Чым прывабіць чытача?

Апублiкавана: 24 сакавiка 2023 Стужка Афіцыйна Мінск Соцыум

Аўтар: РУДАК Антон

Лічбавізацыя, работа ў сацыяльных сетках ды інклюзіўныя ініцыятывы — новыя тэндэнцыі ў рабоце бібліятэчнай сістэмы краіны. Аб ключавых праектах і мерапрыемствах, а таксама асноўных дасягненнях і напрамках дзейнасці размаўлялі прадстаўнікі ўстаноў з розных куткоў Беларусі падчас нядаўняй сустрэчы ў Доме прэсы. 

Як паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Алена Беразоўская, сёння ў краіне дзейнічаюць 2264 бібліятэкі, з іх у сельскай мясцовасці знаходзяцца 1765. У аддаленых і маланаселеных пунктах развіваюцца формы нестацыянарнага абслугоўвання, для насельніцтва працуюць 106 бібліобусаў. Колькасць карыстальнікаў бібліятэк сёння складае 2 711 242 чалавек, а бібліятэчны фонд налічвае каля пяцідзесяці мільёнаў адзінак. 

ДОСТУП БЕЗ МЕЖАЎ 

Загадчык сектара навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Анастасія Маслоўская падкрэсліла, што асноўнай тэндэнцыяй развіцця сучасных бібліятэк можна назваць курс на іх лічбавізацыю. У дзяржпраграме “Культура Беларусі”, якая, сярод іншага, вызначае задачы і мэты функцыянавання бібліятэчнай сеткі, вялікая ўвага надаецца стварэнню нацыянальнага лічбавага кантэнту. У кожнай вобласці краіны ўзнікаюць рэгіянальныя цэнтры па алічбоўцы дакументаў, набываецца спецыялізаванае абсталяванне для сканавання, створаны каардынацыйны цэнтр у гэтай галіне дзейнасці, у які ўваходзяць кіраўнікі абласных і рэспубліканскіх бібліятэк. 

Дом Элізы Ажэшкі ў Гродне

Дом Элізы Ажэшкі ў Гродне

З найбольш буйных і паспяховых праектаў можна згадаць віртуальную чытальную залу, якая паўстала на базе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і дазваляе атрымліваць доступ да электронных рэсурсаў навуковай і адукацыйнай інфармацыі. Таксама вядзецца работа па напаўненні зводнага электроннага каталога, што налічвае ўжо дзевяць мільёнаў запісаў і ўтрымлівае інфармацыю аб фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук, Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі і Прэзідэнцкай бібліятэкі. Таксама развіваюцца рэгіянальныя зводныя каталогі, створаныя на базе кожнай вобласці, якія агулам налічваюць сёння каля 4,3 мільёнаў запісаў. Задачай нумар адзін застаецца стварэнне нацыянальнай бібліятэчнай платформы на аснове воблачных тэхналогій, што дазволіць інтэграваць усе масівы лічбавага кантэнту. 

ПАМЯЦЬ ПРА ПАПЯРЭДНІКАЎ 

Загадчык аддзела чытальных залаў Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна Кацярына Вярхоўская падзялілася досведам узаемадзеяння з чытацкай аўдыторыяй. Вялікую ролю тут адыгрываюць клубныя аб’яднанні, якія дзейнічаюць пры бібліятэцы і дапамагаюць яе карыстальнікам рэалізаваць свой творчы патэнцыял. На базе аддзела замежнай літаратуры дзейнічае размоўны клуб дэбатаў па вывучэнні англійскай мовы, а пры аддзеле дзіцячай і юнацкай літаратуры працуе спартыўна-гульнявы клуб “Шахмататэка”. Адзін з найбольш адметных і маштабных праектаў у анлайн-прасторы мае назву “Пісьменнікі — ураджэнцы роднага краю” і аб’ядноўвае бібліятэкі ўсёй вобласці. У яго рамках нядаўна адбыўся анлайн-конкурс чытальнікаў вершаў “Пад зоркай Венеры”, у якім прынялі ўдзел амаль тысяча восемсот дзяцей. 

Дырэктар Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Труса Аксана Драчан таксама звярнула ўвагу на работу па папулярызацыі творчасці беларускіх літаратараў. Пры бібліятэцы дзейнічае літаратурна-мастацкая гасцёўня “У Паўлюка”, дзе можна пазнаёміцца з разнастайнымі краязнаўчымі выданнямі, кніжнымі выставамі, калекцыяй рукапісаў і архіўных дакументаў, звязаных з жыццёвым і творчым шляхам не толькі Паўлюка Труса, але і такіх аўтараў з Уздзеншчыны, як Алесь Махнач, Лідзія Арабей і Даір Слаўковіч. Таксама тут створаны куток працоўнай і баявой славы бібліятэкараў Уздзенскага раёна. Вялікая даследчая работа праведзеная па выяўленні дакументальнай спадчыны драматурга і празаіка Алеся Махнача, які быў удзельнікам абароны Брэсцкай крэпасці, а пасля вайны працаваў на Уздзеншчыне бібліятэкарам і пакінуў аб гэтым цікавыя ўспаміны. 

АДКРЫТЫЯ ДЛЯ ЎСІХ 

Намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Віцебскай абласной бібліятэкі Вольга Камендатава распавяла пра інклюзіўны праект “Дакраніся”, у рамках якога ўдзельнікі ствараюць тактыльныя полісэнсорныя кнігі для дзяцей з праблемамі зроку. У перспектыве плануецца таксама выраб кніг шрыфтам Брайля, а ў далейшых планах — прымяненне для стварэння элементаў тактыльных кніг 3D-прататыпавання. 

Адна з кніг праекта “Дакраніся”

Адна з кніг праекта “Дакраніся”

Дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага Марына Ігнатовіч, прадстаўляючы сваю ўстанову, адзначыла, што гэта найстарэйшая публічная бібліятэка краіны, яе гісторыя налічвае амаль два стагоддзі. Подых гісторыі падкрэсліваецца яшчэ і тым, што ўсе чатыры будынкі, якія займае ўстанова, з’яўляюцца помнікамі архітэктуры і ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, сярод іх і знакаміты дом Элізы Ажэшкі, дзе пісьменніца пражыла шаснаццаць гадоў. Каб прывабіць чытачоў, бібліятэка ладзіць пазастацыянарныя формы работы ў рамках праекта “Кніга кожнаму — кніга да кожнага”, абслугоўваючы супрацоўнікаў сямнаццаці прадпрыемстваў горада. А ў рамках праекта “Знаёмы незнаёмы Гродна” распрацаваныя ўжо восем тэматычных маршрутаў па горадзе. 

А намеснік дырэктара Петрыкаўскай сеткі публічных бібліятэк Святлана Яжкова распавяла аб досведзе прамоцыі чытання ў сацыяльнай сетцы TikTok. Акаўнт установы мае ўжо адзінаццаць тысяч падпісчыкаў, і ролікі з удзелам бібліятэкараў збіраюць ад дзвюх тысяч да соцень тысяч праглядаў. Усё гэта дапамагае абвергнуць стэрэатыпы аб супрацоўніках бібліятэк, якія насамрэч праяўляюць сябе зусім не як сумныя-нудныя, а як вельмі крэатыўныя ды адкрытыя людзі. Як выглядае, сакрэт поспеху сёння палягае ў актыўным узаемадзеянні з патэнцыйнымі чытачамі як у рэальнай, так і ў віртуальнай прасторы. Бібліятэкі не чакаюць лепшых часоў, а самі ідуць да чытача, актыўна прапаноўваючы самыя нечаканыя актыўнасці, здольныя зацікавіць кожнага. 

Антон РУДАК 

Фота з сайта ўстаноў