Як Аляксандра саламяным павуком Казань скарыла

Сапраўдныя творцы здольныя заражаць навакольных сваім мастацтвам. І першымі пад гэта цудоўнае “апрамяненне” трапляюць блізкія. Ірына Кухціна — захавальніца старадаўняй традыцыі вырабу саламяных павукоў. Народны майстар Беларусі часта кажа, што ў яе дзве дачкі. Першая — Быхаўская дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў і мастацтваў, дырэктарам якой яна з'яўляецца. Другая — Аляксандра — дастойная пераемніца маці. Апошні тыдзень студзеня Ірына і Аляксандра правялі ў Казані. Што рабілі ў Татарстане беларускія майстрыхі і як гэта — жыць у сям'і, дзе пануе прыгажосць, — распавядае таленавітая дзяўчына. 

КОЛЬКІ ЖЫВУ — МАЛЮЮ 

Дзецям, якія мараць пра творчыя прафесіі, даводзіцца сутыкацца з непрыманнем іх выбару з боку бацькоў. Маўляў, трэба мець “больш сур’ёзны” або “прыбытковы” занятак. Аляксандры ў гэтым плане пашчасціла: 

— З самага дзяцінства вакол мяне было шмат рознай паперы і фарбаў: чыстыя белыя аркушы ў нас не залежваліся! Як толькі я навучылася трымаць аловак, адразу размалёўвала ўсё, што трапляла ў рукі. 

З першага класа дзяўчына пайшла ў мастацкую школу, дзе працавала яе маці. Але на адным маляванні не спынілася: іграла на цымбалах, спявала, танцавала, займалася плаваннем і валейболам. 

— Пазней ад некаторых хобі давялося адмовіцца. Не хапала ні часу, ні сіл. Цяпер аддаю ўсю сябе мастацтву, хаця любоў да валейбола засталася, — распавядае гераіня. 

СЛУХАЦЬ СЯБЕ І ТВАРЫЦЬ 

Аляксандра заўсёды адрознівалася ад іншых дзяцей. Цвёрды характар і трывалая перакананасць у тым, што стварэнне — аснова ўсяго, прымушалі яе шукаць свой почырк. 

— Я з маленства была вельмі ўпэўненай у сабе. Калі тлумачылі, як правільна маляваць, забірала ў настаўніка аловак і казала: “Я сама!” — смяецца гераіня. — І да гэтага часу засталося жаданне тварыць менавіта так, як адчуваю я, а не як хтосьці падказвае. Я не так, як усе, трымала ручку, пэндзлік і нават сталовыя прыборы. Мяне доўга спрабавалі перавучыць, але нічога не выйшла. Мне ўжо 19, але па-ранейшаму абапіраюся на персцянец, калі карыстаюся, напрыклад, алоўкам. 

КРЫХУ БОЛЬШ, ЧЫМ НЕАБХОДНА 

Размова пра тое, каб Аляксандра звязала сваё жыццё з чымсьці, акрамя малявання, у сям’і нават не ішла. Дзяўчына скончыла Дзіцячую школу мастацкіх рамёстваў і мастацтваў у родным горадзе, пасля дзявятага класа паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў, дзе пачаўся новы этап жыцця. Ужо на першым курсе стала стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. 

Здольная дзяўчына ніколі не здавольвалася малым, і яшчэ ў школьны час двойчы брала “срэбра” ў міжнародным конкурсе “Прыгажосць Божага свету”, які праходзіў у Маскве. 

— Першы раз мяне ўзнагароджвалі ў Храме Хрыста Збавіцеля, другі — на Краснай плошчы. Гэта адны з самых яркіх момантаў творчага жыцця. Яны сталі штуршком да далейшага развіцця, бо я зразумела: у мяне атрымліваецца! — узгадвае шчаслівыя імгненні наша гераіня. 

А летась Аляксандра стала студэнткай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. 

Разам з маці ды іншымі народнымі майстрамі яна ўдзельнічала ў розных выставах як у Беларусі, так і за мяжой. Пабывала ў расійскіх гарадах Курску, Яраслаўлі, у Рэспубліцы Дагестан. З’яўляецца заўсёдніцай айчынных фестываляў “Александрыя збірае сяброў” і “Вясновы букет”. 

— Я вельмі патрабавальная да сябе і сваіх работ. Але маляваць праз сілу нельга, бо нічога добрага не атрымаецца. Аднак кожны раз рабіць крыху больш, чым павінна была, — шлях да паляпшэння і трансфармацыі, — дзеліцца сакрэтам поспеху маладая мастачка. 

ПІСАЦЬ АДНО І ТОЕ Ж — СУМНА! 

Аляксандра — яркая і неардынарная асоба, і карціны цалкам адлюстроўваюць сваю стваральніцу. Яна не спыняецца на адным стылі, пастаянна спрабуе нешта новае. 

— Пісаць адно і тое ж — сумна! Я за разнастайнасць і крэатыўнасць, — тлумачыць сваю пазіцыю гераіня. — Важна рабіць тое, што хочацца ў дадзены момант. Тады пашчасціць зачапіць эмоцыю і максімальна дасканала перадаць яе на палатне. 

Нягледзячы на такі смелы падыход да сакральнага моманту стварэння карціны, Аляксандра не адмаўляецца ад выпрацаваных стагоддзямі асноў. Яна натхняецца работамі мастакоў эпохі Адраджэння, гадзінамі можа ўзірацца ў твары людзей на партрэтах. 

— Калі гляджу на творы Рэмбранта і Мікеланджэла, унутры ўсё замірае ад захаплення, — расказвае дзяўчына. 

Маладая мастачка не баіцца эксперыментаў і цяжкасцей. Яшчэ ў каледжы яе дыпломнай работай сталі тры метровыя карціны алеем. Цяпер яна перыядычна піша на замову, але працягвае ўдасканальвацца, упэўненая ў тым, што магчымасці для росту ніколі не сканчаюцца. 

МАРА, ЯКАЯ СПРАЎДЗІЛАСЯ 

Апошнюю нядзелю студзеня Аляксандра з маці правялі ў Казані. Туды іх запрасілі ў рамках мерапрыемстваў, якія ладзяцца з нагоды Года педагога і настаўніка ў Расійскай Федэрацыі, а таксама Года нацыянальных культур і традыцый у Рэспубліцы Татарстан. У лагеры “Байцік” праходзі- ла дабрачынная змена для дзяцей 11-14 гадоў па рэдкіх відах рамёстваў. Аляксандра і Ірына праводзілі заняткі па вырабе прадметаў з саломкі. 

— Для нас гэта было і валанцёрскай дзейнасцю, і адпачынкам. У Казані саломапляценне наогул не развітае, таму наш прыезд быў у навінку, глядзелі і слухалі са здзіўленнем, — сціпла распавядае пра вандроўку гераіня. 

І дадае шэптам: 

— Дзякуючы гэтаму запрашэнню я ўпершыню падарожнічала на самалёце! Спраўдзілася мая вялікая мара! 

Заняткі беларускіх майстрых па пляценні саламяных павукоў выклікалі ажыятаж сярод настаўнікаў і метадыстаў з розных устаноў адукацыі Татарстана. Спецыялісты ўважліва назіралі за стварэннем абярэгаў, слухалі гісторыю гэтай традыцыі на Быхаўшчыне. 

Пісаць адно і тое ж — сумна! Я за разнастайнасць і крэатыўнасць. Важна рабіць тое, што хочацца ў дадзены момант. Тады пашчасціць зачапіць эмоцыю і максімальна дасканала перадаць яе на палатне.

— Пасля майстар-класа падыходзілі тыя, хто не змог да нас патрапіць, і прасілі навучыць іх рамяству, — з усмешкай дзеліцца Аляксандра. 

І толькі калі задаволілі запыты ўсіх ахвочых педагогаў, нашы мастачкі змаглі выправіцца ў дзіцячы лагер. 

РЭЗКАЕ СТАЛЕННЕ 

Маці і дачка давалі ўрокі дзецям з другога і трэцяга атрадаў. Сваіх новых навучэнцаў Аляксандра ўспамінае з цеплынёй: 

— Я быццам зноў акунулася ў школьны час, толькі ў ролі настаўніка. Так дзіўна было чуць, як мне казалі “здравствуйте”, звярталіся на “вы”. 

Вядома, не ва ўсіх выхаванцаў хапіла цярпення, каб зрабіць традыцыйнага саламянага павука, але былі і тыя, каго сапраўды зачапіла незвычайнае рамяство. 

— Пасля заняткаў некалькі хлопчыкаў папрасілі ў нас узяць пару саломінак, каб паспрабаваць штосьці зрабіць самастойна. Гэта стала прыемнай нечаканасцю, — распавядае маладая мастачка. — Бачыць, як тваё захапленне прыносіць радасць іншым, — вялікае шчасце. 

Пра адораных людзей кажуць, што яны пацалаваныя Богам. Аднак часам здаецца, што для таго, каб выгадаваць яркага і таленавітага творцу, дастаткова пацалунку маці. Маці, поўнай натхняльнай энергіі і любві да сваёй справы. 

Ксенія ЗАРЭЦКАЯ