Ярмакі. Месца сілы

Апублiкавана: 30 сакавiка 2023 Стужка Народная творчасць Мінск Iнтэрв'ю

Аўтар: Аўтары

Нават у самы пахмурны дзень, калі дрэвы стаяць яшчэ голыя, Ярмакі ўмудраюцца выглядаць прывабна. Хто лепш, як не чалавек творчы, можа годна ацаніць гэтае месца? А калі прыходзіць адчуванне, што тут жыве дух тваіх продкаў, то гэты маляўнічы куток становіцца асабліва дарагім. Бясцэнным! 

У хаце, дзе пасяліўся Яўген Сліж, жылі яго бабуля і дзядуля па кудзелі, Яўгіння і Міхась Скопецы. Хаце — сем дзясяткаў гадоў. Частка яе — перавезеная з Крэва, другая — дабудаваная. Колькі гэтае жытло пабачыла-перажыло! А колькі яшчэ перажыве… 

Некалі Яўгенава бабуля гаварыла: “Прадавайце хату хоць за тысячу”. Але ён настойліва адмаўляўся: “Ні ў якім разе! Я прыеду сюды жыць!” Наўрад бабуля ў гэта паверыла, але хату не прадала. 

ШЛЯХ ДА МАРЫ 

Яўген родам з Маладзечаншчыны, з Сасновага Бору. “Калі я быў школьнікам, любіў ляпіць з пластыліну, майстраваў з дрэва лукі , рагаткі і нават караблі, — успамінае мой суразмоўца. — Усе канікулы праводзіў у Ярмаках. Бабуля гэта месца называла “Ярмацкая тундра”. Дзе б я ні быў, увесь час у маёй памяці — велізарныя ярмацкія ліпы і клёны: ідзеш па вуліцы, як па тунэлі, з гары глядзіш — за багатай лістотай дрэў нават стрэх не відаць, толькі антэны тырчаць. Дубы, калі на іх узбіраешся і раскачваеш галінкі, становяцца самалётамі ці караблямі. 

Тут быў ідэальна роўны брук, які разбілі напрыканцы мінулага стагоддзя, калі пачалі рэзаць лес. А між іншым, па гэтым бруку столькі людзей і коней з вазамі прайшло. Па гасцінцы да Крэва, напрасткі, — зусім блізка, каля шасці кіламетраў”. 

Скончыў школу Яўген у Маладзечне, потым — Вілейскае вучылішча. Атрымаў спецыяльнасць разьбяра па дрэве, тры гады адпрацаваў на Маладзечненскай мэблевай фабрыцы. Выразаў розныя элементы аздаблення да мэблі. Работнікі выконвалі і іншыя заказы: напрыклад, рабілі царскія вароты ў саборы Успення Прасвятой Багародзіцы. Напрыканцы 1990-х на фабрыцы былі ледзь не найлепшыя заробкі ў горадзе. 

Разьба па дрэве вельмі захапіла хлопца, ён пачаў выразаць невялікія скульптуры. Калі гэту зацікаўленасць убачыў старэйшы калега Віктар Чупрын, параіў хлопцу запісацца на заняткі малявання. 

У Маладзечне на той час была выдатная мастацкая студыя пры Доме культуры. У ёй займаліся людзі рознага ўзросту. Яўген накіраваўся туды. Працаваў на фабрыцы, а пасля работы спяшаўся на заняткі. У атмасферу, дзе панавала Яе Вялікасць Творчасць. 

“Памятаю, у 1999 годзе мы зладзілі пленэр у Ярмаках. Было 12 чалавек. Не толькі тыя, хто займаўся ў студыі, але і хто вучыўся ў Акадэміі мастацтваў, ва Універсітэце культуры, у Глебаўцы (Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя Аляксея Глебава. — аўт.). Два тыдні мы спалі на сене, у садзе на вогнішчы гатавалі ежу. І, безумоўна, малявалі. Не толькі ярмацкія краявіды. Выбіраліся ў суседнія вёскі, у тым ліку ў Крэва, на замчышча. Вечарам бабуля з дзядулем распавядалі нам даўнейшыя гісторыі, — усміхаецца мой суразмоўца. — Выкладаў у студыі вельмі цікавы мастак Анатоль Акулік, з якім мы і дагэтуль сябруем. Менавіта ён прапанаваў мне паступаць у Глебаўку. Сумяшчаць заняткі з працай было няпроста. Я вырашыў звольніцца з фабрыкі. Бацькам быў незразумелы мой выбар: дзеля чаго трэба кідаць працу, якая прыносіць добрыя грошы?” 

МАСТАЦТВА СКУЛЬПТУРЫ І… УШУ 

У 2000 годзе Яўген паступіў у Глебаўку. Вучыўся працаваць з дрэвам, металам, каменем. Скончыў — і адразу накіраваўся ў Санкт-Пецярбургскую дзяржаўную мастацка-прамысловую акадэмію імя Аляксандра Штыгліца. 

— Надзвычай насычаны час, — кажа Яўген. — Калі вучышся на мастака ці скульптара, то, па сутнасці, жывеш у майстэрні. Да таго ж з першага курса акадэміі пачаў працаваць. У асноўным гэта былі рэстаўрацыйныя работы. Мы супрацоўнічалі з вядомым піцерскім рэстаўратарам Львом Шыфрынам, пад кіраўніцтвам якога ў Санкт-Пецярбургу было адноўлена некалькі мільёнаў квадратных метраў гістарычных будынкаў. Мы ўзнаўлялі фасадную скульптуру, ляпніну. Працавалі на многіх аб’ектах, адзін з якія — Галоўнае Адміралцейства. Пасля вучобы застаўся ў Піцеры. Працаваў і тварыў, свае працы прэзентаваў на фестывалях па скульптуры. Тут пачаў асвойваць і кавальскую справу. Займаўся гэтым у кузні Фёдара Пушкарова. Праца з металам і агнём… Сапраўдная магія. 

У Ярмаках захаваўся драўляны крыж, які стаіць з часоў Вялікай Айчыннай вайны. Яго стварыла мясцовая моладзь за ноч. Дубовы крыж на перамогу выразалі хлопцы, а дзяўчаты саткалі да яго ручнік.

У Санкт-Пецярбургу Яўген захапіўся яшчэ і… кітайскім баявым мастацтвам — ушу. Калі вучыўся на другім курсе, патрапіў на заняткі да кітайскіх трэнераў — і зацягнула. “Неўзабаве з групай аднадумцаў я апынуўся ў Кітаі. Спыніўся ў правінцыі Шаньсі. Пашанцавала патрапіць у святую святых, да патрыярха стылю, якому на той час было 89 гадоў. Вельмі жвавенькі дзядок, з ясным розумам. Дому, у якім мы жылі, было гадоў 200. І лад жыцця з таго часу не змяніўся: гатавалі на вуглях, елі простую ежу. Пачынаючы з 2009 года я час ад часу выязджаў у Кітай спазнаваць мастацтва ушу. 

Вялікая колькасць медалёў, якія Яўген прадэманстраваў, яскрава расказала пра поспех і вялікую колькасць спаборніцтваў, у якіх удзельнічаў. 

Адначасова ён знаёміўся з культурай краіны, вывучаў кітайскую мову. 

ХІБА НЕ РАЙ? 

У Ярмаках хлопец бываў рэдкімі наездамі. Але ўсё больш задумваўся, што менавіта тут трэба пускаць свае карані. У 2017 годзе вырашыў у вёсцы прапісацца. Планаваў затрымацца, але восенню 2018-га яго запрасілі ў Чжэнчжоу — выкладаць скульптуру ва Усходнім міжнародным мастацкім інстытуце. Хто ведае, як бы склаўся далейшы лёс нашага героя, калі б не каранавірус. “Восенню 2019 года, яшчэ калі не гаварылі пра гэту хваробу ва ўвесь голас, мы на яе ўжо перахварэлі. Я таксама цяжка перанёс “карону”. Неўзабаве ў Кітаі пачаўся каранцін — і я вярнуўся ў Ярмакі. Увесь 2020 год тут прасядзеў бязвылазна. Крыху займаўся творчасцю, а збольшага — даводзіў да ладу хату і двор, — успамінае Яўген. — Потым пачаў выходзіць у людзі. Вясной 2021 года ўдзельнічаў у фестывалі бронзавай скульптуры (конкурс для прафесійных скульптараў), якая праходзіла ў Астрашыцкім гарадку. Стаў лаўрэатам. Усяго было 40 удзельнікаў, 3 месцы вызначаліся прызамі. Мой твор “Сон розуму нараджае пачвару” да прыза не дацягнуў, але яго купілі ў прыватную калекцыю. А нядаўна на выставу ў Піцер адправіў сваю камбінаваную работу “Філосаф”, зробленую з мясцовага валуна і дрэва (са строй ліпы вецер зламаў галіну)”. 

Творчасць жыве ў доме Яўгена. Тут стаіць каркас на будучую скульптуру, далей — фармуецца скульптура… Займаецца мой суразмоўца і кавальскай справай. На стале — нататнік з эскізамі каваных элементаў да вежыдазорцы ў Крэве. Разам з сябрам Аляксеем Патапенкам, кавалём, які жыве ў Панары, выраблялі аздабленне да новага турыстычнага аб’екта. 

Яўген з цікавасцю ўдзельнічае і ў розных мерапрыемствах, якія ладзяцца ў Крэўскім замку. На фестывалі “Кераміка Крэва” праводзіў майстар-класы па кавальскай справе. На адкрыцці вежы-дазорцы падчас тэатралізаванай імпрэзы быў у вобразе княжага егера. Вельмі арганічна гэты вобраз дапаўнялі два сабакі — дзевяцімесячныя аляскінскія маламуты Боба і Біба, якія перакачавалі ў Ярмакі з прытулку. На вясковых прасторах сабакі сябе цудоўна адчуваюць. 

Мой суразмоўца доўгі час знаходзіўся ў віры падзей, а ў Ярмаках так ціха. Пастаянна тут жывуць тры чалавекі: Яўген, яго 85-гадовая суседка баба Стася і Канстанцін Дземідовіч, які ўзнаўляе аграсядзібу “Зорка Крэва” паблізу замка. Пяць хат выкарыстоўваюцца пад лецішча. 

“Камусьці можа падацца, што мне тут сумна. А чаго мне сумаваць? — разважае творца. — Маю шмат планаў, у самых бліжэйшых — хачу зладзіць майстэрню. У мяне ёсць сябры, сабакі, інтэрнэт. А мастакі — такія людзі, якія заўсёды знойдуць сабе занятак. У рэшце рэшт, можна ўзяць меч, выйсці на падворак і пазаймацца. 

Да таго ж гэтае месца выдатнае для натхнення, якое прыходзіць ад прыгажосці наваколля, ад прыроды, ад людзей. Зранку глянеш удалячынь — алені стаяць ці лось выйдзе з кустоў. Зладзіш ранішнюю трэніроўку, заварыш кітайскага чаю, п’еш і глядзіш у вакно… Асабліва прыемна ўзімку. На вуліцы холадна, завіруха, а ты сядзіш у цяпле: печ топіцца, яловыя дровы патрэскваюць, назіраеш за птушкамі, якія прылятаюць да кармушкі, якую сам зрабіў і павесіў…” 

Хіба не рай? 

Галіна АНТОНАВА