У фаварытах — ружовыя зайцы. Вынікі конкурсу

Напярэдадні зімовых свят газета “Культура” і Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў зладзілі сумесны конкурс на найлепшы дызайн навагодняй паштоўкі. Студэнцкія работы надрукавалі на старонках выдання, а на сайце kultura-іnfo.by праходзіла анлайн-галасаванне. Найбольшую колькасць “падабаек” назбіралі эскізы Крысціны Ільіч. Як ствараць запамінальныя вобразы і ў чым сакрэт поспеху, расказвае пераможца. 

З БАЛЬНЫХ ТАНЦАЎ У НАРОДНУЮ ТВОРЧАСЦЬ 

Паводле слоў нашай гераіні, у дзяцінстве яе параўноўвалі з “шалёным ураганам”, бо энергія біла праз край. Запал непаседы вырашылі патушыць актыўнымі спартыўнымі заняткамі — у чатырохгадовым узросце дзяўчынка паспрабавала сябе ў бальных танцах. Пазней з галавой пагрузілася ў творчасць, кардынальна памяняла сферу інтарэсаў і паступіла ў Маладзечанскую дзіцячую школу мастацтваў. Нязменнае жаданне спазнаваць новае заўсёды вылучала Крысціну сярод равеснікаў і падштурхнула працягнуць культурнае развіццё ў Музычным каледжы імя М.К. Агінскага: 

— Я абрала спецыяльнасць “дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (вырабы з саломкі, лёну, паперы)”. Хоць расла ў сям’і вайскоўца і медыцынскай сястры, якія ніколі не былі звязаныя з творчасцю, бацькі падтрымалі маё рашэнне. Цягам трохгадовага навучання я пазнаёмілася з арнаментальнай асновай народнага мастацтва і праніклася беларускімі традыцыямі. 

ДАЦЬ НЫРЦА Ў ВІРТУАЛЬНЫ ВІР 

Пра атрыманне вышэйшай адукацыі наша гераіня задумалася на апошнім курсе навучання ў каледжы. Мэтанакіраванай дзяўчыне заўсёды хацелася паступіць у прэстыжную ВНУ: 

— Я разглядала некалькі варыянтаў для далейшага навучання, але, маючы на руках сертыфікаты з дастатковай колькасцю балаў, вырашыла рызыкнуць і накіравалася ў Акадэмію мастацтваў. Шмат хто з маіх знаёмых быў здзіўлены, пачуўшы пра спецыяльнасць, якую я абрала пры падачы дакументаў у БДАМ. Па выніку ўступнай кампаніі ў 2021 годзе я была залічаная на першы курс спецыяльнасці “графічны дызайн”. У маім жыцці здзейсніўся зусім нечаканы пераход са свету народнай творчасці ў лічбавую прастору. Спярша было складана, бо раней я стварала ўсё рукамі, кожная дэталь кантралявалася ў рэальнай прасторы і часе, а тут мне давялося даверыцца камп’ютару, яго магчымасцям. Паступова я стала разумець, як з дапамогай машыны можна ажыццяўляць самыя грандыёзныя задумкі. Для мяне заўсёды было важна працаваць сярод крэатыўных асоб, зараджаных на якасны вынік. У акадэміі я знайшла каманду аднадумцаў, якія садзейнічаюць раскрыццю маіх асабістых і творчых характарыстык. Варта адзначыць прафесіяналізм і чуласць выкладчыкаў, што год за годам раскрываюць новыя грані нашага майстэрства, — падкрэслівае Крысціна. 

З АКЦЭНТАМ НА ГЛАМУР 

Наша гераіня з вялікім задавальненнем удзельнічае ў разнастайных спаборніцтвах, бо гэта магчымасць паказаць сябе і назапасіць вопыт. Яшчэ падчас навучання ў каледжы дэманстравала работы на шматлікіх выставах і атрымлівала высокую ацэнку ад настаўнікаў. А дзякуючы свайму захапленню — стварэнню выцінанак — яна вылучылася сярод аднакурснікаў на конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Сняжынка-2020” і заняла першае месца. 

Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім, і Крысціна пацвярджае гэта тым, што паспяхова займаецца спортам. У скарбніцы яе дасягненняў першае месца ў турніры па настольным тэнісе сярод студэнтаў акадэміі. 

Вось і заяву на ўдзел у сумесным конкурсе БДАМ і газеты “Культура” дзяўчына адправіла адразу, калі ва ўніверсітэце абвясцілі пра такую магчымасць: 

— Першапачаткова мы з аднагрупнікамі распрацоўвалі дызайн віншавальных паштовак на тэму “Каляды”. Пасля нам прапанавалі паказаць сваю творчасць шырокай публіцы і адправіць работы для адбору ў газету. Нейкія накіды ўжо былі, але давялося дзейнічаць аператыўна, бо тэрміны падціскалі. Першая версія эскізаў падалася мне сумнаватай: сімвалы Раства не ўпісваліся ў навагоднюю канцэпцыю. У стрэсавай сітуацыі я памяняла кірунак сваіх думак і натхнілася героямі 2023-га: зайчыкамі. Наступным крокам стаў выбар палітры: тут арыентавалася на нешта актуальнае — адценнямі маджэнта, абвешчаным інстытутам колеру Pantone трэндам гэтага года. Калі вызначылася з галоўным, акрэсліліся формы і тэкст, якія выдатна дапоўнілі кампазіцыю. Праў- ду кажучы, я не фанат такіх яркіх фарбаў, але ўнутранае дзіця захацела пацешыць чытачоў рэспубліканскага выдання нечым вясёлым і запамінальным. Мне здаецца, што зайчыкі выглядаюць вельмі гламурна, — з усмешкай дадае Крысціна. 

УНУТРАНЫ КРЫТЫК 

Пра свой поспех маладая мастачка распавядае сціпла: 

— Калі даведалася, што мае эскізы набралі большасць “лайкаў” у анлайн-галасаванні, была прыемна здзіўленая і збянтэжаная, бо ў конкурсе ўдзельнічалі і мае аднагрупнікі. Ведаю гэтых таленавітых людзей, назірала за іх работамі, якія былі выкананы на высокім узроўні. Асабіста мне давялося прыкласці нямала сіл, каб вынік найперш спадабаўся самой, бо ўнутраны крытык заў- сёды задае высокую планку маім дызайнам. Хачу падзякаваць газеце “Культура” за магчымасць праявіць сябе ў такім спаборніцтве. Студэнтам важна выстаўляцца пры кожнай нагодзе, а таксама практыкавацца ў розных кірунках. І не варта забываць, што гэта быў унікальны шанц падарыць праз творчасць свята людзям! 

Пакуль наша гераіня вучыцца на другім курсе БДАМ, знаходзіцца ў прадчуванні будучых буйных праектаў і выстаў, якія абавязкова напаткаюць яе на творчым шляху. Бо, нягледзячы на хісткасць сучаснага свету, яна верыць у свае мары, што падштурхоўваюць да пошуку ўнікальнага мастацкага стылю. Крысціна сур’ёзна задумваецца над стварэннем асаблівага кірунку, які аб’яднаў бы ручную народную творчасць і графічны дызайн. Сярод мэт і адкрыццё ўласнай студыі выяўленчага мастацтва для дарослых і дзяцей. “Такім чынам я змагу знаёміць людзей з беларускімі традыцыямі, скарыстоўваючы высокія тэхналогіі”, — падкрэслівае Крысціна Ільіч. 

А наша газета працягне падтрымліваць маладых беларускіх творцаў і расказваць чытачам пра магчымасці, якія спрыяюць раскрыццю юных талентаў. 

Настасся ЮРКЕВІЧ