Першая публічная выстава

Караль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку пакінуў не абы-які след у беларускай гісторыі і літаратуры. Збольшага праз дзівацкія ўчынкі. Але калі б не ён, у Нясвіжы наўрад ці паставілі б адну з першых нацыянальных опер “Агатка, або Прыезд пана” і малаверагодна, што ажыццявілі б маштабны экспазіцыйны праект. Так-так, Пане Каханку можна назваць куратарам першай беларускай гістарычнай выставы, якая адбылася ў часы Вялікага Княства Літоўскага. 

ПАДЗЕЯ ГОДА 

У сераду 8 верасня 1783-га ў Нясвіжы было шматлюдна. Да Фарнага касцёла з усіх бакоў сцякаліся месцічы, жыхары Наваградчыны і нават замежныя карэспандэнты. Дзякуючы журналісту з “Газеты Варшаўскай”, мы маем унікальнае, хоць і сціслае апісанне вялікай урачыстасці — публічнай гістарычнай выставы. Зразумела, Нясвіж цяжка было здзівіць маштабнымі відовішчамі, бо ладзіліся яны досыць рэгулярна і заўсёды з сотнямі гарматных стрэлаў, шматтысячнымі натоўпамі ўдзельнікаў і гледачоў. Праўда, упершыню на публіку выстаўляліся прадметы, якія належалі польскаму каралю і вялікаму князю літоўскаму Яну ІІІ Сабескаму, аднаму з самых ваяўнічых кіраўнікоў Рэчы Паспалітай. Былі гэта ў асноўным асабістыя рэчы манарха, а яшчэ самыя каштоўныя трафеі, узятыя падчас бітвы пад Венай 12 верасня 1683 года. 

ШТО ЗАПОМНІЛАСЯ НАВЕДВАЛЬНІКАМ? 

Святкаванне стагадовага юбілею перамогі Яна ІІІ (як кіраўніка аб’яднанага хрысціянскага войска) з такой раскошай і велічнасцю не магло быць праведзена нідзе, акрамя як у Нясвіжы, бо багацці і асабістыя рэчы Сабескага захоўваліся ў славутай радавой скарбніцы Радзівілаў. Каштоўныя самі па сабе як дарагія металы і ювелірныя вырабы, яны, аднак, мелі непараўнальна большую вартасць ад таго, што служылі гэтаму вялікаму герою свайго часу. Аднымі прадметамі Ян Сабескі валодаў, займаючы высокія пасады ў Рэчы Паспалітай, удзельнічаючы ў войнах, другія адбіраў пераможнай рукой у ганарлівых атаманаў, іншыя — з удзячнасцю атрымліваў у падарунак ад хрысціянскіх манархаў. Па загадзе Караля Радзівіла, віленскага ваяводы, з памянёнай скарбніцы каштоўнасці былі перанесены для публічнага паказу ў “нясвіжскую паезуіцкую базіліку і раскладзены густоўна на троне, пад аксамітным балдахінам, годна ўшаноўваючы вялікага караля”, як паведамляла “Газета Варшаўская”. Далей у публікацыі ішоў доўгі і скрупулёзны пералік усіх выстаўленых аб’ектаў, які мы падаём скарочана: партрэт караля Яна, французскі ордэн Святога Духа і плашч да ордэна з чорнага аксаміту з золатам, капялюш з перламі і меч (з залатой рукаяццю і папскім гербом), дасланыя каралю Папам Інакенціем ХІ, шмат іншай зброі. Ахоўвалі скарбы дзве гарматы. А радзівілаўская міліцыя пільна сачыла, каб гледачы не краналі прадметаў рукамі. “Акрамя таго, на дванаццаці добрых конях, якіх трымалі на дзядзінцы перад касцёлам, паказвалася багатая збруя, ды і іншыя рэчы, аздобленыя золатам, дыяментамі, перламі, рубінамі, смарагдамі і іншымі дарагімі камянямі, забранымі пад Венай каралём Янам у абозе вялікага візіра”. Нататку з варшаўскай газеты ў 1853 годзе перадрукаваў Уладзіслаў Сыракомля ў кніжцы “Вандроўкі па маіх некалі ваколіцах”. Захаваўся і малюнак, дзякуючы якому можна ўявіць, як выглядала гістарычная выстава. 

ЯК СКАРБЫ ТРАПІЛІ Ў НЯСВІЖ? 

У 1740-м спачыла ўнучка Яна ІІІ Марыя Караліна. Паколькі нашчадкаў яна не мела, спадчына перайшла да Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі (бацька Пане Каханку), што з’яўляўся праўнукам Караліны, сястры караля. Рыбанька замовіў для пахаванай у Варшаве сваячкі надмагілле, на якім змясцілі тарчу са шчылінай. Знак сімвалізаваў згаслую каралеўскую галіну роду. Усе скарбы Сабескіх перавезлі ў Нясвіжскі замак. Туды ж трапіла і яшчэ адна рэліквія, звязаная з Венскай бітвай. 

АБРАЗ МАЦІ БОЖАЙ ЛАРЭТАНСКАЙ 

Неўзабаве пасля супрацьстаяння войскі пераможцаў пачалі шукаць цікавыя рэчы, што ў якасці сувеніраў можна было б прывезці дадому. Адным з аб’ектаў цікавасці сталі іконы. Блукаючы сярод руін спаленага туркамі палаца, вялікі каронны гетман Станіслаў Ябланоўскі нібыта знайшоў невялічкі абраз, намаляваны алеем на палатне. Лацінамоўныя інскрыпцыі на іконе са згадкай імя Ян падалі гетману ідэю зрабіць падарунак каралю. Доўгі час артэфакт быў важнай рэліквіяй каралеўскай сям’і. Казімір Радзівіл Рыбанька змясціў абраз у замкавай капліцы, асвячонай у 1758-м. У ХІХ стагоддзі ікону замянілі на дублікат. Другая рэпліка экспанавалася на юбілейнай выставе, прысвечанай Венскай бітве, у 1883-м у Польшчы (разам з некаторымі ўжо вядомымі трафеямі). Арыгінал жа захоўваецца ў радзівілаўскай сям’і. Дарэчы, пасля рэстаўрацыі Нясвіжскага замка для адноўленай капліцы Радзівілы падаравалі яшчэ адну копію абраза. 9 лютага 2013 года капліцу асвяцілі нанова, і цяпер там ладзяцца ўрачыстыя набажэнствы. 

СВЯТКУЮЦЬ УСЕ! 

Трэба сказаць, што святкаванне стагоддзя бітвы не было чарговым імпульсіўным учынкам Караля Радзівіла. Адзначаць рыхтавалася ўся Еўропа, уключаючы Рэч Паспалітую. Польскія ўрачыстасці абмінём, згадаем толькі, што кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі выдаткаваў 100 000 злотых на “карузэлю” — шляхецкія конныя забаўкі — у Варшаве (па радзівілаўскіх мерках такія грошы — драбяза). А вось як усё прайшло ў Вялікім Княстве Літоў- скім, распавядзём. Згодна з дырэктывай Міхала Панятоўскага, прэзідэнта Нацыянальнай адукацыйнай камісіі, плоцка- га біскупа, брата караля, ад 7 ліпеня 1783 года, рэктары дзвюх вышэйшых школ Літвы і Польшчы мусілі парупіцца пра святкаванне ва ўсіх падуладных навучальных установах. 18 ліпеня кіраўнік Віленскай акадэміі і Галоўнай віленскай школы Марцін Пачобут разаслаў па школах цыркуляр. У ім загадвалася правесці 11 кастрычніка ў касцёлах урачыстыя набажэнствы за палеглых у той вайне, 12-га — набажэнства з падзякамі Богу за перамогу, выступленні з патрыятычнымі прамовамі, а 13-га (панядзелак) — абвясціць для навучэнцаў выхадным (каб лепш запомнілі гэты дзень, згадваючы подзвігі продкаў). Дарэчы, адзначыць юбілей 12 верасня перашкодзіла тое, што жнівень і верасень даўней былі часам школьных вакацый. Урачыстасці, як пісалася ў віленскіх газетах, адбыліся ў сталіцы Вялікага Княства (не так шыкоўна, як у Нясвіжы, але на вельмі высокім узроўні), Мінску, Наваградку, Крожах (Жамойць). Вядома ж, і ў кожным іншым горадзе і мястэчку, дзе былі навучальныя ўстановы. 

І АПОШНЯЕ 

Гучнае святкаванне, якое закранула ўсё ВКЛ, пазней дало цікавыя парасткі. Прымушаная даказваць сваё высакароднае паходжанне шляхта пачала шукаць (і падрабляць) дакументы ад імя князёў і каралёў. Так у дваранскіх справах з’явіліся прывілеі Яна ІІІ, якімі ён “за мужна пралітую пад Венай кроў” даваў літвінам маёнткі і чыны. Але ж агульнавядома, што дзесяцітысячны вялікалітоўскі корпус на бітву не паспеў і пра перамогу даведаўся пад Кракавам. На думку гісторыка Яна Вісмера, прычына спазнення і далейшых дэмаршаў супраць караля, афронтаў — у тым, што нашым войскам кіравалі непрыхільна настроеныя да Яна ІІІ, аўстрыйцаў і немцаў вялікі літоўскі гетман Казімір Ян Сапега і польны гетман Ян Агінскі. Фактычна яны працягвалі лінію, закладзеную патрыётамі-аўтанамістамі Львом Сапегам або тым жа Янушам Радзівілам, які разарваў унію з Польшчай і заключыў новую са Швецыяй. 

Адзінае, што засталося ў Беларусі ў якасці напаміну пра незлічоныя венскія трафеі, — копія абраза Маці Божай Ларэтанскай. Ды яшчэ гістарычны анекдот, як у ВКЛ гучна, з выставай і патрыятычнымі воклічамі адзначалі юбілей бітвы, да якой нашы продкі не мелі дачынення. А ўвогуле, свята аказалася з “гарчынкай”. Бо аўстрыйцы і немцы, выратаваныя палякамі ды ўкраінцамі ад турэцкай навалы ў 1683-м, праз 90 гадоў распачалі дзяльбу польскаўкраінскіх земляў Рэчы Паспалітай (1772). Але ж было як было. 

Апісаныя падзеі могуць стаць нагодай для стварэння турыстычнага маршруту ў Нясвіжы. Тым больш сёлета юбілей — 240 гадоў з першай (ці адной з першых) публічнай выставы на беларускай зямлі! 

Зміцер ЮРКЕВІЧ