянтам і даць рэкамендацыі для перакладу, паўдзельнічаць у выбары тэмы і вызначэнні зместу новага тэксту, вычытаць гатовы матэрыял і выказаць заўвагі. 

ПА НАЦЫЯНАЛЬНЫМ СТАНДАРЦЕ 

Першыя рэкамендацыі па зразумелай мове ў Еўропе апублікавалі яшчэ напрыканцы 1990-х гадоў, аднак у нашай краіне пра гэты аспект безбар’ернага інфармацыйнага асяроддзя загаварылі нядаўна. Спецыялісты Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям- інвалідам і маладым інвалідам пераймалі веды ад замежнікаў: азы ўзялі ад чэшскіх прафесіяналаў, далей павышалі кваліфікацыю ў Германіі і Аўстрыі. 

Сёння нашы суразмоўцы — сертыфікаваныя трэнеры. Пакуль яны адзіныя ў краіне рыхтуюць спецыялістаў у сваёй галіне і ўжо навучылі каля паўсотні чалавек. Хто можа далучыцца? Любы ахвотны незалежна ад профілю адукацыі. Галоўныя патрабаванні да будучых адмыслоўцаў — пісьменнасць і валоданне тэкставым рэдактарам. Паспрыяе вопыт камунікацыі з прадстаўнікамі мэтавай аўдыторыі. 

Супрацоўнікі асацыяцыі не толькі вучаць — выпускаюць карысныя матэрыялы на зразумелай мове. Першым падобным праектам стала брашура “Спыні гвалт” пра тое, якія стасункі лічыць гвалтам і як абараніцца ад негатыўнага ўздзеяння. Выдадзеныя і іншыя інструкцыі на розныя тэмы — ад парад па прафілактыцы каранавіруса і правілаў карыстання грамадскім транспартам да рэкамендацый па камунікацыі ў месенджарах. 

Таксама эксперты распрацавалі нацыянальны стандарт “Зразумелая мова. Асноўныя палажэнні”, зацверджаны пазалетась, і да канца 2023-га плануюць завяршыць работу над тэхнічным рэгламентам. Варта дадаць, што азначэнне зразумелай мовы цяпер замацаванае ў Законе “Аб правах інвалідаў і сацыяльнай інтэграцыі”. 

ПРЫКЛАД ЗАМЕЖЖА 

Еўрапейскія культурныя інстытуцыі актыўна ствараюць версіі афіцыйных сайтаў, даведнікі і іншыя матэрыялы на зразумелай мове. Нямецкі гістарычны музей ядром часовых выстаў робіць інклюзіўныя камунікацыйныя станцыі, дзе даступная інфармацыя на жэставай і зразумелай мовах, а таксама тэксты, пададзеныя шрыфтам Брайля. Да зразумелай мовы звярнуліся і вядучыя музеі Іспаніі. Нацыянальны археалагічны, напрыклад, выпусціў даведнік пра дзясятку найбольш каштоўных экспанатаў і карту ўстановы. Нацыянальны музей Тысена-Барнемісы стварыў падобны гід па адметных аб’ектах мастацтва. Архітэктурны ICO Museum публікуе на сваім сайце матэрыялы на яснай мове да часовых экспазіцый. 

АЙЧЫННЫ ДОСВЕД 

У Беларусі першым на зразумелай мове загаварыў Баранавіцкі краязнаўчы музей. Мясцовыя педагогі разам з культработнікамі прайшлі курс і пасля пад кіраўніцтвам спецыялістаў адаптавалі тэкст экскурсіі і этыкетаж для залы прыроды. 

З улікам патрэб мэтавай аўдыторыі частку звестак адсеялі, дабавілі новыя факты. Давялося адмовіцца ад складанай для ўспрымання геахраналагічнай шкалы, затое атрымалася дадаць суправаджальны тэкст пра паходжанне назваў пэўных птушак. Але ніхто не абмяжоўвае магчымасці наведвальнікаў дазнацца больш — экскурсавод заўсёды адкажа на пытанні цікаўных. 

Ці з’явіцца зразумелая мова ў іншых музеях краіны — пытанне як ініцыятыўнасці культработнікаў, так і функцыянавання сістэмы цалкам. Адзін чалавек выканаць усю працу не здольны, тым больш для якаснай адаптацыі тэкстаў мала толькі наведаць семінар ці прачытаць правілы. Неабходная практыка, кантроль спецыялістаў, удзел экспертаў-ацэншчыкаў. Таму адмыслоўцы заклікаюць да ўзаемадзеяння. Да прыкладу, распрацаваны трэнінг па зразумелай мове для Міністэрства транспарту і камунікацый, абмяркоўваецца ўключэнне гэтых заняткаў у курсы павышэння кваліфікацыі. Чым не ўзор для галіны культуры? 

Данііл ШЭЙКА