Якую каву любіў Вітаўт, або Пра карысць устойлівай міфалогіі

Апублiкавана: 25 сакавiка 2023 Стужка Традыцыі Мінск Гістарыёграф

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Зміцер

Кава. Хто б мог падумаць, што нейкія зялёныя зярняткі з пахам гароху, аднойчы прыгатаваныя нетрадыцыйным чынам, стануць каталізатарам глабальных, тэктанічных зрухаў у грамадскім жыцці? Што кава будзе ўлюбёным напоем мастакоў і навукоўцаў, палітыкаў і шахматыстаў, пісьменнікаў і музыкантаў? Што, перш чым чорная густая кава, нечым падобная да нафты, стане штодзённай патрэбай і модным напоем, ёй давядзецца прайсці праз перыяды жорсткай забароны, калі спажыўцоў каралі смерцю? Сёння мы распавядзем пра тое, якім пакручастым шляхам кава, крок за крокам, працерабілася да страўніка і сэрца беларуса.

НА МАЛОЙ РАДЗІМЕ 

Першаадкрывальнікі кавы

Першаадкрывальнікі кавы

Як вядома, кава і чалавецтва — землякі. Чалавецтва нарадзілася на землях сённяшняй Эфіопіі. Там жа была “адкрытая” і кава. Спярша як нейкая расліна, што прымушае хатніх жывёлак нястомна рухацца па афрыканскі прасторах. Першымі ж спажыўцамі кавы ў звычным фармаце напою, па ўсей верагоднасці, былі манахі эфіопскай праваслаўнай царквы, якія падбадзёрвалі сябе падчас начных набажэнстваў. Аднак менавіта гэта царква амаль на тысячу гадоў забараніла каву ў Эфіопіі. А потым легалізавала яе — напрыканцы ХІХ стагоддзя, калі зайшла гаворка пра тое, якую краіну лічыць радзімай кавы. Справа ў тым, што, пакуль эфіопы каву забаранялі, яна праз Емен распаўсюдзілася па ўсім свеце і трывала заняла адну з лідзіруючых пазіцый сярод самых папулярных напояў чалавецтва. 

ЛЕКІ І МАЛАКО ШАХМАТЫСТАЎ

Адкрыццё кавы здарылася каля 850 года нашай эры, але прайшло яшчэ некалькі стагоддзяў, перш чым яна пераў- тварылася ў культавы напой. Спярша кава распаўсюдзілася ў ісламскіх краінах, дзе лічылася лекам. Знакаміты арабскі лекар-паэт Авіцэна (Ібн-Сіна) прапісваў сваім пацыентам вельмі дарагую на тыя часы каву як сродак стымуляцыі жыццёвай моцы. Пазней, прыкмеціўшы сёе-тое, арабы прысвоілі каве ганаровы тытул “малака шахматыстаў і філосафаў”. Сюды ж можна было б дадаць і матэматыкаў, якім кава таксама спрыяла, бо пабуджала розум да аналітычнага мыслення. Праз гэта ў кавы і яе спажыўцоў і пачаліся праблемы. Усё таму, што месцы, дзе збіралася шмат разумных людзей, заўсёды выклікалі падазрэнні. Мячэты для свецкіх размоў не падыходзілі. Корчмы лічыліся не самым чыстым месцам у мусульман. Заставаліся кавярні, дзе можна было закрануць самыя злабадзённыя тэмы. Гэтыя клубы, дзе штодня збіраліся людзі самага рознага паходжання і статусу, і кава як каталізатар іх узнікнення, не раз траплялі пад забарону. Здаралася, што асабліва зацятых барыста і каваманаў зашывалі ў скураны мех ды кідалі ў бурлівыя воды. Першая кавярня, мяркуецца, была адкрытая ў 1554 годзе ў Канстанцінопалі ўраджэнцамі Алепа і Дамаска. Адкрываліся і закрываліся яны ў Мецы, Каіры ды многіх іншых гарадах, дзе панаваў іслам, пакуль на сцэне не з’явіліся колішнія вызваліцелі Труны Гасподняй. 

МАЛЬТА, РЫЦАРЫ І ПАПА РЫМСКІ

Вельмі распаўсюджанае сцвярджэнне, што кава трапіла ў Еўропу дзякуючы перамозе хрысціянскага войска над туркамі пад Венай у 1683 годзе і што першую кавярню ў Вене адкрыў Ежы Францішак Кульчыцкі. Насамрэч “першаадкрывальнікам” быў армянін Ёган Дэадат. Згодна з прывілеем імператара Леапольда ад 17 студзеня 1685 года, армянскаму купцу і кур’еру (і шпіёну) дазвалялася 20 гадоў прадаваць каву ў сваім доме. Аб гэтай значнай падзеі сведчыць і мемарыяльная дошка, усталяваная ў аўстрыйскай сталіцы. Нібыта толькі праз год яшчэ траім разведчыкам, у тым ліку і Кульчыцкаму, было дазволена займацца тым жа. 

Кавярня па-ўсходняму

Кавярня па-ўсходняму

Яшчэ ў 1565-м у палон да рыцараў Мальтыйскага ордэна (былых гаспітальераў, што атабарыліся на востраве Мальта і змагаліся з піратамі ў Міжземным моры) патрапілі туркі, якія на той час ужо і дня не маглі пражыць без кавы на сняданак. Так, праз пасярэдніцтва заклятых ворагаў, да кавы прынадзіліся першыя еўрапейцы. У 1583 годзе нямецкі батанік Леанард Раўвольф пазнаёміўся з кавай і першым з еўрапейцаў зрабіў апісанне гэтай расліны. Нататкі батаніка зацікавілі венецыянскіх гандляроў, адчувальных да навінак. Але ж шырокаму распаўсюду кавы ў хрысціянскім свеце замінала тое, што да таго часу яна лічылася “варожым напоем”. І тады на дапамогу каве прыйшоў Папа Рымскі Клемент VIII. Пакаштаваўшы напой, ён заявіў, маўляў, шкада пакідаць асалоду ад напою толькі няверным. Венецыянскія купцы пачулі голас Папы і актыўна ўзяліся за папулярызацыю чарговага стымулятара. Здарылася тое каля 1600 года. А ўжо ў 1645-м у Венецыі квітнела некалькі кавярняў. 

СУД НАД КАВАЙ І 1001 ПАРЫЖСКАЯ НОЧ 

У Францыю кава трапіла ў 1654 годзе праз знакаміты марсэльскі порт, услаўлены ў стагоддзях раманам “Граф Монтэ-Крыста” і стужкай “Таксоўка”. Порт прымаў караблі з усіх куткоў свету, і таму попыт на каву існаваў. З’яўленне першых “кавярняў”, якія хутка сталі досыць папулярнымі, выклікаў галасы незадавальнення ва ўласнікаў “вінярняў”. Пачалася ажыўленая барацьба за месца пад сонцам і “душу спажыўца”. Скончылася ўсё судом над кавай, на якім карумпаваныя аптэкары абвясцілі каву лекам, якому месца ў аптэках. Але прагрэс спыніць немагчыма. У 1669-м кава прыходзіць у Парыж. У адрозненне ад Марсэля, дзе яе фанатамі былі мяшчане і мараходы, у Парыжы яна спярша стала напоем арыстакратыі. А паспрыяў гэтаму турэцкі пасол Суліма Ага, які акурат у гэты час падштурхоўваў караля Людовіка XIV (сябра д’Артаньяна і трох мушкецёраў) да саюзу супраць немцаў. Пасол наладзіў у сваёй рэзідэнцыі такія шыкоўныя баляванні, што зачараваная ўсходнім каларытам французская арыстакратыя прыняла каву адразу і назаўжды. І хоць першая кавярня афіцыйна была адкрытая толькі ў 1672 годзе армянінам Паскалем, рэвалюцыянерам кавярнага бізнесу, ужо напрыканцы стагоддзя толькі ў Парыжы кавярняў было каля дзвюх тысяч. 

КАВА НЕ ДЛЯ ПАТРЫЁТАЎ 

Першая кавярня ў Нямеччыне адкрылася ў партовым Гамбургу ў 1671 годзе. Натуральна, напой прыжыўся. Але бюргеры старой школы каву не прынялі, у чым іх падтрымалі і некаторыя з князёў, выдаючы забарону на ўжытак кавы. Цікава, што такія забароны з’яўляліся і праз сто гадоў. Напрыклад, ландграф гесэнскі Фрыдрых, заснавальнік Акадэміі мастацтваў, у 1766-м выдаў пастанову, якой забараніў і адкрытае, і таемнае спажыванне кавы. Гэтая забарона дзейнічала дваццаць гадоў. У 1777-м прускі кароль Фрыдрых Вялікі выдае такую ж пастанову. Абурэнню караля не было межаў. “Мой народ мусіць піць піва… Многія баталіі былі праведзеныя і вый- граныя салдатамі, ускормленымі півам, але кароль не можа разлічваць на салдат — аматараў кавы, калі трэба вытрымаць выпрабаванні і перамагчы непрыяцеля”. Сапраўды, для такога ваяўнічага караля, якім быў Фрыдрых, цвярозыя і разважлівыя салдаты былі хутчэй пагрозай, чым паплечнікамі ў агрэсіўных войнах. Нагадаем, што мінула толькі пяць гадоў, як Фрыдрых паўдзельнічаў у першым падзеле Рэчы Паспалітай. 

Пакуль кіраўнікі нямецкіх земляў выступалі супраць кавы, на яе абарону сталі творцы. Першая кафейная кантата з’явілася ў 1716 годзе (у Францыі зборнік кававых кантат выйшаў у 1703-м). Аўтар музыкі застаўся невядомым, а словы напісаў юрыст-кампазітар Готфрыд Краўзэ. У 1734 годзе на замову лейпцыгскага гандлёвага дому Цымерманаў Ёган Себасцьян Бах піша сваю кантату, якая нямала паспрыяла распаўсюду кавы, бо была нібыта голасам маладых немцаў, што не бачылі сэнсу ў жыцці без кавы. Яшчэ адзін вялікі аматар напою — кампазітар Людвіг ван Бетховен, які лічыў, што ў кубку ідэальнай кавы павінна быць 60 зярнятак, не больш і не менш, таму, пэўна, сам лічыў і варыў. 

ШВЕДСКІ ЭКСПЕРЫМЕНТ

Няўхвальна сустрэў каву і кароль Швецыі Густаў ІІІ. У 1746 годзе ён выдаў указ, якім уводзіў велізарныя па- даткі на спажыванне кавы. А крыху пазней узяў ды ўвогуле забараніў гэты напой, што прывяло да росквіту кантрабанды і арганізаванай злачыннасці. Каб давесці, што кава шкодзіць здароўю, Густаў ІІІ санкцыянаваў эксперымент над двума братамі, асуджанымі на смерць за забойства. Аднаму штодня давалі гарбату, другому каву. Абодва перажылі караля, які быў забіты ў 1792-м, і лекараў-эксперыментатараў. Першым з братоў памёр той, хто піў гарбату (83 гады). Колькі яшчэ пражыў другі брат, даследчыкі пакуль не ўстанавілі.

ЖАНЧЫНЫ І КАРОЛЬ — СУПРАЦЬ КАВЫ 

К 1650 году дасягнула кава і Англіі. У 1652-м турак Паска Розі адкрыў у Лондане першую кавярню. Праз паўстагоддзя іх было толькі ў сталіцы каля дзвюх тысяч. Кавярні сталі настолькі папулярныя, што зрабіліся “незаменным сацыяльным інстытутам гарадскога жыцця сталіцы” (як і ў іншых краінах). Абураныя жанчыны, якіх не дапускалі ў клубы і якія не ўдзельнічалі ў спрэчках аб гістарычных калізіях і культурных дасягненнях, а таму фактычна не бачылі сваіх мужчын, у 1674 годзе выступілі з “Петыцыяй супраць кавы”. Апошні пункт яе сцвярджаў, што “кавярні прывядуць да знікнення ўсяго чалавечага роду”. Кароль Карл ІІ стаў на бок жанчын і падрыўную дзейнасць кавярняў забараніў. Праўда, каб не атрымаць грамадзянскай вайны, неўзабаве падтрымку адклікаў, бо філіжанка цярплівасці мужчын гатова была даць моцную расколіну. Праз 40 гадоў у Лондане налічвалася каля 3000 кавярняў. 

КАВА ПА-ПОЛЬСКУ 

У Рэч Паспалітую Дзвюх Нацый кава, як і трэба было чакаць, трапіла са спазненнем. У1670 годзе Ян Морштын напісаў элегію, з якой адукаваныя колы грамадства даведаліся пра новы напой. Спярша кава не прыпала да густу палякам (горкая, нясмачная, “шкодная”). Пэўна, таму першая кавярня (кафенгаўз) з’явілася толькі напачатку XVIII стагоддзя — у партовым Гданьску (Данцыгу). У Варшаве ж першую кавярню адкрыў у 1724 годзе француз Дзювал (у 1844-м іх было ўжо каля 180). 

Недзе ў Рэчы Паспалітай. З успамінаў Яна Пасека. Мастак Ян Вільчынскі

Недзе ў Рэчы Паспалітай. З успамінаў Яна Пасека. Мастак Ян Вільчынскі

Спрабавалі папулярызаваць каву сваімі творамі ўсходазнаўца Тадэвуш Крусінскі і князь Адам Чартарыйскі, які выдаў у 1779 годзе камедыю “Кава”. У 1795-м у Варшаве выйшла вельмі цікавая і каштоўная брашура, у якой прыводзілася гісторыя кавы, парады па культывацыі і спажыванні. А перад тым, наконадні паўстання 1794 года, у Варшаве з’явіўся “Дом кавы”, у якім збіраліся прадстаўнікі г.зв. клуба якабінцаў, будучых кіраўнікоў паўстання ў Польшчы і Вялікалітве, нашы суайчыннікі — Тадэвуш Касцюшка, Якуб Ясінскі ды іншыя. 

КАВА ПА-КАЗАЦКУ 

На паўднёвых землях Рэчы Паспалітай кава стала вядомая ўжо ў XVI стагоддзі. І гэта цалкам зразумела, бо па-суседстве было Крымскае ханства, якое мела шчыльныя стасункі з Асманскай імперыяй. Багдан Хмяльніцкі ў сваіх запісах згадвае, як у 1654 годзе ён атрымаў каштоўныя падарункі ад патрыярха Макарыя ІІІ, сярод якіх была і кава. У 1672-м з’явіліся і першыя кавярні — праўда, у акупаваным туркамі Камянцы-Падольскім. Кіеў з кавай пазнаёміў шатландскі афіцэр Патрык Гардон. Знайшлося месца каве і ў запісах казацкіх старшыняў — гетманаў Івана Мазепы і Піліпа Орліка. Апошні, дарэчы, наш зямляк з Вілейшчыны і аўтар першай украінскай канстытуцыі (1719). Чым не “нулявы беларус-каваман”? 

ВЯЛІКАЛІТОЎСКІЯ РЭАЛІІ 

Думаецца, як маскоўцы (з кавай як лекам ад “головоболений” яны пазнаёміліся ў часы Аляксея “Ціхмянага”, бацькі Пятра І), так і нашы продкі даведаліся пра новы напой у XVI—XVII стагоддзях. Зразумела, першымі былі гандляры, ваяры і магнаты, больш мабільныя, чым прыкутыя да сахі сяляне. Толькі звестак пра каваманаў тых часоў пакуль не знойдзена. Той жа Піліп Орлік вёў свой дзённік у пачатку XVIII стагоддзя. У 1733 годзе, як згадвае гісторык Алег Дзярновіч, пінскі біскуп Юры Булгак “выдаткоўваў на закуп кавы суму, роўную чвэрці выдаткаў на віно”. З гэтай згадкі можна меркаваць, што кавай біскуп захапляўся здаўна. У 1765-м у Слоніме, які належаў Міхалу Казіміру Агінскаму і слыў “сталіцай муз”, з’явіўся першы кафенгаўз (другі, двухпавярховы, у 1780 годзе). Нясвіжу, некаранаванай сталіцы ВКЛ, атрымаць пальму першынства, хутчэй за ўсе, перашкодзіла тое, што Караль Радзівіл Пане Каханку акурат у сярэдзіне 1760-х падаўся ў першую эміграцыю, і пакуль Агінскі развіваў прамысловасць і рассоўваў культурныя далягляды гістарычнай Літвы, Радзівіл грэбліва піў каву ў Турцыі і Нямеччыне. У тых жа 1770—1780-х кафенгаўзы з’явіліся ў Паставах і Горадні. Паспрыяў гэтаму Антоній Тызенгаўз, які актыўна заняўся эканамічнымі рэформамі ў Вялікім Княстве. Дадам, што галоўнымі спажыўцамі кавы пры магнацкіх дварах былі, думаецца, замежныя акцёры, дырыжоры, спевакі: кава ўваходзіла ў спіс абавязковых прадуктаў, якія артысты замаўлялі сваім патронам. Таму і даводзілася Пане Каханку, пасля вяртання з другой эміграцыі ў 1780-х, час ад часу купляць ледзь не па паўтонны кавы (800 фунтаў) і амаль столькі ж цукру (100 галоў). Ёсць звесткі, што калі ў 1784-м у Нясвіжы пабываў кароль Станіслаў Панятоўскі, то падчас наведвання кляштара бенедыктынак ён ахвяраваў ім “дзве бочкі салодкага (дамскага) віна, дзесяць цэнтнераў кавы, 100 галоў цукру”. Як бачым, кава сапраўды стала нафтай-палівам культурнага і грамадскага жыцця. 

Кававая кантата Ёгана Себасцьяна Баха

Кававая кантата Ёгана Себасцьяна Баха

Хоць Вялікалітва і стала на рэйкі прагрэсу адной з апошніх, за тое ў ёй не было нейкіх гучных працэсаў супраць спажыўцоў кавы. Нікому галовы не рубілі, у скураныя мяхі не зашывалі і ў воды Нёмана не кідалі. Цішком, на мякенькіх лапах, з магнацкіх двароў кава распаўсюдзілася на шляхецкія сядзібы і фальваркі, а адтуль трапіла ў мяшчанскія дамы і пад сялянскую страху (часам у выглядзе эрзац-кавы з жалудоў, аўса, пшаніцы і ўсяго іншага, што падыходзіла). 

У ІХ БАЛЬЗАК, У НАС МІЦКЕВІЧ 

Знакаміты пісьменнік Анарэ дэ Бальзак, як вядома, быў праўдзівым каваманам. За сваё жыццё ён, па самых сціплых ацэнках, выпіў каля 50 000 кубкаў кавы. А колькі з’еў пражаных кававых зерняў — і не злічыць. Менавіта гэтай апантанасці ён і абавязаны неверагоднай колькасцю напісаных ім раманаў. Адам Міцкевіч быў такім жа фанатам напою. Залежнасць павялася са студэнцкіх часоў, калі ранішняя кава стала пэўным рытуалам, а кава ў кавярні многім студэнтам, па беднасці, замяняла абед і вячэру. Пішучы ў Коўне “Дзядоў”, як сведчаць відавочцы, Міцкевіч жыў толькі кавай і люлькай, чым уганяў у роспач сяброў, якіх непакоіў стан здароўя паэта. Пазней у Парыжы, падчас стварэння паэмы “Пан Тадэвуш”, Адам Міцкевіч натхняўся не жалудовай, але праўдзівай французскай кавай. Паэт увогуле ўвядзе каву на старонкі паэмы і апіша працэс прыгатавання і спосабы ўжытку гэтага духмянага напою на сваёй радзіме, Наваградчыне. Дарэчы, у беларускіх перакладах героі паэмы ўжываюць каву то са смятанкай (па-польску “смятанка” — вяршкі), то са смятанай, то з вяршкамі. 

ПАПУЛЯРЫЗАТАРЫ 

У ХІХ стагоддзі кава настолькі акліматызавалася на нашых землях, што цяжка знайсці аўтара, які б не даў ёй прарасці праз старонкі сваіх твораў. Шмат разоў яе (улучна з мясцовым рэцэптам прыгатавання) згадвае Ігнат Ходзька, прадстаўнік клана пісьменнікаў з Вілейшчыны- Смаргоншчыны. Нагадвае ў “Гавэндах Сапліцы” пра яе існаванне Генрык Жавускі, сваяк Рэйтанаў і Радзівілаў, швагер Анарэ дэ Бальзака. Жыхарка Барысаўшчыны Ганна Цюндзявіцкая, аўтарка бестселера-падручніка “Літоўская гаспадыня”, таксама, як праўдзівы барыста, распавядае пра сакрэты гатавання вялікалітоўскай кавы. 

Што самае цікавае і важнае, кава і ў нас, і ў іншых еўрапейскіх дзяржавах стала (і застаецца) сродкам камунікацыі ў першую чаргу творчых асоб — мастакоў, паэтаў, пісьменнікаў, музыкантаў. І ў некаторых гарадах і да сёння стаяць кавярні, дзе пад каву стваралі знакамітыя на ўвесь свет пісьменнікі ды паэты. Нам у гэтым плане пашанцавала значна меней. Камяніц у нашых гарадах было не так шмат, а пажараў не злічыць. Таму месцы, дзе правілі музычныя партытуры Дамінік Стэфановіч і Фларыян Міладоўскі, або Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч перакладаў на беларускую мову “Пана Тадэвуша”, або бацька і сын Кажынскія абмяркоўвалі новыя тэатральныя пастаноўкі на мінскай сцэне, наўрад ці мы зможам наведаць. Ну то, можа, хоць ушануем іх памяць у назовах кавярняў, якіх сёння ў сталіцы мо ўжо і тысячы? Так, дарэчы, зрабілі ў Гродне, назваўшы кавярню “Тызенгаўз” — у гонар заснавальніка першай гродзенскай кавярні. 

ВІТАЎТ І КАВА 

Вядома ж, Вітаўт не быў каваманам. У яго часы на нашых землях у вялікай пашане была поліўка з ковенскага мёду. З ёй, праз пасярэдніцтва караля Ягайлы і яго жонкі, пазнаёміліся і палякі. Ды так упадабалі, што кошт ковенскага мёду скокнуў у разы. Легенду пра гэтае запазычанне больш падрабязна і вобразна прывёў у сваёй аповесці “Літоўскія прыгоды” яшчэ адзін наваградзец — Ігнат Яцкоўскі, пісьменнік, паўстанец і добры знаёмы Адама Міцкевіча. На завяршэнне… Гісторыя беларускай кавы хоць і пішацца штодня, аб чым сведчаць публікацыі і нават гайды ад нашых гісторыкаў і даследчыкаў, але ж да моманту, калі на паліцах “Акадэмкнігі” з’явіцца важкі том манаграфіі, шлях, як падаецца, ой які няблізкі. Шкада, бо гісторыя кавы сама па сабе вельмі цікавая, а яе беларускае адгалінаванне абяцае шмат прыхаваных сюрпрызаў. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ